Грузія: рэформы, якія змянілі сацыяльную тканку грамадства

Грузія, краіна былога СССР, увайшла ў міжнародныя эканамічныя справаздачы як прыклад паспяховага рэфарматара.
Натуральна, гэты шлях не быў просты...



Натуральна, гэты шлях не быў просты: спачатку краіна завязла ў войнах, крымінале, карупцыі, а працэс рэформаў расцягнуўся амаль на дзесяць гадоў. Грамадства не заўсёды ўхваляла рэзкія новаўвядзенні ўрада, потым дадаўся ваенны канфлікт з Расіяй. Не маю намеру спяваць хвалебныя оды ўраду Міхаіла Саакашвілі, але ёсць бачны вынік: цяпер краіна мірная, бяспечная і прывабная старонняму назіральніку. Агенцтва міжнароднага развіцця ЗША (USAID) назвала змены бізнес-клімату ў Грузіі «самымі шырокімі, глыбокімі і хуткімі рэформамі, праведзенымі ў якой-небудзь з краін свету за апошнія 50 гадоў». «НЧ» падрыхтаваў серыю публікацый пра досвед трансфармацыі грамадства, эканомікі і палітычнага ладу Грузіі. 

 У першай публікацыі мы прапануем чытачам гутарку з былым кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Саакашвілі Андро БАРНОВЫМ.

— На прыкладзе Грузіі вы змаглі даказаць, што невялікая краіна, чыя эканоміка была завязаная на Расію, можа выйсці з-пад расійскага ўплыву, жыць і нават развівацца.

— Так, мы гэта зрабілі. Калі ўрад Саакашвілі прыйшоў да ўлады, Грузія сапраўды была завязаная на Расію. Але эканоміка нашай краіны была ў 15 разоў меншай. Бюджэт Грузіі ў 2003 годзе складаў каля 800 мільёнаў лары (прыкладна 300 мільёнаў долараў). Гэта нішто. Ужо ў 2012 годзе сукупны бюджэт Грузіі быў 8,5 мільярда лары (5,15 мільярда долараў). Калі мы адкрылі эканоміку для свету, стала зразумела, што пастаўляць тое ж віно ў Еўропу больш выгадна, і нават пачалі экспартаваць электраэнергію.

Каб выйсці ад залежнасці ад Расіі, трэба многа працаваць. Але найперш самі грамадзяне мусяць гэтага захацець, патрэбны лідар, які пакажа перспектывы. І адключыць расійскае тэлебачанне, якое ёсць рупарам прапаганды.

Канешне, з Расіяй можна мець справу, гандляваць, але залежаць ад іх дакладна нельга. Што маленькая гордая краіна можа хацець, апроч як мець добрыя стасункі з вялікім суседам? Ды нічога больш. Але не за кошт нашай незалежнасці, нашага суверэнітэту. Сёння ж мы маем такі кантэкст падзей, што з Расіяй увогуле лепш ніякіх спраў не мець, бо апроч карупцыі, крыміналу, злодзеяў і кулі адтуль чакаць няма чаго.

— Як тлумачылі насельніцтву, калі распачалі рэформы, што вынік ад іх будзе не тут і цяпер, што патрэбны час і цярпенне?

— Вынікі можна было пабачыць ледзьве не на другі дзень. Я ўжо сказаў, які быў бюджэт — 800 мільёнаў лары. І ўсё лічылі ад гэтых лічбаў, і кралі таксама ад іх. Але насамрэч 80% эканомікі было ў ценю. Мы змянілі паліцыю, мытню, набралі новых людзей, навучылі іх працаваць па-новаму, тым больш — гэта не фізіка, якую трэба вучыць гадамі. І літаральна за год бюджэт краіны вырас у дзесяць разоў. Важны момант: калі змяняеш сістэму, трэба набіраць маладых людзей, не сапсаваных.

— Калі вы рабілі рэформы ў сілавых ведамствах, а гэтаму папярэднічала масавае звальненне людзей, ці не баяліся, што гэтыя паліцэйскія са зброяй на руках выйдуць на вуліцу і прагоняць вас?

