Хасэ Луіс Сапатэра. Філіпе Кальдэрон Інахоса. Сай Фрумкін

Хасэ Луіс Сапатэра

Хасэ Луіс Сапатэра

Прэм’ер Іспаніі, лідэр іспанскай сацыялістычнай працоўнай партыі (PSOE), Сапатэра атрымаў сімвалічную палітычную паразу. Упершыню за час знаходжання сацыялістаў пры ўладзе Канстытуцыйны суд стаў на бок палітычнай фармацыі, забароны якой патрабаваў урад. Гаворка ідзе пра партыю «Міжнародная ініцыятыва — Салідарнасць з народамі» (II–SP), якая хоча ўдзельнічаць у выбарах у Еўрапарламент. Сапатэра выступіў за тое, каб абвесціць II–SP па-за законам, паколькі партыя быццам звязана з тэрарыстычнай групоўкай баскскіх сепаратыстаў ЕТА. Раней на падставе падазрэнняў у кантактах з ЕТА Канстытуцыйны суд ужо забараніў некалькі баскскіх партый (напрыклад, партыю «Батасуна»). Аднак на гэты раз суддзі вырашылі, што запісваць II–SP у прыхільнікі баскскіх тэрарыстаў — гэта ўжо занадта. II–SP, у адрозненні ад той жа «Батасуны», мае статус агульнанацыянальнай партыі. Акрамя таго, левыя партыі дружна падтрымалі II–SP у перасцярозе, што можа быць створаны прававы прэцэдэнт для пераследу левых. Праўда, нягледзячы на пазітыўны для сябе вердыкт удзел II–SP у выбарах застаўся пад пытаннем. Каб трапіць у ліст партый — кандыдатаў на выбары ў Еўрапарламент, прыхільнікам міжнароднай ініцыятывы трэба сабраць 250 тысяч подпісаў.

Філіпе Кальдэрон Інахоса

25 мая прэзідэнт Мексікі правёў нараду з прадстаўнікамі культурнай, спартыўнай, навуковай элітаў. На парадку дня стаяла адно пытанне: як рэабілітаваць імідж Мексікі, якую цяпер ва ўсім свеце лічаць радзімай і рассаднікам свінога грыпу. У выніку ўвесь мексіканскі турыстычны цэнтр апынуўся на мяжы краху. «Размова ідзе пра тое, каб кожны з вас дапамог нам прывабіць у Мексіку як мага больш наведвальнікаў. Мільёны людзей у краіне жывуць дзякуючы турызму, і іхні стан цяпер вельмі цяжкі», — сказаў прэзідэнт. Увогуле, Кальдэрон не хаваў эмоцый: «Падумайце пра таксістаў з маленькіх гарадоў, супрацоўнікаў і прыбіральшчыцах у гатэлях, пра іх сем’і». У выніку пасяджэння было абвешчана пра пачатак спецыяльнай кампаніі ў замежжы. На яе з бюджэту будзе выдзелена прыкладна 65 мільёнаў еўра. Апошнія словы кіраўніка дзяржавы аўдыторыя вітала стоячы. «Мы павінны давесці ўсяму свету, што мы — нацыя моцных людзей. Мексіка застанецца адзінай, і Мексіка будзе ісці наперад».

Сай Фрумкін

Адзін з самых радыкальных актывістаў за права савецкіх яўрэяў на эміграцыю памер у ЗША. Яму было 78 гадоў. Нарадзіўся Сай ў Каўнасе ў сям’і прадаўца аўтамабіляў. Падчас вайны ўся сям’я Фрумкіных трапіла ў канцлагер. Сай і ягонага бацьку адправілі ў Дахау. За 20 дзён да прыходу саюзнікаў бацька памёр. Сын і маці пераехалі ў ЗША. У 1968 годзе Сай заснаваў Савет Паўднёвай Каліфорніі за правы савецкіх яўрэяў. Камітэт набыў вядомасць ва ўсёй краіне дзякуючы сваім акцыям прамога дзеяння. Падчас гастроляў маскоўскага Вялікага тэатра ў ЗША Фрумкін надрукаваў спецыяльныя тэатральныя праграмкі, у якіх ішла размова пра стан яўрэяў у СССР. Падчас сустрэчы Брэжнева і Ніксана каманда Фрумкіна выпусціла ў неба недалёка ад месца саміту 5000 паветраных шароў з надпісам «Let My People Go». Напярэдадні Super Bowl — фінальнага матча ў чэмпіянаце па амерыканскаму футболу, камітэт наняў самалёт, які лятаў над стадыёнам з вялікім плакатам «Выратуйце савецкіх яўрэяў». Цяжка пералічыць, колькі разоў Фрумкін паліў чырвоны сцяг каля амбасады СССР або пікетаваў турыстычныя фірмы, якія арганізоўвалі туры для амерыканцаў у Савецкі Саюз. У 1976 годзе 72 тысячы яўрэяў СССР атрымалі права выехаць у ЗША. Фрумкін актыўна дапамагаў эмігрантам. У апошнія гады жыцця Сай займаўся правамі яўрэяў у Эфіопіі. «Фрумкін зрабіў у ЗША больш за ўсіх, каб прыцягнуць увагу да барацьбы яўрэяў СССР за свае правы», — напісала газета «Los Angeles Times», калі стала вядома пра смерць актывіста.

Каментаваць