Happy 4th of July, USA!

Сёння амерыканцы адзначаюць сваё, без перабольшвання, галоўнае свята — Дзень незалежнасці.

 Sarah Phipps / The Oklahoman via AP

Ва ўсіх кутках ЗША ў гэты дзень пярэста ад зорна-паласатага, паўсюль феерверкі, касцюмааваныя прадстаўленні, фестывалі, канцэрты, выставы. І, канешне, традыцыйнае барбекю.

З балкона гэтага будынка была абвешчана незалежнасць ЗША

З балкона гэтага будынка была абвешчана незалежнасць ЗША


Але найбольш маштабна гэтае свята адзначаецца ў Бостане — калысцы амерыканскай незалежнасці.

16 снежня 1773 года ў бостанскай гавані адбылася гістарычная падзея, вядомая як «Бостанскае чаяванне» (Tea Party): з яго пачалося атрыманне незалежнасці паўночнаамерыканскімі калоніямі Вялікабрытаніі. Пратэст каланістаў Масачусэтса, які брытанскія ўлады паспрабавалі здушыць сілай, падтрымалі іншыя англійскія калоніі ў Паўночнай Амерыцы (у той час іх было ўсяго трынаццаць), і 4 ліпеня 1776 года Кантынентальны Кангрэс узаконіў аддзяленне калоній ад Вялікабрытаніі, прыняўшы Дэкларацыю Незалежнасці. Амерыканская рэвалюцыйная вайна працягвалася яшчэ некалькі гадоў, і яе вынікам стала з'яўленне на мапе свету вялікай дзяржавы.

Музей Бостанскага чаявання ў Бостане

Музей Бостанскага чаявання ў Бостане

Бостанская гавань кожны год становіцца эпіцэнтрам урачыстасцяў у гонар Дня незалежнасці ЗША. Фестываль бостанскай гавані (Boston Harbor fest) — гэта анфілада святочных мерапрыемстваў, якія працягваюцца некалькі дзён: тут і візіты вайсковых караблёў (хоць свята 4 ліпеня цалкам пазбаўлена якой-небудзь ваеннай скіраванасці), і музейныя выставы, і канцэрты, і тэатральныя пастаноўкі і інсцэніроўкі на гістарычныя тэмы, і асветніцкія мерапрыемствы для дзяцей і дарослых. Штогод Boston Harbor fest наведваюць каля 2,5 млн. чалавек з усіх канцоў свету. Кожны дзень іх увазе прапануецца больш за 200 святочных мерапрыемстваў, якія яны могуць наведаць або бясплатна, або за сімвалічную плату.


Уваход у музей Бостанскага чаявання

Уваход у музей Бостанскага чаявання


Галоўныя падзеі ў Бостане 4 ліпеня — святочны салют і канцэрт сімфанічнага аркестра "The Boston Pops", які спецыялізуецца на лёгкай класічнай і папулярнай музыцы. Гэты аркестр, заснаваны ў 1885 годзе як «другое я» Бостанскага сімфанічнага аркестра, які нарадзіўся на чатыры гады раней, знакаміты на ўвесь свет сваімі віртуознымі варыяцыямі на класічныя тэмы. Канцэртная зала "The Hatch Shell", дзе "The Boston Pops" дае канцэрт 4 ліпеня, не можа змясціць усіх жадаючых.

Найбольш папулярныя песні, якія можна пачуць у гэты дзень,  — "This Land is your Land" («Гэта зямля — твая зямля»), "America the Beautiful" («Амерыка цудоўна»), "Stars and Stripes Forever" («Зоркі і палосы назаўжды») і, канешне ж, нацыянальны гімн ЗША "Star Spangled Banner" («Зорны сцяг»).

«Новы час» віншуе Амбасаду ЗША ў Беларусі з Днём незалежнасці ЗША!


Каментаваць