Геапалітычныя фантазіі на ўсходні матыў

Фіктыўнасць межаў паміж краінамі на Блізкім Усходзе робіць мясцовыя канфлікты абсалютна непрадказальнымі. Палітолагі ахвотна фантазіруюць пра тое, як у будучыні будзе выглядаць рэгіён.



Нядаўна ўвесь свет прыгадаў сотую гадавіну фатальнага стрэлу ў Сараева ў чэрвені 1914 года, у выніку якога чалавецтва пагрузілася ў Першую сусветную вайну. Найбольш арыгінальна ўзгадалі пра Першую сусветную, напэўна, ісламісты з Іраку. Яны з дапамогай бульдозера разбурылі памежны знак паміж Іракам і Сірыяй, абвясцілі аб стварэнні Халіфата Ірака і Сірыі, і выклалі відэа ў сеціва.

Канцэпт «перформансу» заключаўся ў тым, што быў сімвалічна пахаваны адзін з прадуктаў той самай вайны — сістэма межаў паміж існуючымі дзяржавамі на Блізкім Усходзе.

Дакладней, гэта сістэма называецца лінія Сайкс–Піко паводле прозвішчаў яе аўтараў — брытанскага вайскоўца Марка Сайкса і яго французскага калегі Жоржа Піко.

У маі 1916 года англічанін і француз размежавалі пасляваенныя сферы ўплыву Лондану і Парыжу ў рэгіёне. Непасрэдна былі намаляваныя прыблізныя кардоны брытанскіх і французскіх падмандатных тэрыторый, у рамках якіх пазней паўсталі такія дзяржавы, як Ірак, Сірыя, Ліван, Іарданія. Таксама былі намаляваны контуры Палесціны, якая, як вядома, у 1948 годзе падзялілася, адпаведна рашэнню ААН, на ізраільскую і арабскую часткі. Пры гэтым Антанта праігнаравала свой абяцанак мясцовым саюзнікам — арабскім шэйхам, пра стварэнне адзінага каралеўства для арабаў.

І вось цяпер памежная сістэма, якая дзяліла арабскія дзяржавы Бліжняга Усходу і забяспечвала рэгіянальную стабільнасць, знішчаная. Па сутнасці, усе мясцовыя межы былі дзіравымі і фармальнымі, аднак урады іх паважалі.

Тое, што зрабілі ісламісты Іраку, — не проста жартачкі. Узгаданы вышэй Халіфат карыстаецца дастаткова моцнай падтрымкай суніцкага насельніцтва Іраку, якое незадаволенае палітыкай ураду ў Багдадзе, што, у сваю чаргу, абапіраецца на шыіцкую камуну. Ёсць версія, што за Халіфат змагаюцца былыя генералы Садама Хусейна.

З улікам слабасці ўраду ў Багдадзе, на Захадзе не выключаюць, што Блізкі Усход, якім мы яго ведалі раней, больш існаваць не будзе.

У выніку цяперашняй вайны ў Сірыі і ў Іраку паўстануць новыя дзяржаўныя адзінкі. Магчыма, канфлікт захопіць Турцыю і Ліван. Так ці інакш, прыйдзецца вызначацца наконт падтрымкі аднаго з бакоў лідарам Саудаўскай Аравіі і Ірану.

Абсалютны хаос, які назіраецца на поўначы Іраку, і супярэчлівасць інфармацыі выпісалі палітолагам індульгенцыю на самыя смелыя пражэкты. У прэсе можна наткнуцца на неверагодныя сцэнары развіцця сітуацыі.

Як мінімум, адзіным верагодным уяўляецца стварэнне асобных дзяржаў на аснове суб’ектаў іракскай федэрацыі, якая, як вядома, складаецца з трох этнічных частак — курдаў, іракцаў-сунітаў і іракцаў-шыітаў. Найбольш далёка ў працэсе дзяржаўнага будаўніцтва зайшлі курды. Якія даўно маюць сваю адміністрацыю са сталіцай у горадзе Эрбіл і асобныя вайсковыя часткі. Фуад Хусейн (Fuad Hussein), лідар рэгіянальнага ўраду, ужо заявіў, што застаецца верным прынцыпам іракскага федэралізму, аднак, па яго словах, статус аўтаноміі павінен быць перагледжаны, паколькі вяртання да былой сітуацыі ўжо не будзе.

