Гібрыдныя хуліганы

Масавыя бойкі на Чэмпіянаце Еўропы па футболе з удзелам расійскіх фанатаў аднолькава нельга зводзіць толькі да каляфутбольнага хуліганства, ці толькі да палітыкі. Тут прысутнічаюць абодва гэтыя вымярэнні.



Не ва ўсім вінаваты Пуцін, але і без яго тут не абышлося. З аднаго боку, пабоішча ў Марселі зладзілі хуліганы сабе як хуліганы, паслядоўнікі традыцыі, закладзенай у Брытаніі яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя і расквітнелай у сямідзясятых гадах стагоддзя дваццатага. А з іншага, перадавы атрад, які нанёс удар па Еўропе. Адным словам, хуліганы былі гібрыднымі.


Знакавы Марсель


Марсель, мабыць, прырэчаны на каляфутбольныя беспарадкі. У 1998 годзе тут адбыліся маштабныя сутычкі паміж фанатамі зборных Туніса і Брытаніі, у выніку якіх трыццаць чалавек трапілі ў шпіталі, з іх чатыры з нажавымі раненнямі, сто чалавек былі арыштаваныя. Жыццё ў цэнтры горада, зацягнутага хмарамі слезацечнага газу, было паралізаванае на два дні.

Для брытанцаў тыя падзеі сталі вялікім ударам. «Англійская хвароба», як называлі каляфутбольнае хуліганства, ужо падавалася пераможанай праз жорсткія меры, распачатыя яшчэ Маргарэт Тэтчар. Брытанцы зусім не ганарыліся сваім хуліганскім іміджам, таму ім не спадабалася яго ўваскрашэнне. Фанатаў клялі на чым свет стаіць. Завадатара сутычак, брытанца Джэймса Шэйлера, празвалі «Марсельскай свіннёй».

Адмысловае пасланне расійскіх фанатаў Еўропе

Адмысловае пасланне расійскіх фанатаў Еўропе


Незадаволенасць добрапрыстойных брытанцаў можна зразумець — сутычкі ў Марселі сталі апошнім цвіком у накрыўку дамавіны з надзеяй прыняць Чэмпіянат свету па футболе ў Брытаніі. Але яшчэ больш незадаволенымі выявіліся самі фанаты. Бо, па іх перакананні, беспарадкі справакавалі мясцовыя. Тады як адзінымі вінаватымі ў вачах свету засталіся заўзятары брытанскай зборнай.


Марсель — не толькі адзін з найпрыгажэйшых французскіх гарадоў. Гэта яшчэ і «крымінальная сталіца» Францыі. Горад з высокім узроўнем беднасці, беспрацоўя і злачыннасці. Прыкладна траціну насельніцтва складаюць выхадцы з Паўночнай Афрыкі. Уласна, гэта яны ў 1998 годзе выступілі ў ролі фанатаў зборнай Туніса, распачаўшы бойкі з брытанцамі.


Па сведчаннях відавочцаў, і гэтым разам англічан першымі пачалі атакаваць групоўкі мясцовай арабскай моладзі. Нібыта яны гэтага чакалі 18 гадоў.


Зрэшты, чакалі не толькі яны. Той жа Шэйлер за колькі тыдняў да матчу ў Марселі заявіў, што ён збіраецца на яго паехаць, каб «разам з расійскімі фанатамі адлупцаваць мусульманаў». Але намеры Шэдлера не спраўдзіліся. Таму што яго арыштавалі яшчэ ў Брытаніі. Агулам жа з краіны не выпусцілі, па розных звестках, ад трох да пяці тысячаў вядомых паліцыі хуліганаў. Такія забароны на выезд падчас гульняў брытанскіх каманд за мяжой — звычайная практыка.

