Год пасля Мінску

Украіна адзначыла гадавіну мінскіх дамоўленасцяў. Праз год усё больш украінскіх палітолагаў называюць мінскі працэс актам капітуляцыі. Чаму? "НЧ" размаўляе з пра гэта Пятром Радавым, выкладчыкам паліталогіі аднаго з кіеўскіх ВНУ.



— Год таму былі падпісаныя дамоўленасці, так званыя Мінск–1, якія ў сваю чаргу сталі фундаментам для пакета дамоваў Мінск–2, што быў падпісаны ў лютым. Ні ў верасні, ні ў лютым тыя дамовы актам капітуляцыі ніхто не называў. Чаму гэта здарылася цяпер?

— Мінск–1 падпісваўся па слядах трагедыі пад Ілавайскам і прарыву сепаратыстаў да Марыупалю, а Мінск–2 — на фоне пагрозы стварэння катла пад Дэбальцава. У такой атмасферы тэрміновы мір лічыўся не самым кепскім варыянтам. Тым больш, што мэта дакументу — рэінтэграцыя Данбасу ў склад дзяржавы. У дадатак гэта падпісанне лабіраваў Захад, які ўспрымаўся як стоадсоткавы абаронца ўкраінскіх інтарэсаў. Толькі пасля таго, калі пачалася канкрэтная імплементацыя Мінску, стала зразумела, што не ўсё так проста. Так, высветлілася, што Мінск–2 — гэта па сутнасці канстытуцыйны канструкт. Некаторыя параграфы Канстытуцыі павінны быць перапісаныя, каб адпавядаць пунктам дамовы. У прыватнасці, нефармальныя рэспублікі для вяртання ў лона Украіны спачатку павінны атрымаць аўтаномію, або так званы спецстатус. Паступова грамадскасць стала схіляцца да думкі, што Мінск–2 — гэта план Масквы па паступоваму ўцягванню ЛНР і ДНР ва ўкраінскае палітычнае цела, што дазволіць ім уплываць на цэнтральныя рашэнні.

— Змены ў Асноўны закон праштурхоўвае Блок Пятра Парашэнкі. Чым спікеры гэтага блоку тлумачаць неабходнасць надання спецстатусу Данбасу?

— Па-першае, папраўкі падаюцца пад соусам шляхетнай справы — пашырэння самакіравання. Мінск–2 таксама прапануюць разглядаць як атрыманне Кіевам часовай перадышкі для рашаючага ўдару па сепаратыстах, падобнага таму, як гэта зрабілі харваты. Гутарка пра аперацыю «Маланка» 1995 года, калі харвацкая армія знішчала Сербскую Краіну, якой раней Заграб даў аўтаномныя правы. Кажуць, што выхад з фармату Мінску можа значыць канец для сусветнай антыпуцінскай кааліцыі, наяўнасць якой — умова для працягу рэжыму антырасійскіх санкцый. Аднак, у выніку чым больш парашэнкаўцы апрацоўваюць мазгі, тым вастрэй у абывацеля пачуццё таго, што Мінск–2 — гэта нейкі «развод». Страх, што табой маніпулююць, — не апошні фактар, які спрычыніўся да радыкалізму акцыі 31 жніўня. Тады пад сценамі Вярхоўнай Рады, дзе галасавалі за папраўкі, адбыўся сапраўдны бой. Вынікі нагадваюць паведамленні з перадавой — тры забітыя сілавікі ад кінутай гранаты і 140 параненых.  

— Праўладныя медыя перакладаюць усю адказнасць за «крывавы панядзелак 31 жніўня» на нацыяналістаў з аб’яднання «Свабода» — арганізатараў мітынгу каля будынку Рады. Наколькі «Свабода» вінаватая ў падзеях?

