Гітлер не любіў еўра?

Стварэнне ў Германіі партыі еўраскептыкаў выклікала незвычайную дыскусію. Лепшы час для выхаду на палітычную арэну цяжка было знайсці. Першая прэс-канферэнцыя аргкамітэту партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) храналагічна супала з навінамі з Кіпру, дзе сусветны крызіс накрыў мясцовую банкаўскую сістэму.



Бернд Люке


У ФРГ адразу ўзнавіліся дэбаты наконт магчымага краху Еўразоны і вяртання да нямецкай маркі — галоўнага праграмнага патрабавання AfD.

 

Гэта ў выніку прынесла праекту Бернда Люке — лідара AfD — каласальны медыйны эфект. Некаторыя палітычныя аракулы не выключаюць, што на восеньскіх выбарах у Бундэстаг партыя еўраспектыкаў як мінімум складзе канкурэнцыю старым партструктурам. На карысць такога сцэнару выказаліся і сацыёлагі. Адпаведна нядаўнім апытанням агенцтва «Infratest Dimap», 34 працэнты грамадзян ФРГ настальгуюць па сваёй нямецкай марцы.

 

Таму зусім не дзіўна, што вядучыя партыі ФРГ дружна асудзілі стварэнне AfD. Далей за ўсіх пайшла генеральны сакратар Партыі сацыял-дэмакратаў (SPD) Андрэа Нахлес. Яна сумняваецца, што Люке і яго атачэнне ўвогуле немцы, паколькі немцы не могуць, па яе словах, верыць у такое папулісцкае трызненне, як добраахвотны выхад ФРГ з Еўразоны.

 

Адзін з самых папулярных тэзісаў еўракрытыкаў — тэорыя пра тое, што «Альтэрнатыва для Германіі» — своеасаблівы рымейк партыі нацыстаў. «Гэта партыя («Альтэрнатыва для Германіі») уяўляе пагрозу будучыні нашых інстытутаў», — кажа адзін з лідараў парламенцкай фракцыі Саюзу хрысціянскіх дэмакратаў (CDU).

 

Ставіць пытанне так катэгарычна дазваляе той факт, што практычна кожная правая радыкальная партыя, як у Германіі, так і ў суседніх краінах («Нацыянальны фронт» або Брытанская нацыянальная партыя), выступаюць супраць Еўразоны. «Нацыяналістычныя заклікі супраць адзінай валюты і фальшывыя ацэнкі вынікаў увядзення еўра для нямецкай эканомікі характэрныя для ўсіх правых папулісцкіх партый», — сказаў адзін з палітолагаў у папулярнай тэлепраграме «Tagesschau». Ён таксама дадаў, што «існуючыя асцярогі эканамічнага калапсу і скептыцызм адносна палітыкі ЕС сталі інструментамі для распальвання пратэсту дробных буржуа». Той жа самы канал прагназуе, што AfD абавязкова скоціцца да ісламафобіі, гамафобіі — абавязковых фішак ультраправых.

 

Праўда, такі падыход да феномену AfD не ўніверсальны. Некаторыя ліберальныя выданні адзначаюць, што відавочных карычневых адценняў у праекта Люке няма. Пачаць можна з аналізу тэксту «Майн Кампф», дзе няма ніводнага слова супраць адзінай еўрапейскай валюты. Сам Бернд Люке кепска пасуе катэгорыі палітыкаў, да якой належаў Гітлер. У Люке няма ніякай харызмы, а яго прамовы настолькі перагружаныя статыстыкай і акадэмічнай лексікай, што, па словах журналістаў, часам выклікаюць сон.

 

У прынцыпе, тут няма нічога дзіўнага. Бернд (нарадзіўся ў 1962 годзе) усё жыццё быў кабінетным вучоным-эканамістам у Гамбургу. Па сутнасці, старт яго палітычнай кар’еры быў дадзены ў мінулым годзе, калі ён выйшаў з шэрагаў CDU у знак нязгоды з курсам Ангелы Меркель на падтрымку і захаванне еўра. Спачатку раскольнік заснаваў арганізацыю «Выбарчая альтэрнатыва–2013», а пазней пачаў думаць пра партыю. Вядучы нямецкі эканамічны штотыднёвік «WirtschaftsWoche» называе ідэі AfD «камфортнымі для канстытуцыі» і мяркуе, што ў дакрызісны час Люке добра ўпісаўся б у Партыю свабодных дэмакратаў (FDP), дзе традыцыйна існуе фракцыя нацыяналістаў.