А расійскія фанаты, відаць, вырашылі, што мусульмане ў іх і дома ёсць, а вось брытанцаў калі яшчэ сустрэнеш…

Несумленная гульня


Пра намеры «пасеяць хаос», «прынесці вайну» і «знішчыць брытанцаў» вядомыя групоўкі расійскіх фанатаў адкрыта заяўлялі задоўга да матчу. Пра гэта з жахам пісалі брытанскія медыя. Аднак ці былі расійскімі ўладамі прынятыя меры, каб не дапусціць аўтараў гэтых заяў у Марсель? Выглядае на тое, што не.


Брытанскія СМІ яшчэ да падзеяў у Марселі апісвалі расійскіх фанатаў, як натрэніраваных байцоў і людзей, настолькі спрактыкаваных у бойках, што можна назваць гэта іхняй прафесійнай справай. Якія, маўляў, прытрымліваюцца правілаў «fair play» («сумленнай гульні»).


У Марселі мы пабачылі троху іншае. Натрэніраваных, спрактыкаваных і цвярозых на выгляд — так. Што да «fair play», яе ў дзеяннях расійскіх хуліганаў і не начавала. Расійскія фанаты напалі не на групоўку такіх самых брытанскіх хуліганаў — яны білі шэраговых заўзятараў, часам учатырох аднаго. А пасля заканчэння матчу Англія — Расія яны напалі на нейтральны сектар, дзе знаходзіліся ў тым ліку інваліды, дзеці і жанчыны. Аж ніяк не цягне на баявы подзвіг, нават па самых хуліганскіх мерках.


Завадатар расійскіх футбольных хуліганаў раскрыты

Завадатар расійскіх футбольных хуліганаў раскрыты

Брытанская Федэрацыя футбольных заўзятараў (FSF) наракае на тое, што падзеі ў Марселі называюць «сутычкамі» паміж фанатамі. «Нібыта было дзве групы, настроеных на бойку адна з адной. Хаця гэта зусім не тое, што там адбылося», — пішуць яны ў сваёй заяве.

Дзяржаўнае хуліганства


«У нас хаця б існаваў нейкі няпісаны маральны кодэкс. Не біць ляжачых, не скакаць па іх галовах. Не нападаць на звычайных заўзятараў, пагатоў на людзей з сяброўкамі, жонкамі, дзецьмі», — сказаў у інтэрв’ю Daily Mail адзін з найбольш вядомых у Брытаніі колішніх футбольных хуліганаў, Джэймс Марынер, з нагоды марсельскіх падзеяў.


Але, бадай, не ў гэтым галоўная розніца паміж Брытаніяй і Расіяй. «Кожная краіна мае сваіх радыкалаў, хуліганаў, моладзь, схільную да гвалту... Але розніца ў тым, што большасць краін прынялі папераджальныя захады для забеспячэння камфортных і прыемных умоў для асноўнай масы аматараў футболу, якія проста хочуць назіраць за гульнёй. У Расіі ж футбол па-ранейшаму пастаўлены ў такія ўмовы, што можа задаволіць патрэбы толькі малой — і гвалтоўнай — групы заўзятараў. Унікальная асаблівасць Расіі ў тым, што досвед наведвання футбольных матчаў звычайна мае дэгуманізацыйны эфект», — піша Джэймс Апель у Foreign Policy.


У прыватнасці ён згадвае пра тысячы салдатаў унутраных войскаў з дубінкамі, шчытамі і шлемамі, з якіх фармуюць вузкі задушлівы тунэль ад бліжэйшага транспартнага вузла да стадыёну, праз які маюць праходзіць наведвальнікі матчу. Адзін праход па такому тунэлю, зазначае Апель, здольны адбіць ахвоту наведваць матчы ў 95% звычайных футбольных аматараў.


"Дарагая Еўропа! Агрэсіўныя, шалёныя рускія — нашая штодзённая праблема. У адрозненне ад вашых п

"Дарагая Еўропа! Агрэсіўныя, шалёныя рускія — нашая штодзённая праблема. У адрозненне ад вашых п'яных і злых рускіх у нашых ёсць кулямёты, гранаты і цяжкае ўзбраенне ва ўсёй усходняй Украіне і Крыму. Шчыра вашыя, украінцы".



Ён згадвае адсутнасць дапаможнага персаналу на стадыёнах. Звычку тушыць запаленую на трыбунах піратэхніку з брандспойтаў, паліваючы цэлую трыбуну. Паліцыю, якая праз нейкія дробязі можа пачаць лупцаваць без разбору ўсіх навокал для «аднаўлення парадку», правакуючы сур'ёзныя беспарадкі. І г.д., і да т.п. На думку аўтара, такія ўмовы з’яўляюцца пажыўным булёнам якраз для хуліганскіх груповак. Бо іншыя іх папросту не вытрымаюць.

У «гуманізацыі» умоў, якія самі па сабе спрыялі б змяншэнню каляфутбольнага гвалту, падобна, ніхто не зацікаўлены, бо продаж квіткоў на матчы не прыносіць даходу.

Новая зброя Пуціна?


Што да футбольных хуліганаў, размножаных і расквітнелых ва ўмовах «дэгуманізацыі», расійскія ўлады іх пабойваюцца. Аб чым сведчыць, напрыклад, артыкул на адыёзным партале Life.ru, напісаны па слядах падзеяў у Марселе. Ягоны аўтар выказвае заклапочанасць, што тыя ж футбольныя фанаты, якімі захапляецца сёння расійскае грамадства праз іх «перамогу» над брытанскімі заўзятарамі, могуць у 2018 годзе зладзіць «калі не новы Майдан, дык нешта кшталту масавых беспарадкаў». І ў якасці доказу існавання небяспекі прыводзіць прыклады сімпатыяй да Украіны ў некаторых расійскіх фанацкіх групоўках.


Магчыма, гэта пачатак інфармацыйнай падрыхтоўкі да зачысткі фанацкага руху перад 2018 годам. У Расіі ў ім мае адбыцца не толькі ЧС па футболе, але і чарговыя прэзідэнцкія выбары. Дасюль Крэмль ці то пабойваўся чапаць фанатаў, ці то лічыў за лепшае карыстацца імі для ўласных мэтаў. Варта згадаць сустрэчу Пуціна (на той час прэм’ер-міністра Расіі), з прадстаўнікамі фанацкага руху пасля масавых беспарадкаў, якія адбыліся на Манежнай плошчы ў 2010 годзе.


«Я лічу, што вы сіла, — казаў ім Пуцін. — Але калі мы не зразумеем, як мы павінны з сілай гэтай абыходзіцца, калі мы будзем, як вар’яты з брытвай, насіцца з гэтай сілай па ўсёй краіне, мы яе разбурым». Пасля чаго тагачасны фармальны прэм’ер і нефармальны «лідар нацыі» разам з прадстаўнікамі фанацкага руху ўсклаў кветкі на магілу Ягора Свірыдава — заўзятара, забітага выхадцам з Каўказу. Менавіта яго забойства і стала прычынай беспарадкаў на Манежнай плошчы.


Тое было не першай спробай заключыць саюз з фанатамі ў абмен на лаяльнасць, даўшы ім высокае заступніцтва. Але гэты выпадак быў абсалютна беспрэцэдэнтны для постсавецкіх дыктатур, дзе з бунтаўнікамі дамаўляцца не прынята.

Чытайце таксама: Фанаты — зброя Крамля    

І што вы думаеце? Спрацавала. Прынамсі да так званых Балотных пратэстаў фанаты не далучыліся. Нягледзячы на ўсе намаганні Аляксея Навальнага, які карыстаўся іх стылістыкай і рыторыкай, спрабуючы завабіць на свой бок.


У Навальнага не атрымалася, атрымалася ў Пуціна. Бо першы, хоць і ўдаваў сябе за «дзёрзкага пацана», прапаноўваў усё ж цывілізаваную дзяржаву. З камфортнымі стадыёнамі і жорсткімі законамі, якія ўціскалі б футбольнае хуліганства. Дзяржаву, якая падпарадкоўваецца агульным правілам. Тады як Пуцін прапанаваў ім прывабную мадэль дзяржавы. Дзяржаву-хулігана.

«Няветлівыя людзі»


Пад ціскам міжнароднага абурэння фанатаў злёгку паўшчувалі, дзяжурна, каб адчапіліся. Прэс-сакратар Пуціна выціснуў з сябе адну фразу, за ім міністр спорту. Ну не трэба, так, маўляў, гэта ўжо занадта. Але ніжэйшыя рангам чыноўнікі, наўпрост не датычныя да спорту, адкрыта ўхвалялі расійскіх фанатаў.


Ці жартавалі, як, напрыклад, Уладзімір Маркін, кіраўнік упраўлення ўзаемадзеяння са СМІ Следчага камітэта РФ. «Нармальны мужык, якім ён павінен быць, выклікае ў іх здзіўленне. Яны ж прызвычаіліся «мужыкоў» на гей-парадах бачыць...», — адрэагаваў ён на словы пракурора Марселя, які назваў расійскіх фанатаў «добра падрыхтаванымі байцамі».


Зусім шчырымі і разняволенымі былі дзеячы агітацыі і прапаганды. Сяргей Дарэнка, рэдактар радыёстанцыі «Гаворыць Масква», калісьці нямала зрабіў для прыходу Пуціна да ўлады. Потым на пэўны час сышоў у апазіцыю, але і тады называў сябе «салдатам імперыі», тлумачачы сваю апазіцыйнасць тым, што Пуцін «не арол». Цяпер Пуцін стаў «арол», асабліва пасля Крыму і Данбасу. Дарэнка ў гуморы, фантануе хуліганскімі прапановамі: «Нашы дзвесце чалавек зачысцілі ў Марселі сто тысяч англічанаў. Спакавалі і адправілі назад у Англію, як гной. У нас найлепшыя ў свеце заўзятары, а футбол у нас лайно. Рабі тое, што робіш найлепей. У сувязі з гэтым я прапаную дамагчыся дыскваліфікацыі зборнай і сёння ж адмяцеліць англійскіх заўзятараў у бруд, раскрышыць іх у фарш. І Еўропа запомніць, што чэмпіёны гэтага чэмпіянату — нашы заўзятары».

У часы цара Мікалая І Расію называлі «жандарам Еўропы». Цяпер яе можна было б ахрысціць «хуліганам Еўропы».

Абмеркаванне:

  • Чытач
  • 2016-06-16 14:53:44
Як заўсёды - па-будзіміраўскі, фундаментальна прапарацавана тэма. Залік! :)
  • Аўдзеенка М.
  • 2016-06-17 07:41:21
Шмат дадатковай інфармацыі нясе артыкул. І па палітычных маніпуляцыях з фанамі ў Расеі з боку як улады, так і апазіцыі. І па працілегласці адносінаў к гэтай частцы грамадства на Захадзе. На працягу часу - ня толькі зараз. Пазнавальны.І ілюстрацыі арыгінальныя, цікавыя.
  • KickOutRussia
  • 2016-06-17 12:43:56
Тры "чэмпіёны" атрымалі права на заслужаны адпачынак у Францыі ад году да трох, яшчэ шасцёра, магчыма, адпачнуць у Нямеччыне.
  • Кастусь
  • 2016-06-17 12:50:00
Захапляльна!
  • KickOutRussia
  • 2016-06-17 12:53:32
Дарэчы, вось тут можна падпісаць петыцыю за тое, каб Расію пазбавалі права прымаць у сябе ЧС па футболе ў 2018 годзе.

https://www.change.org/p/fifa-strip-russia-of-hosting-world-cup-2018

Каментаваць