— Зброю на руках трэба кантраляваць. А так — выйдуць, канешне, у нас таксама былі дэманстрацыі, былі незадаволеныя. Але, калі хочаш рабіць рэформы, трэба ісці напрасткі. Так, з сацыяльнага пункту гледзішча гэта цяжка. (былі звольненыя 75 з 85 тысяч супрацоўнікаў МУС. Усе супрацоўнікі ДАІ — 14 тысяч чалавек — былі звольненыя ў адзін дзень, а дзяржаўтаінспекцыя ліквідаваная. Пры гэтым былых супрацоўнікаў імкнуцца не браць на працу ў паліцыю. — В.Х.). Але функцыя ўлады — не карміць дармаедаў і карупцыянераў, а ствараць базу для развіцця грамадства. Так, рэфарматара хутка могуць узненавідзець, выгнаць. З часам людзі, канешне, могуць перагледзець сваё стаўленне. Без карысных пераменаў не будзе нічога новага. Рэформы — гэта свайго роду рэвалюцыя, калі змяняецца напаўненне, сацыяльная тканка народа.

— Цягам 1990-х гадоў з Грузіі выехала многа людзей, і гэта лёгка патлумачыць: войны, разбураная эканоміка, галеча. Ці вярталіся гэтыя людзі пасля рэформаў?

— Я магу меркаваць па сваіх аднакласніках, у пэўны момант я зразумеў, што 70% з іх жывуць па-за межамі Грузіі. Пасля таго, як эканоміка Грузіі пачала расці, многія вярнуліся. Пажылі тут, але цягам апошняга года, калі пачаўся адкат назад, зноў з’ехалі.

— Якія крокі былі першымі і галоўнымі ў рэфармаванні эканомікі?

— Найперш трэба легалізаваць эканоміку. Прывучыць людзей плаціць, выкараніць карупцыю. Дзяржава — гэта ў тым ліку і інстытут, які мае легітымнае права выкарыстоўваць сілу. Трэба, каб людзі разумелі, што закон нешта патрабуе, і гэта абавязкова да выканання. Канешне, ад такога парадку людзі не становяцца больш шчаслівымі, але жыццё паводле правілаў мусіць стаць звычкаю, нормаю. Таксама трэба прыцягнуць грамадства да законастварэння, удзелу ў дзяржаўным жыцці.

Карупцыя — вялікая хвароба, і ад яе трэба пазбаўляцца. Абраць нейкую мадэль у эканоміцы. Мы абралі ліберальны шлях, калі дзяржава не ўмешваецца, а стварае ўмовы. Каб развіваўся бізнес, працэдуры мусяць быць простымі і празрыстымі, напрыклад, хуткая рэгістрацыя бізнесу.

Грузія, пачынаючы з 2005 года, з пункту гледзішча рэалізацыі рэформаў паказала найлепшыя вынікі ў сусветным маштабе, такія вынікі справаздачы «Doing Business 2014». Прыватызацыя — не варта пакідаць прадпрыемствы ва ўласнасці дзяржавы. Наш працоўны кодэкс быў вельмі просты, мы не патрабавалі ад інвестараў ніякіх гарантый. Бізнесмены — рацыянальныя людзі, і калі ім ствараць перашкоды, гэта не будзе эфектыўна працаваць. Канешне, многія былі не задаволеныя. Я ўвогуле не магу сказаць, што з нашых рашэнняў выклікала вялікую ўхвалу, але справа рухалася, краіна ішла наперад. Так, мы ў 2012 годзе прайгралі выбары. Але час паказвае, што нашая палітыка была эфектыўная.

— У Грузіі арыштаваныя шэраг прадстаўнікоў папярэдняй каманды кіраўніцтва Грузіі — гэта палітычны пераслед ці вынік вамі ж збудаванай сістэмы судоў, калі ўсе перад законам роўныя?