— «Свабодзе», якая губляе ў рэйтынгах з-за моцнай канкурэнцыі на правым флангу, сапраўды, была патрэбная карцінка, якая стварыла ёй імідж заўзятых праціўнікаў сепаратызму. Аднак не верыцца, што яе лідар Алег Цягнібок і яго атачэнне сапраўды рыхтавалі сцэнар захопу Рады. У такім бы выпадку лідар «Сабоды» не прыйшоў бы на акцыю са сваімі дзецьмі. Проста ніхто не пралічыў трэндаў, пра якія даўно казалі, — з фронту вяртаюцца часам псіхічна неўраўнаважаныя людзі, гатовыя да радыкальных антыўрадавых выступаў. Менавіта да такой катэгорыі належыць хлопец, якога падазраюць у кіданні гранаты 31 жніўня.

 Для такіх, як гэты хлопец, прызнаць «Мінскія папраўкі» — значыць распісацца ў тым, што ўсё, што яны вытрымалі на фронце, смерць іх сяброў, — усё было бессэнсоўным. Па-другое, вайскоўцы традыцыйна спісваюць усе правалы на фронце на здраду ў штабе, ва ўрадзе і ў прэзідэнцкай адміністрацыі. Думаю, што мы яшчэ неаднаразова будзем чуць пра праявы такога «данецкага сіндрому».

— 31 жніўня Рада ўсё ж падтрымала мінскія папраўкі. Аднак пры гэтым фракцыі трох партый, які ўваходзяць у кааліцыю, галасавалі супраць. Радыкальная партыя Алега Ляшко ўвогуле пакінула кааліцыю. Неабходныя галасы былі здабытыя за кошт Апазіцыйнага блоку — фармавання, якое было створанае на базе Партыі рэгіёнаў. Ці не значыць урадавы крызіс пачатак вяртання былых рэгіяналаў ва ўладу?

— Стварэнне апазіцыйнага блоку ў свой час праходзіла па куратарствам алігарха Сяргея Лёвачкіна, які адказваў у адміністрацыі Януковіча за кантакты з пасольствам ЗША, і нават лічыўся аўтарам студэнцкага Еўрамайдану. Таму Блок нельга лічыць іншапланетным целам у Постмайданаўскай Украіне. Сітуацыйна яго сябры могуць лёгка падтрымліваць праекты Парашэнкі, з якім яны ў дадатак маюць шмат бізнес-кантактаў. Скалаціць «шырку» (шырокую кааліцыю) на цяперашнім этапе будзе цяжка па цэламу шэрагу прычын. Аднак чаканы поспех Блоку на мясцовых выбарах у кастрычніку можа даць ім больш прасторы для манеўру.

— Ці выконвае мінскія дамоўленасці Данецк і Луганск?

— Не думаю. Напрыклад, яны не ўзгаднілі з Кіевам фармат мясцовых выбараў, якія пройдуць у кастрычніку. Па сутнасці, Мінскі пакт арыгінальна тлумачаць і выконваюць абодва бакі, не кажучы пра тое, што графік рэалізацыі яго параграфаў даўно пратэрмінаваны. Думаю, у еўрапейскіх сталіцах і ў Маскве ёсць дамоўленасць — часова замарозіць канфлікт, у тым ліку з-за унутраных праблемаў (падзенне нафты, крызіс імігрантаў). Таму на нейкія пабочныя эфекты — спадарожнікі мінскага працэсу, ніхто ўвагі не звяртае. Галоўнае, каб менш стралялі. Праблема ў тым, што на Данбасе, які непасрэдна быў арэнай баявых дзеянняў, любы мір на карысць аўтарытэту ўлады. Па той бок ліні фронту мінскі мір успрымаецца больш супярэчліва і часта разглядаецца праз прызму агульнага стаўлення да ўраду, чыя сацыяльна-эканамічная палітыка вельмі не папулярная. Праўда, як выйсці з мінскай парадыгмы, ніводны радыкал не ведае: краіна, і ў тым ліку армія, вельмі залежаць ад дапамогі з Захаду.

Каментаваць