Грэцыя хоча спагнаць з Германіі шматмільярдныя рэпарацыі за злачынствы нацыстаў

Прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас кажа, што ягоная краіна мае «маральнае абавязацельства» патрабаваць кампенсацыі ад Германіі за шкоду, нанесеную нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны.



Грэцыя мае «маральнае абавязацельства перад народам, перад гісторыяй, перад усімі еўрапейскімі народамі, якія змагаліся і пралівалі сваю кроў у барацьбе з нацызмам», сказаў ён у звароце да парламента, паведамляе The Daily Telegraph.
 
 
Берлін ужо агучыў цвёрдае «не» на запыты аб кампенсацыі шкоды амаль праз 70 гадоў пасля заканчэння вайны, але спадар Цыпрас і яго радыкальная левая партыя паабяцалі вырашыць пытанне.
 
 
«Нашым гістарычным абавязацельствам з'яўляецца патрабаванне акупацыйнага доўгу і рэпарацый», — сказаў новы прэм'ер, спасылаючыся на чатыры гады акупацыі Грэцыі і крэдыт, які грэцкі цэнтральны банк мусіў даць пад ціскам Трэцяга Рэйху, што нанесла фінансавы ўдар па краіне. 
 
 
Syriza, партыя спадара Цыпраса, сцвярджае, што Германія вінавата ёй каля 162 мільярдаў еўра — або каля паловы дзяржаўнага доўгу краіны, які складае больш за 315 мільярдаў еўра.
 
 
Узнятае пытанне рэпарацый пагражае пагоршыць і без таго нацягнутыя адносіны паміж Афінамі і Берлінам, што выклікана нежаданнем Цыпраса падтрымліваць меры жорсткай эканоміі, якіх патрабуюць міжнародныя крэдыторы.

Каментаваць