— Ды няма такога заканадаўства, па якім гэтых людзей асуджаюць. Гэта літаральна барацьба, пераслед палітычных апанентаў. Напрыклад, Бачо Ахалая, былога міністра ўнутраных спраў Грузіі, суд апраўдаў па 12-ці эпізодах. Але на працягу двух гадоў яго трымаюць у турме. Ён сам прыехаў у Грузію, калі даведаўся пра крымінальную справу, каб тут, у судзе, абараняцца. Фракцыя Еўрапарламента, Савет Еўропы распаўсюдзілі заяву, што чалавека беспадстаўна трымаюць у турме. І пасля гэтага ўлады паспяшаліся вынесці абвінаваўчы вердыкт па адным эпізодзе. Ёсць многа фактаў, калі так званых сведкаў па справе выкрадаюць, прымушаюць іх нешта гаварыць. І потым гэтыя сведкі ў судзе абвяргаюць свае паказанні. Але цяперашнія ўлады моцна пастараліся зляпіць справу. (Бачо Ахалая быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні катаванняў і злоўжыванні службовым становішчам. — В.Х.).

— Тады атрымліваецца, што Грузія сёння не ёсць прававой дзяржавай.

— Сёння, на жаль, не. Сёння краіна разбураецца... Вазьміце гэтую бібліятэку (гутарка адбывалася ў публічнай бібліятэцы Саакашвілі. — В.Х.). Яе будынак — адзіны больш-менш буйны аб’ект інфраструктуры за апошнія два гады.

Цяпер у сістэму паліцыі пачалі прыводзіць былых крымінальнікаў. Два дні таму мэрыя Тбілісі прыняла рашэнне, што былыя палітвязні атрымаюць ільготныя тарыфы на праезд. Але хто гэтыя палітвязні? У большасці, гэтыя людзі раней былі абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі, у злачынствах супраць дзяржавы. Сотні такіх людзей выпусцілі на вуліцу. І ў нас моцна абвастрылася крымінальная сітуацыя. Адбываецца тое, на што мы ўжо забыліся: крадзяжы, з машынаў здымаюць колы, акумулятары. Забойствы! Кожны другі дзень цяпер у зводках паліцыі забойствы.

— Як на гэта рэагуе грузінскае грамадства?

— Мітынг у Тбілісі 15 лістапада не планаваўся супраць крыміналізацыі краіны. Але людзі выйшлі і пратэставалі ў тым ліку супраць палітыкі ўладаў. Канешне, цяпер грамадзянам не падабаюцца працэсы, якія адбываюцца ў Грузіі. Рэйтынг урада падае хутка. І галоўнае, што ўрад не кіруе краінай. Гэты чалавек (Бідзіна Іванішвілі, былы прэм’ер-міністр Грузіі, займае 153-е месца ў спісе самых багатых лю­дзей па версіі «Forbes». — В.Х.) сядзіць у крышталёвых кустах, з яго ніякай адказнасці, але ён прымае ўсе рашэнні. І ў выніку дзяржава не функцыянуе, бо ўсе баяцца. Людзі ва ўрадзе баяцца нешта рабіць, бо раптам яму не спадабаецца. Сённяшнія ўлады патрэбны Расіі, нават рыторыка змянілася: пачалі гаварыць, што Грузія — сяброўская краіна. А наша кіраўніцтва гатова здаць усё, абы не было супрацьстаяння. Іванішвілі, які кіруе Грузіяй, робіць свой бізнес у Расіі. Краіна ж паступова разбураецца, дарогі псуюцца, з’явіліся нават перабоі ў пастаўках электраэнергіі. Але мы збіраемся вярнуцца да ўлады, бо так працягвацца не можа.

— Дык з вашых словаў вынікаў, што даволі хутка ўся каманда былога ўрада можа апынуцца ў турмах...

— Саджаць апанентаў будуць і надалей. Але наш козыр у тым, што маладыя людзі выраслі, яны ўжо сталі тымі, хто прымае рашэнні. І гэтая моладзь з намі.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы MYMEDIA/DANIDA

 

Каментаваць