Германія. Яшчэ адзін кандыдат у Мытны саюз?

Нямецкія еўраскептыкі з партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) апублікавалі тэзісы пра сваё бачанне міжнароднай палітыкі ФРГ. Тэзісы дастаткова цікавыя. 



Так, AfD жадае захавання існуючай заходняй сістэмы бяспекі, і больш за тое, разглядае ЗША як вядучага гаранта стабільнасці на планеце. Значна больш радыкальныя погляды ў еўраскептыкаў на будучыню ЕС.

Партыя выступае за выключэнне з Еўрапейскага саюза Грэцыі, Румыніі і Балгарыі, за ліквідацыю цэнтральнага апарату ЕС і трансфармацыю самога Еўрасаюза ў зону вольнага гандлю.

Не менш радыкальны падыход прапануецца ў дачыненні да Расіі. Расія разглядаецца еўраскептыкамі як галоўны рэсурс сыравіны, на які павінна абапірацца германская эканоміка. Аўтары праграмы заклікаюць узгадаць часы Бісмарка, калі краіны моцна сябравалі. Такая ідэалізацыя Расіі выклікала шок сярод правых, якія падтрымліваюць AfD.

Між тым, прэса называе ідэю пра вечнае нямецка-рускае сяброўства «рамантызацыяй» і іранізуе наконт таго, што AfD збіраецца ўцягнуць Германію ў Мытны саюз. Застаецца сказаць, што за тыдзень да выбараў рэйтынг AfD узняўся да 4 працэнтаў. Ці пройдзе AfD у бундэстаг, хутка даведаемся.

Паводле нямецкай прэсы

Каментаваць