Румын падзяліў Украіну

Звычайны ўкраінскі гопнік падзяліў украінскую супольнасць і вызначыў новы вектар развіцця краіны.  У Кіеве судзяць Вадзіма Цітушку за збіццё журналісткі 5-га канала Вольгі Сніцарчук.



Вадзім Цітушка


Сёння ўся Украіна гудзіць з-за падзей у невялікай вёсцы Врадзіеўка, што на Мікалаеўшчыне. Там група сялян штурмавала РАУС пасля таго, як стала вядома, што яго супрацоўнікі збілі і згвалтавалі адну з тутэйшых жанчын. Цяпер на Кіеў з Врадзіеўкі нават рушыць марш украінскіх грамадзян, якія больш не могуць трываць беспакаранасць міліцыі. Але гаворка не пра гэтую гучную падзею.

У параўнанні з трагедыяй у вёсцы Врадзіеўка маштаб справы, якая пачала слухацца ў судзе Шаўчэнкаўскага раёна сталіцы ў пачатку ліпеня, выглядае папросту смешна. Тут судзяць Вадзіма Цітушку па мянушцы «Румын», які, па версіі пракурора, збіў (па версіі адваката, проста штурхнуў) журналістку падчас апазіцыйнай акцыі «Паўстань, Украіна». Аднак інтарэс грамадства да працэсу над Румынам каласальны. Грамадства падзялілася на палярныя лагеры — прыхільнікаў Вадзіка і яго ненавіснікаў.

Вадзім Цітушка — 20-гадовы жыхар горада Белая Царква. Калі меркаваць па яго занятку, лексікону і стылю жыцця, Вадзім нагадвае кананічнага гопніка. Праўда, Вадзік мае дачыненне да палітыкі. Свой ангажэмент у палітычны працэс ён сам апісвае так: «Прыходзіцца ўдзельнічаць у мітынгах, таму што займаюся спортам, але паколькі ніхто за спорт не плаціць, таму даводзіцца займацца аховай».

Менавіта аховай займаўся Вадзім і 18 мая, калі ў Кіеве амаль паралельна прайшлі акцыі апазіцыі «Паўстань, Украіна!» і «Антыфашысцкі мітынг», арганізаваны Партыяй рэгіёнаў. Вадзіма і «брыгаду» такіх жа хлопцаў нанялі ахоўваць трыбуну на мітынгу Партыі рэгіёнаў. Калі «ахоўнікі» рушылі ў прызначанае месца, каб атрымаць ганарар, яны выпадкова сутыкнуліся з актывам партыі «Свабода», вядомым сваім ваяўнічым норавам. Завязалася бойка, падчас якой пад руку Вадзіму падвярнулася журналістка апазіцыйнага 5-га канала Вольга Сніцарчук і яе аператар.

Інцыдэнт пра збіццё Вольгі абляцеў СМІ. Журналісцкая карпарацыя Украіны пабачыла тут выразны замах на свае правы з боку Партыі рэгіёнаў, якая тэрарызуе прэсу рукамі гопнікаў. У Вярхоўнай Радзе нават стварылі камісію па расследаванні бойкі. Адначасова на Румына завялі справу і цяпер судзяць паводле двух артыкулаў КК — хуліганства і перашкода працы журналістаў.

Вялізарны бум у апазіцыйнай прэсе, здаецца, не пакідаў шансаў нашаму герою. Па сутнасці, Вадзіма, які, напэўна, ніколі ў жыцці не бачыў той 5-ы канал, проста падставілі — прымусілі адказваць за бяздзейнасць міліцыі.

Аднак нечакана яго фігура аказалася вельмі прываблівай у вачах шматлікіх суайчыннікаў, якія пачалі нізавую кампанію ў абарону гопніка. Толькі ў сацсетцы ВКонтакте груп, прысвечаных Румыну, ажно шэсць (характэрна, што груп, створаных у падтрымку Вольгі Сніцарчук у сацсетках не выяўлена).

Аргументацыя «румынафілаў» прыкладна такая: «У падлеткавым узросце Цітушка здзейсніў крадзеж, за што атрымаў умоўны тэрмін. Для сапраўдных пацаноў «не западло» і рэальны тэрмін адматаць».