З’яўленне незалежнага Курдыстану не абяцае нічога добрага для Турцыі, дзе жыве 55 працэнтаў усіх курдаў на планеце. Няма сумневаў, што курдская праблематыка стане яшчэ больш актуальнай для Анкары.

Некаторыя дапускаюць, што сірыйскі лідар Башар Асад можа адрадзіць праект стварэння дзяржавы алавітаў — секты ў ісламе, да сяброў якой належыць дынастыя Асада. Быццам, патронам такога праекту можа выступіць Расія, якая зацікаўленая ў захаванні сваіх баз на сірыйскім беразе Міжземнага мора, дзе якраз і жывуць алавіты.

Ёсць і альтэрнатыўнае меркаванне. Кажуць пра магчымы рэнесанс ідэй панарабізму — дактрыны будаўніцтва адзінай арабскай дзяржавы. Яе могуць паспрабаваць фарсіраваць той жа Дамаск і Багдад, паколькі мясцовыя лідары вельмі пасябравалі апошнім часам на глебе нянавісці да радыкальных ісламістаў. Слабым месцам ідэі адзінай арабскай дзяржавы з’яўляецца вопыт Насэра. Як вядома, у часы Насэра Егіпет і Сірыя пагадзіліся на стварэнне адзінай арабскай дзяржавы, аднак у выніку нічога з гэтай фармацыі не атрымалася.

Іншыя кажуць, што адміністрацыя Багдаду, дзе шмат шыітаў, будзе рабіць стаўку на дапамогу аднаверцаў з Ірану. Кажуць, што шэраг вайсковых іранскіх фармаванняў ужо высунуліся ў бок Багдаду. У такім выпадку можа быць абвешчана шыіцкая іракская дзяржава.

На думку некаторых палітолагаў, ісламісты могуць гальванізаваць фундаменталісцкі рух не толькі ў рэгіёне, аднак і ва ўсім свеце. Гэтаму спрыяе таксама постмадэрнісцкі прысмак канцэпцыі ідэі Халіфату ў ХХІ стагоддзі. У гэтай перспектыве не зразумелая будучыня палесцінскага пытання. Адны кажуць, што пра яго забудуць з-за вайны ў Іраку. Другія — што "Хамас" і іншыя мясцовыя экстрэмісты, наадварот, атрымаюць маральны допінг. Калі арабы больш не прызнаюць старых межаў, усе дамовы з Ізраілем губляюць сэнс.

У прынцыпе, усе пагаджаюцца, што зона турбулентнасці больш вялікая за Блізкі Усход. Патэнцыйна канфлікт можа ахапіць і Егіпет. Там таксама назіраецца характэрная для арабскіх грамадстваў праблема — слабы гарадскі сярэдні клас, не здольны ствараць палітычную прастору самастойна. На першых этапах незалежнасці праблема вырашалася за кошт арміі, аднак з пачаткам эканамічнага крызісу, вайскоўцы могуць кантраляваць сітуацыю толькі за кошт рэпрэсій, што робіць сацыяльную структуру нестабільнай.

Таксама цікава, што ніводны актор канфлікту ў Іраку не змагаецца за нацыянальную дзяржаву ў былых межах. У лепшым выпадку, гутарка ідзе пра абарону інтарэсаў племені, рэгіёну або аднаверцаў. Што атрымаецца на выхадзе, прагназаваць нельга, у тым ліку таму, што Захад, страціўшы аўтарытэт пасля сумных вынікаў іракскай інтэрвенцыі, ужо наўрад ці здольны навязаць мір, як гэта было ў далёкія часы Першай сусветнай вайны. 

Каментаваць