Ці далучаць Паўднёвую Асецію да Расіі?

Нечакана зноў атрымала актуальнасць тэма правядзення ў Паўднёвай Асеціі плебісцыту наконт уваходжання краю ў склад Расійскай Федэрацыі. Па словах прэзідэнта самаабвешчанай рэспублікі Леаніда Цыбілава, ён меў на гэты конт размову з Пуціным. 

Фота ria.ru


У выніку палітыкі не толькі дамовіліся пра неабходнасць адпаведнага рэферэндуму, але і, быццам, пагадзіліся правесці мерапрыемства вельмі аператыўна. Рэферэндум пройдзе «не праз год, не два і нават не праз паўгода, а раней», кажа Цыбілаў.


Між тым, каментатары заклікаюць асцярожна ставіцца да заяваў лідара Паўднёвай Асеціі. Па-першае, падобныя абяцанкі гучаць ужо як мінімум тры гады. Па-другое, дасюль не зразумелая прававая схема інкарпарацыі.

Сам Цыбілаў кажа, што па выніках галасавання будзе сфармаваны нейкі пераходны сумесны орган кіравання, што, аднак, супярэчыць расійскай Канстытуцыі, а для Пуціна вельмі важна давесці, што ўсё адпавядае нормам права.

Таму ўсе лічаць, што Цыбілаў займаецца піярам напярэдадні выбараў прэзідэнта непрызнанай рэспублікі.

Яшчэ адна нагода для Масквы, каб не спяшацца, — эскалацыя канфлікту ў Нагорным Карабаху, які стварае абсалютна новы пейзаж ў Закаўказзі.

Паводле грузінскай прэсы

Каментаваць