Аднак у гэтай размытай масы фанатаў Вадзіма знайшоўся авангард — кагорта антыаранжавых журналістаў, палітолагаў і дэпутатаў ад Партыі рэгіёнаў. Яны склалі нешта накшталт маніфеста ў абарону спартсмена. «Тое, што адбылося 18 мая ў Кіеве на заключным гала-канцэрце «Паўстань, Украіна!» (а, уласна, не адбылося НІЧОГА) стала прадметам палітычных спекуляцый і масавага маніпулявання грамадскай думкай з боку палітыкаў ад апазіцыі і асобных апазіцыйных журналістаў. Хлусня, паклёп, танныя інсцэніроўкі могуць выкарыстоўвацца і ў далейшым. Свой правал айчынная апазіцыя спісала на 20-гадовага жыхара Белай Царквы Вадзіма Цітушку, абвінаваціўшы яго ў жорсткім гвалце ў дачыненні да журналістаў у цэнтры Кіева. На самай справе — гэта цынічная хлусня», — гаворыцца ў дакуменце.

Падобныя заявы яшчэ больш радыкалізавалі дэмакратычную грамадскасць у справе Цітушкі. Як заявіў апазіцыйны палітолаг Тарас Беразовец, працэс над Цітушкам будзе мець не толькі фатальныя вынікі для лёсу ўкраінскай журналістыкі, аднак і ўвогуле для бяспекі кожнага ўкраінца. «Вадзім «Румын» Цітушка павінен быць пакараны, або гэта дасць «зялёнае» святло іншым «гопнікам» беспакарана біць людзей».

Яшчэ далей пайшоў малады цярнопальскі дэмакрат Сцяпан Барна, які 20 чэрвеня праз сваю старонку старонцы ў Фэйсбуку выклікаў «адмарозка» Румына на двухбой. Барна піша: «Вадзік, калі ў табе яшчэ засталося нешта ад мужчыны, то сустрэнься са мной на рынгу! Я навучу цябе паважаць украінскіх жанчын. Чакаю твайго адказу!» Румын прыняў выклік. Так што цяпер, як кажуць, — рабіце стаўкі!

Усё гэта гісторыя чым далей, тым больш нагадвае некантралюемы працэс з трагікамічнай афарбоўкай. Аднак ёсць адна важная дэталь. Усё больш палітолагаў пагаджаюцца з тым, што бойка падчас мітынгу 18 мая — праява новай сацыяльнай рэальнасці сучаснай Украіны. Пра гэта, напрыклад, піша палітолаг Юрый Раманенка. Паводле яго слоў, «сам феномен «быдла» становіцца прадуктам незалежнай Украіны. Падобныя малойчыкі — гэта яркія прадстаўнікі пакалення ўкраінскай «біямасы», якая вырасла ва ўмовах інфраструктурнай і сацыяльнай дэградацыі Украіны. Не выпадкова гэтым дзецям па 20 гадоў — яны цалкам сфармаваліся як індывіды ва ўмовах незалежнасці».

Таму цікава аналізаваць феномен Вадзіка Румына ў кантэксце дыскусіі пра магчымую Асацыяцыю Украіны з ЕС, у рамках якой шмат кажуць пра гістарычны, аксіялагічны і цывілізацыйны выбар Украіны паміж Еўропай і Расіяй. Аднак у праекцыі на сацыяльную дынаміку — станаўленне групы з умоўнай назвай «вадзікі румыны» — падаецца не актуальным. Значна больш кампетэнтны прагноз на бліжэйшую будучыню краіны, які прапануе інтэрнэт-выданне «Хвиля»: «Гэта (вадзікі румыны) — гліна… Ёю лёгка маніпуляваць, але ўсё роўна іх трэба карміць. А няма каму. Альтэрнатыва ў іх невялікая. Міграцыя за мяжу абмежаваная, паколькі і ў Еўропе, і ў Расіі нарастае эканамічны крызіс. Плюс патрэбна кваліфікацыя, а яна — не самы моцны канёк пакалення. Таму самыя моцныя і нахабныя будуць збівацца ў зграі і шукаць, дзе пакарміцца. Зрэшты, у Запарожжы і іншых прамысловых гарадах паўднёвага ўсходу краіны 1990-я гады ўжо вярнуліся».

Таму цяперашні суд над Цітушкам — гэта фарс. З улікам таго, што Партыі рэгіёнаў важна выглядаць сваімі сярод люмпенізаванай моладзі, Цітушку стоадсоткава адмажуць.

Больш за тое, у прэсе ўсё больш спекуляцый наконт таго, што спартсмена чакае фантастычная палітычная кар’ера. Асабліва, калі ўзгадаць, што Віктар Януковіч таксама пачынаў з гоп-стопаў. «Мяркуючы па тым, як бароніць «ахоўніка» Вадзіма Цітушку ўлада заможных — ад дэпутатаў Партыі рэгіёнаў да сілавікоў — просты хлопец з Белай Царквы можа прэтэндаваць на большае. Напрыклад, на месца ў Вярхоўнай Радзе. Ці ў міністэрстве. А там, глядзіш, і да прэзідэнта дарасце. Добры ж хлопец», — разважае ўплывовы часопіс «Карэспандэнт». 

Каментаваць