«Хаос можа працягнуцца»

Партыя незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства (Ukip), якая была фронтмэнам Brexit, 14 ліпеня пачала выбары новага лідара. Яго фігура шмат у чым вызначыць трэнды еўрафобскага руху, які набірае моц у краінах ЕС.


Пры любым стаўленні да Ukip, гэта, безумоўна, феномен, варты Кнігі рэкордаў Гінеса. Заснаваная ў 1991 годзе палітсіла ўмудрылася рэалізаваць сваю асноўную мэту — выхад Вялікабрытаніі са складу ЕС — усяго за пару дзесяцігоддзяў. Натуральна, можна дыскутаваць, наколькі «незалежнікам» дапамаглі ў гэтай справе торы, якія сітуацыйна падхапілі іх лозунгі. Аднак факт застаецца фактам: Ukip — адзіная раскручаная брытанская партыя, якая з самага пачатку выступіла за Brexit, за пазіцыю, якую ў выніку падтрымала большасць брытанцаў.

Праўда, гістарычны трыумф Ukip сапсавала адна навіна. Пасля пераможнага плебісцыту старшыня партыі Найджэл Фарадж — асноўны пратаганіст руху «незалежнікаў» — падаў у адстаўку. Свой крок палітык растлумачыў тым, што яго «палітычныя амбіцыі цалкам рэалізаваныя».



Разам с Найджэлам Фараджам нечакана вырашыў рэціравацца і яго намеснік. Гэта спрыяла інсінуацыям, быццам кіраўніцтва «незалежнікаў» спужаўся адказнасці. «Гэта тое ж самае, што разбіць машыну і збегчы з месца аварыі», — пракаментаваў адстаўку Фараджа адзін з лейбарыстаў.

Перад Ukip нечакана паўстала праблема лідарства, якую «незалежнікі» пачалі вырашаць 14 ліпеня. Выбары новага старшыні Ukip маюць шмат дадатковых важных аспектаў. Дэбаты кандыдатаў павінны адказаць на пытанне: ці маюць еўрафобы шанец ператварыцца з пратэстна-папулісцкіх партый у партыі палітычнага істэблішменту?

Такая пастаноўка задачы перш за ўсё прымушае выкарыстаць сітуацыйны інтарэс да Ukip з боку часткі электарату традыцыйных партый. У прэсе сцвярджалася, што колькасць патэнцыйных прыхільнікаў «незалежнікаў» сярод кансерватараў даходзіць да 30 працэнтаў. Тая ж сацыялогія сведчыць, што за Фараджа галасавалі шмат рабочых — электаральная база лейбарыстаў. Для пралетарыяў Brexit разглядаецца як спосаб вырашэння праблемы беспрацоўя за кошт забароны на працу для мігрантаў з ЕС.

Менавіта на сацыяльнай тэме прапануе гуляць Стывен Вульф — адзін з кандыдатаў на вакансію старшыні Ukip, які сам паходзіць з рабочых раёнаў Паўночнай Англіі. На яго погляд, увядзенне працоўных віз, адмена навязаных Бруселем квот на лоўлю рыбы і абмежаванні для дробнага бізнесу імкліва створаць новыя рабочыя месцы. Як следства, партыя павінна канцэнтравацца на патрабаванні дэпартацыі гастарбайтараў.

Яго канкурэнт, дэпутат Еўрапарламента Джонатан Арнот, мяркуе, што акцэнт у працы Ukip трэба зрабіць на эксплуатацыі духу Brexit, калі простыя людзі нечакана адчулі, што ад іх шмат залежыць, паверылі ў сябе, зразумелі, што могуць ціснуць на эліту. Цяпер галоўнае для «незалежнікаў» — не даць знікнуць гэтай эйфарыі і прапанаваць новую мабілізацыйную фішку.

Аналізуючы дэбаты ўнутры Ukip, можна казаць, што еўрафобія як палітычны напрамак будзе набываць выразна антыэмігранцкі сацыял-папулісцкі профіль. Адначасова роля «стрэлачніка» будзе перакладацца з еўрапейскіх чыноўнікаў на мясцовую праеўрапейскую эліту.

Увогуле, брытанская прэса дастаткова іранічна апісвае лідарскія якасці тых, хто марыць кіраваць Ukip. У каментарах можна сустрэць такія ацэнкі, як «палітычны цырк», «конкурс клоунаў». Бо яшчэ не паспеў пачацца адбор кандыдатаў, як партыя перасварылася наконт таго, па якіх правілах павінен абірацца новы лідар.

Аднак пры гэтым медыя папярэджваюць тых, хто наіўна думае, што землятрус скончыўся і зараз усё паступова вернецца на свае месцы. «Бяспраўныя і расчараваныя выйгралі рэферэндум, аднак іх злосць не знікла. Тое, што пачыналася як сярэдні палец на адрас групы палітыкаў, ператвараецца ў нешта больш сталае, з невядомымі наступствамі. Brexit зламаў палітычны компас нацыі. І калі эліта не адмовіцца ад снобскага стаўлення да простых людзей, хаос пад выглядам папулісцкай палітыкі можа працягнуцца», — мяркуе брытанскае выданне «New Statesman».

Не апошні фактар, які можа дапамагчы папулістам стаць партыяй мэйнстрыму, — бардак унутры кансерватараў і лейбарыстаў, следства ўсё таго ж Brexit. Шукаючы адказ на выклік папулізму, яны самі гатовыя гуляць па лякалах папулістаў. Напрыклад, Дэвід Дэвіс, міністр па пытаннях выхаду з ЕС у новым кансерватыўным урадзе, у нейкім інтэрв’ю ўсур’ёз распавядае, што лічыць Ірландыю часткай Вялікабрытаніі. Нагадаем, што Ірландская Рэспубліка атрымала незалежнасць яшчэ ў 1922 годзе.



Каментаваць