Хорст Зеехофер — новы канцлер ФРГ?

Міграцыйны крызіс настолькі расхістаў нямецкі ўрад, што палітолагі не выключаюць самых неверагодных сцэнараў.

 Фота www.radio.cz

Мала хто ведае, што ў 1976 годзе Франц Ёзэф Штраўс, харызматычны лідар баварскага Хрысціянска-сацыяльнага саюза (CSU) планаваў перагледзець статус сваёй партыі ў нямецкай палітыцы. На думку Штраўса, яго структура павінна была выйсці за межы Баварыі і пачаць працаваць на агульнанямецкім узроўні. Аднак праз пратэст Саюза хрысціянскіх дэмакратаў (CDU) — партнёрскай партыі — ад напалеонаўскага плану давялося адмовіцца. Гельмут Коль, на той час лідар CDU, прыстрашыў Штраўса парытэтным адказам: хрысціянскія дэмакраты маглі адкрыць офіс у Мюнхене. Штраўс у выніку даў задні ход.

На думку палітолагаў, сёння ў баварцаў ёсць унікальны шанец рэалізаваць фантазіі Штраўса. Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, у выпадку трансфармацыі CSU у фармат федэральнай партыі, яна можа разлічваць на 18 працэнтаў галасоў. Гэта другі паказчык у партыйным спаборніцтве. Больш могуць набраць толькі хрысціянскія дэмакраты (22 працэнты).

Тое, што традыцыйны выбаршчык CDU гатовы здрадзіць Меркель, тлумачыцца апошнімі разборкамі ўнутры кансерватыўнага лагеру. Розныя, і нават часам полюсныя погляды CDU і CSU на праблему міграцыі дасягнулі кульмінацыі, калі Хорст Зеехофер, кіраўнік МУС і прадстаўнік CSU, на пачатку чэрвеня прапанаваў план вырашэння праблемы ўцекачоў.

Зеехофер прапануе, каб мігранты без дакументаў аўтаматычна, адразу на мяжы, атрымлівалі адмову. Не могуць заехаць у краіну і тыя, хто быў дэпартаваны раней. Паводле міністра, трэба адмовіцца ад грашовага прынцыпу дапамогі ўцекачам. На думку Меркель, такая практыка падарве еўрапейскія прынцыпы міграцыйнай палітыкі. Не кажучы пра тое, што прапанаваны Зеехоферам план — гэта ў чыстым выглядзе «бунт на караблі». У праграме ўраду падобных кампетэнцый ніхто кіраўніку МУС не надаваў. Адным словам, бакі не на жарт паспрачаліся. Зеехофер нават пагражае адстаўкай.

Дасюль не зразумела, як у Берліне збіраюцца паслабіць эскалацыю. Адсюль сапраўдны карнавал спекуляцый на старонках нямецкай прэсы. Найбольш мяккі сцэнар магчымай развязкі — усё неяк само сабой наладзіцца. Аднак наўрад ці гармонія працягнецца вельмі доўга — у тым ліку праз складаныя асабістыя адносіны паміж кааліцыянтамі. Зеехофер дазволіў сабе нават публічна сказаць на адрас Меркель некарэктную фразу: «Я не магу больш працаваць з гэтай жанчынай».

Існуе яшчэ адзін варыянт — Меркель і Зеехофер падаюць у адстаўку, што, праўда, з улікам характару канцлера, цяжка ўявіць. Таксама не ўкладаецца ў галаву схема, калі яна капітулюе перад Зеехоферам, даўшы зялёнае святло яго праекту. З катэгорыі фантастычных — і версія, паводле якой адна з азіяцкіх або афрыканскіх краінаў нечакана пагодзіцца за адпаведныя грошы адкрыць на сваёй тэрыторыі лагер, куды будуць накіроўвацца ўсе мігранты, якія штурмуюць кардоны ФРГ.

Таму большасць каментатараў сапраўды не выключае сыходу баварцаў у аўтаномнае плаванне, што аўтаматычна выклікае ўрадавы крызіс. Кааліцыя, дзе пасля эвакуацыі CSU застануцца кансерватары і эсдэкі, страціць дэпутацкую большасць. У такой сітуацыі Меркель павінна шукаць трэцяга — у асобе, напрыклад, Зялёных, або паспрабаваць руліць, не маючы большасці да 2021-га, калі адбудуцца чарговыя выбары.

Аднак усе чакаюць выбараў, паколькі без CSU кабінет будзе мець слабую легітымнасць у грамадстве. І, як сведчаць згаданыя вышэй дадзеныя сацыёлагаў, найбольш верагоднымі кандыдатамі на пасаду канцлера будуць менавіта Меркель і Зеехофер. Хто можа перамагчы ў гэтай дуэлі ўчорашніх паплечнікаў?

Кансерватыўная прэса робіць стаўку на Зеехофера. Як піша «Junge Freiheit», сам факт краху кансерватыўнага блоку будзе маральнай катастрофай для Ангелы Меркель, якая не здолела захаваць міжпартыйную кааперацыю, што цягнецца з 1949 года. Супраць Меркель спрацуе і стомленасць ад яе выбаршчыкаў — як-ніяк, ва ўладзе Меркель ужо 13 гадоў.

Нарэшце, як лічаць некаторыя каментатары, дапамогуць Хорсту Зеехоферу і тыя, хто абірае правапапулісцкую «Альтэрнатыву для Германіі» (AfD). Гэта партыя, па сутнасці, — пратэстная тусоўка, дзе шмат праварадыкалаў. Такое суседства шмат каму з «альтэнатыўшчыкаў» не падабаецца, і фракцыя гатовая галасаваць за больш правую за CDU памяркоўную кансерватыўную партыю, а Зеехофер для іх — проста ідэальны кандыдат.

Праўда, гучаць і іншыя галасы. Як адзначае часопіс «Der Spiegel», выбары, на якіх галоўнай тэмай будзе міграцыйнае пытанне, робяць адназначным фаварытам «Альтэрнатыву для Германіі», што ў рамках кампаніі будзе даваць самыя неверагодныя папулісцкія абяцанкі.

Між тым, час ідзе — і Меркель трэба прымаць рашэнне наконт свавольнага міністра. Хутчэй за ўсё, разгадку рэбуса мы пабачым бліжэйшым часам. І, дарэчы, на рашэнне Меркель можа паўплываць трагедыя зборнай ФРГ на Мундыялі. Ёахім Лев — трэнер нямецкай зборнай — у вачах правых немцаў выглядае як Меркель нумар два. Узгадваюць і тое, што Лев, як і Меркель, вельмі доўга займае пасаду кіраўніка (з 2006 года). Не прайшлі жартаўнікі міма падабенства прычосак Меркель і Лева. Таксама трэнеру закідаюць і сімпатыі да футбалістаў іншаземнага паходжання (маўляў, гэта калька міграцыйнай палітыкі Меркель) і, нарэшце, упартае нежаданне Ёахіма нешта мяняць у гульні каманды. Гучнае фіяска зборнай ФРГ, якая ўпершыню ў гісторыі не выйшла з групавой стадыі Чэмпіянату свету, дакладна стымулюе раздражненне немцаў на адрас канцлера з усімі адпаведнымі палітычнымі наступствамі.  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць