Германія. Нямецкая мадэль інтэграцыі іншаземцаў правалілася?

Спартоўцы нарадзіліся ў Германіі, маюць германскія пашпарты, аднак, падаецца, сапраўднымі немцамі сябе не адчуваюць... Немцы, натуральна, у шоку.

Фота EPA

Кіраўнік Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, на думку шмат каго, наглядна давёў, што ніякай формулы інтэграцыі іншаземцаў у нямецкае грамадства не існуе.

Усё праз тое, што два нямецкіх футбалісты турэцкага паходжання падаравалі Эрдагану свае футболкі, назваўшы яго «мой прэзідэнт».

Гаворка не пра нейкіх звычайных футбалістаў, а пра Ілкая Гундагана і Месута Озіла, якія граюць за зборную ФРГ. І Озіл, і Гундаган нарадзіліся ў Германіі, маюць германскія пашпарты, аднак, падаецца, сапраўднымі немцамі сябе не адчуваюць. Акрамя таго, спартоўцы выказалі сімпатыі на адрас палітыка, якога на Захадзе лічаць амаль дыктатарам. Прычым, іх учынак, без сумневу, дапаможа Эрдагану пераабрацца на выбарах 24 чэрвеня.

Немцы, натуральна, у шоку. Калі нават Озіл і Гундаган, якія зрабілі кар’еру і зарабляюць шмат грошай, не адчуваюць сябе немцамі, што казаць пра простых туркаў? Не кажучы пра мігрантаў з Сірыі, якіх Германія ў колькасці больш за мільён чалавек прыняла ў 2016-м? У выніку давялося ўмяшацца не толькі кіраўніцтву Федэрацыі футбола Германіі і трэнеру нямецкай зборнай, але нават самому прэзідэнту краіны Францу-Вальтэру Штайнмаеру, які запрасіў абодвух да сябе на рандэву.

Тым часам прэса супакойвае аўдыторыю: згаданыя футбалісты не ілюструюць трэнд. У экспертным свеце лічыцца, што нямецкая мадэль інтэграцыі іншаземцаў усё ж дастаткова эфектыўная.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць