Гісторыя адной агоніі

У 40-ю гадавіну смерці Франcіска Франка сталі вядомыя незвычайныя абставіны апошніх дзён іспанскага дыктатара.  Ягоную агонію штучна працягвалі любымі сродкамі працягвалі для таго, каб кланы ўнутры сістэмы маглі дамовіцца пра пераемніка.



Фота www.alamy.com


«Іспанцы, Франка памёр!» — такімі словамі агаломшыў аўдыторыю дыктар нацыянальнага бюро іспанскага радыё а 6-й гадзіне раніцы 20 лістапада 1975 года. Словы вядучага шакавалі нават тых іспанцаў, хто не сімпатызаваў рэжыму. За амаль 40 гадоў кіравання Франка пачалі ўспрымаць як своеасаблівую гарантыю больш-менш прадказальнай будучыні. Не дзіўна, што ў тыя дні шмат іспанцаў былі разгубленыя. Многія людзі проста адмаўляліся верыць у паведамленне пра тое, што 93-гадовы каўдыльё больш не жыве.

20 лістапада 2015 года ў 17 іспанскіх касцёлах па просьбах старых прыхаджан адбыліся набажэнствы ў памяць дыктатара.

Адначасова праз 40 гадоў пасля смерці Франка сталі вядомыя цікавыя дэталі ягонай смерці. Пра гэта ўпершыню распавёў прэсе Віталь Аза Фернандэс-Неспраль, самы малады ў камандзе кардыёлагаў, якія правялі з дыктатарам яго апошнія дні. Такім чынам, першы інфаркт у Франка адбыўся яшчэ 17 кастрычніка. Пасля гэтага да самай смерці ён заставаўся ў непрытомнасці. Стан пацыента быў такі цяжкі, што некаторыя з медыкаў адмовіліся падпісваць тэкст афіцыйнай заявы ад 17 кастрычніка пра тое, што Франка адчувае сябе добра. Яны баяліся, што пасля іх абвінавацяць у хлусні і асудзяць. Аднак пасля пачалося самае цікавае — яшчэ месяц агонію Франка любымі сродкамі працягвалі для таго, каб кланы ўнутры сістэмы маглі дамовіцца наконт формулы кіравання постфранкісцкай Іспаніяй.

Увесь гэты час абмяркоўвалася кандыдатура пераемніка. У прынцыпе, яго імя Франка агучыў яшчэ прыкладна ў сярэ­дзіне 1960-х гадоў. Наступным кіраўніком Іспаніі, якая паводле канстытуцыі была манархіяй, павінен быў стаць пасля каранацыі прынц Хуан Карлас. Аспрэчваць кандыдатуру Хуана Карласа, якога абраў сам Франка, ніхто не адважыўся. Аднак, як толькі Франсіска перавялі ў рэанімацыю, у асяроддзі франкістаў узнікла іншая прапанова наконт будучага лідара. Баючыся (і, як сведчыць гісторыя, не беспадстаўна), што Хуан Карлас возьме курс на дэмакратызацыю, яны пачалі актыўна інтрыгаваць.

Некаторыя рэакцыйныя фракцыі франкістаў прапанавалі альтэрнатыву зацверджанаму раней пераемніку. На трон прапаноўвалася пасадзіць прынца Альфонса. Альфонса быў гарантам бяспекі для франкістаў, паколькі быў жанаты з унучкай каўдыльё.

Аднак для паспяховай рэалізацыі такога сцэнару патрэбны былі дзве ўмовы. Па-першае, час, дастатковы для таго, каб пераканаць грамадства і вертыкаль у тым, што Альфонса лепшы за Хуана Карласа. Па-другое, раскрутка Альфонса мела перспектыву толькі пры ўмове таго, што агонія Франка працягнецца. Факт смерці дыктатара адразу запускаў раней зацверджаны механізм перадачы ўлады ў рукі Хуана Карласа.

У выніку пачалася неверагодная гульня нерваў. Прыхільнікі Альфонса актыўна рэкламавалі ў кулуарах сваю крэатуру. Хуан Карлас у той жа час намагаўся ўсімі спосабамі данесці да іспанцаў пасланне, што менавіта ён стане новым лідарам. Усё гэта адбывалася на фоне сапраўднага шквалу плётак. Яшчэ за год да смерці з-за хваробы дыктатар пераехаў у шпіталь і фактычна знік з публічнага жыцця. Яго адсутнасць правакавала самыя неверагодныя спекуляцыі. Напрыклад, дакументальны фільм пра жыццё пінгвінаў быў інтэрпрэтаваны як пасланне інфармаваных людзей пра тое, што Франка вельмі хворы.

Відавочна, ключавым момантам у гэтай барацьбе за пераемніка Франка было пытанне, як доўга працягне пацыент Прада (так называўся шпіталь, дзе ляжаў дыктатар). Паводле ўспамінаў Фернандэса-Неспраля, барацьба за жыццё Франка была доўгай і цяжкай, паколькі ў хворага хутка пачалі адключацца жыццёвыя функцыя адна за адной. Так, праз нейкі час дактары ўжо не маглі спыніць крывацёк у страўніку. Пасля пачаліся ваніты крывёю. Дактары ўвесь час баяліся, што назіраюць апошнія хвіліны жыцця Франка. Таму ў пакоі заўсёды прысутнічаў капелан, які без перапынку маліўся за душу пацыента.

Дадавалі праблемаў медыкам і розныя апаратчыкі, якія час ад часу наведвалі шпіталь, каб праверыць, як ідзе барацьба за здароўе любімага лідара. Такія візіты часта пераходзілі ў скандалы. Госці вінавацілі дактароў у тым, што яны кепска лечаць Франка. Як узгадвае Фернандэс-Неспраль, аднойчы пацыент дапамог пазбавіцца ад аднаго з такіх нежаданых гасцей. У час маналога пра нядбайных дактароў Франка раптам расплюшчыў вочы і так перапужаў чыноўніка, што той збег з пакоя.

Да гонару іспанскай улады трэба прызнаць, што медыкаў пасля 20 лістапада, калі Франка памёр, не пакаралі. Наадварот, кіраўнік Каралеўскага савету (часовы тэхнічны кіраўнік дзяржавы) выказаў ім падзяку. З іншага боку, было зразумела, што Франка — гэта мінулае з яго акалічнасцямі, калі культ дыктатара робіць самога дыктатара і нават яго здароўе закладнікам палітычных камбінацый.

Каментаваць