 

Увогуле, як лічаць некаторыя палітолагі, такая катэгарычная пастаноўка праблемы: быць супраць еўра — значыць быць нацыстам, ставіць крыж на мадэлі нямецкай дэмакратыі. Атрымліваецца, што кожны трэці бюргер (прыкладна столькі грамадзян ФРГ не давяраюць еўра) — патэнцыйны аматар дыктатуры. На думку аналітыкаў, фармулёўка «правы папулізм», якая ўжываецца ў дачыненні да AfD, не вельмі карэктная і патрабуе ўдакладнення.

 

Магчыма, з пункту гледжання артадаксальнай паліталогіі так яно і ёсць, калі б не эйфарыя, якая ахапіла праварадыкальны фланг ад навіны пра нараджэнне AfD. Так, вядучая правая нямецкая газета «Junge Freiheit» у перадавіцы пад назвай «Паляванне пачалося» спачувае Бернду, які стаў ахвярай «інфармацыйнай масакры» з боку палітістэблішменту і СМІ. Іншы правыя сайты захапляюцца мужнымі эканамістамі, якія парушылі табу на праўду. Нават параўноўваюць кампанію супраць AfD з пераследам апазіцыі ў часы Трэцяга Рэйху.

 

Сімпатыі да Люке, хутчэй, звязаныя з тактычнымі задачамі праварадыкальнага лагеру, які зацікаўлены ў новай рэдакцыі партыйнай сістэмы ФРГ. Пры цяперашняй мадэлі правы электарат з’яўляецца манаполіяй хрысціянскіх дэмакратаў. Калі AfD здолее перацягнуць да сябе частку правых і прарвацца ў Бундэстаг, будзе парушаны адзін з фундаментальных прынцыпаў пасляваеннай нямецкай палітыкі. «Гэта (крытыку на адрас з боку CDU ) можна растлумачыць толькі адным. Эліты адчуваюць жах. Яны інстынктыўна разумеюць, што іх час падыходзіць да канца. Яны чапляюцца за сістэму, якая іх корміць і якая на самай справе ўжо інфікаваная смяротным вірусам», — піша ўсё тая ж газета «Junge Freiheit».

 

                                                    Фраўке Петры

 

Між тым, кіраўніцтва «Альтэрнатывы для Германіі» ўпарта намагаецца «не даць загнаць сябе ў правы кут». «Нам не трэба лавіць рыбу на левым ці на правым флангах, — кажа адзін з лідараў AfD Фраўке Петры. — Сваёй крытыкай сістэмы еўра мы агучваем незадавальненне шырокіх мас. Адказнае іншадумства — не экстрэмізм». Кіраўніцтва «Альтэрнатывы для Германіі» таксама заявіла, што будзе прымаць у партыю толькі пасля пераправеркі палітычнай біяграфіі кандыдатаў. Аднак у эфектыўнасць такога фільтру верыцца слаба. Ужо зараз шматлікія правыя секты ў ФРГ успрынялі з’яўленне AfD як сродак узняць свой статус. Грамадзянскія арганізацыі, якія займаюцца маніторынгам дзейнасці правых радыкалаў, заўважылі на прэс-канферэнцыі Люке цэлую плеяду прадстаўнікоў мікраскапічных правых тусовак, накшталт «Нямецкай кансерватыўнай партыі» або рэспубліканцаў. У кулуарах мерапрыемства можна было наткнуцца на палітыкаў, якіх у свой час выгналі з той жа CDU або з FDP за расісцкія забабоны.

 

Што атрымаецца ў «Альтэрнатывы для Германіі» і якой будзе яе ідэалагічны профіль, стане больш зразумела пасля ўстаноўчага сходу новай партыі, які прызначаны на 14 красавіка.

Каментаваць