Германія. Рэферэндум вяртаецца

«Suddeutsche Zeitung», адна з самых уплывовых нямецкіх газет, сцвярджае, што падчас цяперашніх кааліцыйных перамоваў паміж эсдэкамі і хрысціянскімі дэмакратамі ўзнята пытанне вяртання ў нямецкі палітычны працэс практыкі рэферэндумаў.



Плебісцыты зніклі з нямецкіх законаў пасля 1945 года, паколькі ў часы Гітлера ўсенародныя апытанні праводзіліся вельмі часта для легалізацыі дыктатуры. Аднак цяпер для развіцця грамадзянскай ініцыятывы вырашана рэферэндумы рэабілітаваць. Праўда, рэферэндумы ў ФРГ, на думку ўдзельнікаў перамоваў, можна будзе праводзіць не па ўсіх пытаннях, а выключна па праблемах еўрапейскай інтэграцыі.

Чутка пра вяртанне рэферэндумаў у нямецкае заканадаўства ўжо занепакоіла некаторыя ўсходнееўрапейскія эліты. Відавочна, што да еўрапейскай інтэграцыі таксама можна аднесці і пытанне прыёму ў склад ЕС новых сябраў.

Такім чынам, бюргеры, якім цяпер характэрныя ксенафобскія настроі, могуць заблакаваць працэс пашырэння ЕС і перш за ўсё паставіць крыж на еўраамбіцыях Турцыі. Праўда, для правядзення ўсенароднага галасавання яго ініцыятарам трэба сабраць мільён подпісаў.

Паводле нямецкай прэсы

Каментаваць