Гітлер і казахі

Постаць фюрэра Трэцяга рэйху актыўна выкарыстоўваецца ўдзельнікамі еўразійскай інтэграцыі. Другі тыдзень фашысцкі дыктатар і яго спадчына — адна з самых топавых тэм у казахстанскай грамадскай дыскусіі.



Здавалася, даўно ўжо прайшлі часы перабудовы, калі шматлікія медыя спецыялізаваліся на тым, што адчынялі белыя плямы гісторыі. Цяпер адкапаць гістарычную сенсацыю не так проста. Тым больш, калі справа тычыцца такой даследаванай гісторыкамі фігуры, як Адольф Гітлер. Між тым, з’яўленне ў шапіках красавіцкага выпуску казахскамоўнага часопіса «Аңыз адам» (Чалавек-легенда), тэмай якога быў жыццёвы шлях фюрэра, стала бомбай. Ужо другі тыдзень фашысцкі дыктатар і яго спадчына — адна з самых топавых тэм у казахстанскай грамадскай дыскусіі.

Выданне апавядае пра жыццё Гітлера, прыводзіць мемуары яго сябра, а таксама прапануе ўрывак з «Mein Kampf». Нумар шчодра ўпрыгожаны выявамі Гітлера розных этапаў яго жыцця. Таксама прыводзяцца біяграфіі фашысцкіх дыктатараў, у тым ліку Беніта Мусаліні, а таксама змагароў з імі — Іосіфа Сталіна, Уінстана Чэрчыля, Франкліна Рузвельта і Шарля дэ Голя. Аднак сапраўднай разынкай выпуску сталі каментары, напісаныя казахскімі журналістамі. Іх назвы гавораць самі за сябе: «У "Mein Kampf" многія моманты былі напісаныя правільна», «Гітлер — не фашыст», «У некаторых сваіх дзеяннях Пуцін, здаецца, пераплюне Гітлера» і г.д. Застаецца сказаць, што наклад выдання — 25,2 тысячы асобнікаў.

Першымі, як і трэба было чакаць, абурыліся ветэранскія арганізацыі, афганцы і патрыёты. 21 красавіка ў адным з паркаў Алма-Аты яны на знак пратэсту нават публічна спалілі экземпляр скандальнага выпуску.

На іх думку, мы маем справу са спробай рэвізіі гісторыі, рэабілітацыі фашызму. Не засталося ўбаку і расійскае пасольства, якое ўручыла ноту пратэсту казахскім дыпламатам. Апошнім прышлося паабяцаць Маскве разабрацца з выдаўцамі «Аңыз адам».

Па словах яго рэдактара Жарылкапа Калыбая, выбар тэмы нумара абгрунтоўваецца дзвюма прычынамі: «Першая (прычына) — мы хочам паказаць што, калі ў кіраўніцтве дзяржавы невядома адкуль выпадкова з'явіцца чалавек, падобны на А. Гітлера, то народ, які пойдзе за ім, патрапіць у пастку». У якасці другой прычыны Калыбай называе жаданне «зберагчы нас ад небяспечнай палітыкі кіраўніка суседняй краіны — Расійскай імперыі, які адраджае нацысцка-шавіністычную ідэю зноў».

Радыкальныя казахскія нацыяналісты дружна сталі на падтрымку рэдактара, якому, дарэчы, за тую публікацыю пагражае да 12 гадоў зняволення. Нацыяналісты зацікаўленыя ў пераглядзе гістарычных вынікаў Другой сусветнай вайны, намагаюцца ўзняць тэму, на іх думку, неапраўданага ўдзелу казахскага народа ў гэтым супрацьстаянні на баку СССР. Паралельна яны займаюцца гераізацыяй жаўнераў Туркестанскага легіёну СС.

Вайна гістарычных школ даўно вядзецца ў Казахстане. Аднак на гэты раз  інтарэс да яе значна большы і, відавочна, звязаны з палітычнай сітуацыяй. Перш за ўсё, гэта падзеі ва Украіне, якія сярод іншага засведчылі правал казахскай афіцыйнай прапаганды.

На днях у Казахстане прайшлі першыя сацыялагічныя апытанні наконт стаўлення тубыльцаў да падзей ва Украіне. Некаторыя палітолагі называюць іх вынікі сенсацыйнымі: 62 працэнты рэспандэнтаў падтрымліваюць у цяперашнім расійска-ўкраінскім канфлікце Маскву і толькі 5 працэнтаў — Украіну. Пры гэтым, паводле тых жа апытанняў, большасць (68 працэнтаў) выступае супраць расійскай акупацыі Казахстану.

Апошнім часам Нурсултан Назарбаеў яўна напужаны імперыялістычнымі выбрыкамі Масквы, пачаў актыўна імітаваць заўзятага нацыяналіста. Напрыклад, не так даўно крытыкаваў аднаго з чыноўнікаў за адсутнасць аб’яў у аўтобусах на казахскай мове і г.д. Але на яго рэйтынг гэта ніяк не ўплывае.

«Большасці грамадзян Казахстану не хацелася б, каб Расія ўсталявала над імі поўны кантроль, але пры гэтым яны не гатовыя нічога актыўна прадпрымаць, а тым больш рызыкаваць сваімі жыццямі ці бягучым дабрабытам дзеля ўлады», — адзначае апазіцыйнае выданне «Республика».

Як лічаць эксперты, няздольнасць Астаны мабілізаваць нацыю ў перспектыве будзе значыць растучы кантроль Масквы над краінай. Тое ж выданне адзначае: «Гэта (апісаныя трэнды ў грамадскай свядомасці) азначаюць, што сямейнаму варыянту, калі Нурсултана Назарбаева на пасадзе кіраўніка дзяржавы зменяць або яго старэйшая дачка, або пляменнікі, або бліжэйшы і самы давераны паплечнік, не бываць. Нават калі такое адбудзецца, пераемнік атрымае ўладу не таму, што так вырашыў Елбасы, а таму, што на гэта пагадзіліся Уладзімір Пуцін і Крэмль».

Усё гэта дае падставу некаторым апазіцыйным палітолагам казаць пра тое, што правакацыю з Гітлерам замовілі ў Астане. Галоўная задача правакацыі — давесці Маскве, што ў Казахстане ёсць глеба для мясцовага Майдану, нейтралізаваць які здольны выключна Назарбаеў.

Адпаведна, Масква павінна больш уважліва ставіцца да патрабаванняў Астаны падчас перамоваў наконт канчатковай рэдакцыі тэксту дамовы пра Еўразійскі эканамічны саюз.

Акрамя таго, каб абаперціся на рэсурс нацыяналізму, паліттэхнолагі Назарбаева, быццам, вымушаныя ствараць лагер пралаяльных, т. зв. «кумысных патрыётаў». Тым больш, што і раней мелі месца спробы ўладаў падобнымі манеўрамі «кумысных патрыётаў», з аднаго боку, адцягнуць грамадзян ад непапулярных антысацыяльных рэформаў ураду, а з другога — праверыць настроі грамадзян напярэдадні рэальных палітычных зменаў у краіне. Так, напрыклад, было ў ліпені 2011 года, калі адзін з патрыётаў ініцыяваў скандальна вядомую заяву аб пазбаўленні рускай мовы афіцыйнага статусу. Адбылося гэта якраз у разгар масавага страйку нафтавікоў, які той жа патрыёт асудзіў.

Улада таксама не можа не адзначаць з’яўлення назарбаеўскія ў краіне новай сацыяльнай групы — бедных унутраных казахскамоўных мігрантаў у гарадах, сацыяльна незадаволеных сельскіх жыхароў. Іх галасы здольны акумуляваць якраз радыкальныя нацыяналісты, якія прапануюць прымітыўную, аднак зразумелую гэтым людзям праграму пабудовы Казахстану для казахаў.

Наколькі падобныя версіі маюць базу, можна будзе меркаваць па тым, як будзе развівацца гітлераўскі скандал.

Казахскі праваабаронца Андрэй Грышын вось як пракаментаваў сітуацыю:

Наогул, можна было б выказаць версію, што гэта спланаваная кімсьці правакацыя, калі б не ведаў рэдактара гэтага часопіса і сітуацыю з выданнем. Не так даўно рэдактар у п'яным выглядзе пабіўся ў самалёце са сцюардэсай, прычым зачапіўся за тое, што яна яму адказала па-руску. За хуліганства рэдактар адседзеў у спецпрыёмніку, але выйшаў героем для нацыянал-патрыётаў. Цалкам магчыма, што спадар Калыбай вырашыў забіць двух зайцоў — падняць тыраж і нагадаць пра сябе. Трэба сказаць, што абедзве задачы выкананы. Хаця ў прынцыпе магла паўдзельнічаць у правакацыі і ўлада, каб трошкі панерваваць Маскву напярэдадні ўступлення ў Еўразійскі саюз. У такім выпадку яны знайшлі самую лепшую кандыдатуру для правакацыі.

Каментаваць