Гэць Петрасяна!

Скандальны скетч вядомага ўкраінскага гумарыста Уладзіміра Зяленскага з «Квартала 95» падзяліў украінскую аўдыторыю па прынцыпе — з каго і з чаго павінны сёння смяяцца ўкраінцы?


Першым актам скандалу стаў эстрадны маналог артыста ў латышскай Юрмале 10 верасня. У адным з нумароў Зяленскі пажартаваў, што «Украіна нагадвае акцёрку з нямецкага фільма для дарослых, якая гатовая прыняць усіх». Пасля параўнаў радзіму з «алкаголікам, які выносіць з дому рэчы».

Магчыма, калі б падобнае адкалоў нейкі іншы гумарыст, гэта б нават і не заўважылі. Аднак «Квартал 95» — вядучы ўкраінскі творчы калектыў у галіне сатыры і гумару. Па сутнасці, гэта цэлая індустрыя, якая, акрамя канцэртаў і тураў, здымае фільмы і мультфільмы, запісвае музычныя ролікі, мае сваё штодзённае шоў на тэлебачанні.

Нягледзячы на ўсе рэгаліі «Квартала 95», украінскай патрыятычнай супольнасці скетч у Юрмале вельмі не спадабаўся. Інтэрнэт-форумы разрываюцца ад каментараў, аўтары якіх ледзь не пагражаюць Зяленскаму. Калі ўзгадаць пра нядаўні падпал нацыяналістамі офісу каналу «Інтэр», які напярэдадні таксама абвінавацілі ў «непатрыятызме», такія каментары ўспрымаюцца не проста як мімалётная эмацыйная экспрэсія.

Адрэагаваў на канцэрт у Латвіі і палітыкум. Дарадца Парашэнкі Юрый Бірукоў назваў нумар «Квартала 95» «выступам падонкаў». Далей за ўсіх пайшоў лідар Радыкальнай партыі Алег Ляшко, які патрабаваў забараніць дзейнасць калектыву ва Украіне.

Крытыкі комікаў прызнаюць: у тым, што казаў акцёр у Юрмале, прысутнічае доля праўды. Тая ж практыка пошуку ўкраінскімі чыноўнікамі крэдытаў за мяжой раздражняе грамадства. Аднак, на іх думку, падобнае смецце лепш пакідаць дома. Знешні імідж Украіны, маўляў, павінен заставацца выключна пазітыўным. Тым больш, што неабвешчаная вайна з Расіяй трывае, і параўнанні Украіны з акцёркай з порнафільму можа кепска ўплываць на градус патрыятычнасці.


Уладзімір Зяленскі


Адначасова ў «Квартала 95» сфармавалася і група падтрымкі. Для іх Зяленскі — эталон патрыёта, паколькі смела агучвае праблемы краіны. Акрамя таго, акцёр засведчыў свой патрыятызм у мінулым. Пасля пачатку канфрантацыі ў Данбасе артысты з «Квартала 95» выступалі на фронце, што выклікала лю­тасць у расійскіх медыя. Нарэшце, яны звяртаюць увагу, што на канцэрце ў Юрмале прысутнічала група мясцовых украінцаў, якая выдзялялася жоўта-­блакітным сцягам. Землякі віталі жарты на сцэне, не заўважаючы ў іх ніякай крамолы.

Аднак значна больш цікавыя дэбаты справакаваў скандал сярод культуролагаў. Частка інтэлектуалаў выкарыстала скандал для таго, каб заклі­каць радыкальна рэфармаваць украінскі гумар. На іх думку, вульгарны нізкапробны гумар «Квартала 95» — «петрасяншчына мясцовага гатунку», якая ў сваю чаргу ёсць рудыментам каланіяльнай культуры. Гэтая традыцыя ўзнікла яшчэ ў ХІХ стагоддзі, калі ўкраінская культурная дзейнасць трапіла пад забарону. Адзінае, што дазвалялі расійскія чыноўнікі, — тэатральныя пастановы, дзе, пераважна, ставілі камедыі на побытавыя тэмы, у якіх аб’ектам жартаў былі ўкраінскія сяляне.

Паводле некаторых, гэты рудымент імперскага мінулага захаваўся дасюль. «Паказальны вусаты дзядзька ў шараварах, карыкатурныя «хлопцы з раёна», якія размаўляюць на дзікім суржыку, дзябёлая цётка — набор персанажаў украінскіх гумарыстычных перадач і скетчаў стандартны ўжо доўгія гады», — піша выданне «Комментарии». Адсюль прапанова — уладальнікі тэлеканалаў і топ-мене­джмент павінны ініцыяваць змены ў эфіры, перастаць рабіць акцэнты на ўкраінскім комплексе няпаўнавартасці. Вядомы палітолаг Віталь Портнікаў нават прапанаваў канон, на які павінны арыентавацца ўкраінскія майстры гумару. Тут і Гогаль, і Шалом-Алейхем, і Астап Вішня, і іншыя.

У сваю чаргу, іншая фракцыя культуролагаў патрабуе пакі­нуць народу права на прымітыўны гумар. Згадваецца, што той жа персанаж Містэр Бін — кумір брытанцаў, — таксама яўна не пакутуе на тонкі эстэтычны гумар. Што да ідэі кампаніі супраць «петрасяншчыны», то яна, быццам, не мае шанцаў. Пра гэта сведчыць 25-гадовы досвед украінскага шоў-бізнесу. Як паказвае практыка, ніякае развіццё інфармацыйных тэхналогій пакуль не здольнае прымусіць украінцаў перастаць смяяцца з сябе.

Другая і, магчыма, галоўная перашкода — украінскі парламентарызм у цяперашнім выглядзе. «Як прывучыць гледача да высокага мастацтва, калі дастаткова ўключыць трансляцыю з Рады або любое палітычнае ток-шоў, і ўкраінцы пабачаць тыя ж карыкатурныя персанажы, толькі ў строях пабагацей», — смяецца адзін з блогераў.

Што тычыцца саміх артыстаў, то яны заклікаюць разглядаць свой выступ у Юрмале выключна як жарт. Артысты таксама лічаць, што сталі ахвярай палітыкаў, якім патрэбныя падобныя скандалы, каб адцягнуць увагу ад актуальных праблем у краіне, зрабіць сабе піяр. Апроч гэтага, у некаторых палітыкаў накшталт таго ж Ляшко можа быць асабісты «зуб» на «Квартал 95». У рэпрызах акцёр, які выконвае ролю Ляшко, намякае на нетрадыцыйную сексуальную арыентацыю свайго прататыпа.

Аднак так проста адмазацца Зяленскаму наўрад ці атрымаецца. Ягоным маналогам у Латвіі вельмі незадаволены алігарх Ігар Каламойскі, на тэлеканале якога працуе «Квартал». «З вялікім расчараваннем паглядзеў выступ «Квартала 95» у Юрмале. Тлумачэнне (нават не прабачэнні), напісанае ў Фэйсбуку, сітуацыю не выправіла. Таму будуць аргвысновы!» — пагражае Каламойскі.



Каментаваць