Грыўня ў чаканні дэвальвацыі

Упершыню за час палітычнага крызісу ва Украіне, курс украінскай валюты рэзка абваліўся, што можа мець даволі негатыўныя наступствы. Тое, што грыўня ўвайшла ў піке з-за падзей на Грушэўскага, не выклікае сумневаў. 



Нягледзячы на тое, што супрацьстаянне на Майдане цягнецца ўжо амаль трэці месяц, на паўсядзённым эканамічным жыцці гэта практычна ніяк не адлюстроўвалася. Кошты на тавары ва ўкраінскіх крамах застаюцца стабільнымі, а падчас рознага кшталту акцый яны ў параўнанні з беларускімі выглядаюць папросту архітаннымі.

Грыўня да Новага году скакала ў калідоры 8–8,1 за долар, што сярэднестатыстычны ўкраінец амаль не заўважаў.

Пры гэтым, адзначым, сітуацыя з фінансамі ва Украіне далёка не самая лепшая. У мінулую восень тады яшчэ прэм’ер Мікола Азараў неаднаразова казаў, што ў наступным годзе краіна можа стаць банкрутам. Рэзервы галоўнага банку краіны мізэрныя — каля 20 мільярдаў, а толькі МВФ у 2014 годзе трэба сплаціць каля 4 мільярдаў. Увогуле, такі стан рэчаў — не што іншае, як лагічны вынік алігархічнага характару ўкраінскай эканомікі, калі алігархі з Партыі рэгіёнаў банальна не плацяць падаткі, выводзячы грошы ў афшоры. Аднак гэта іншая тэма.

Так ці інакш, грыўня знаходзілася ў стане паўзучай дэвальвацыі, аднак не такой дынамічнай, як у Беларусі. А калі Масква пагадзілася выдаць Кіеву крэдыт на 15 мільярдаў, то нават самыя заўзятыя панікёры пагадзіліся, што дэфолт грыўні можна смела адтэрмінаваць як мінімум на паўтара-два гады.

Аднак цяпер настроі значна больш песімістычныя. 20 студзеня, пасля пачатку масавых пратэстаў і сутычак у Кіеве, украінскі рынак акцый пачаў рух уніз. На працягу некалькіх гадзін усе індэксы сышлі ў т. зв. «чырвоную зону». Напрыклад, індэкс «Украінскай біржы» абвалілася на 2,73 %.

Газета «Экономические Известия» за 24 студзеня пісала: «Разнастайныя Еўрамайданы, вядома, прыцягваюць увагу замежнікаў, але далей, чым пафатаграфавацца на фоне мітынгоўцаў, ніхто з іх не заходзіць. Замежныя бізнэсмэны не толькі не хочуць адкрываць у нас новыя прадпрыемствы, але ўжо нават пачалі зачыняць старыя. Не так даўно буйная ўкраінская машынабудаўнічая кампанія нечакана атрымала адмову ад заходніх банкаў па ўжо раней зацверджаных лізінгавых праектах з замежнымі кліентамі. Аргументацыя ўжо не здзіўляе: маўляў, занадта высокія краінавыя рызыкі, таму грошай не дамо».

Сінхронна біржавым індэксам пачало ліхарадзіць і грыўню. 24 студзеня курс грыўні да долара скокнуў да 8,5:1. У панядзелак, 27 студзеня, ён быў ужо 8,6. Сам попыт на валюту на міжбанку вырас у разы. З 3 па 20 студзеня сярэдні аб’ём таргоў валютай на міжбанку склаў 1,3 мільярда долараў у эквіваленце. 21 студзеня аб’ём таргоў на міжбанку ўзляцеў да 2,6 мільярда долараў.

Гэта адразу насцярожыла простых людзей, якія відавочна не забылі пра дэвальвацыю ў 2008 годзе.Тады грыўня патаннела амаль на 25 працэнтаў літаральна за пару месяцаў. Нядзіўна, што там-сям пачаўся валютны голад. Часцей за ўсё пра шалёны попыт на валюту пішуць адэскія і данецкія СМІ.

Тое, што грыўня ўвайшла ў піке з-за падзей на Грушэўскага, не выклікае сумневаў. Не выпадкова блізкая да ўраду прэса актыўна спекулюе на гэтым факце.

«Адмоўная дынаміка пачатку таргоў ва Украіне прагназуемая: у Кіеве абстаноўка напалілася дашчэнту — пратэстоўцы перайшлі да актыўных баявых дзеянняў у спробе пікетаваць урадавыя будынкі», — піша газета «Сегодня», якая належыць данецкаму алігарху Ахметаву. Тая ж «Сегодня» прагназуе, што падзенне можа працягвацца да ўзроўню 12 грыўняў за долар.

Як бы фантастычна ні гучалі такія прагнозы, паслабленне грыўні — сур’ёзны выклік на адрас апазіцыі, якая арганізавала Майдан. Цяпер ягоныя наступствы адчувае на сваёй кішэні кожны чалавек.

Апазіцыйныя эканамісты намагаюцца перавесці стрэлкі на Януковіча. Яны лічаць, што народ пабег набываць валюту, а бізнэсмэны — думаць пра эвакуацыю пасля таго, як на Грушэўскага пачалі страляць па маніфестантах.

«Пакуль падзеі развіваліся мірна — курс стаяў, як толькі па віне ўлады загінула некалькі пратэстуючых — валютны рынак абваліўся. Калі расстрэльваюць бяззбройных дэманстрантаў — гэта нават не сігнал для інвестараў, гэта ўжо апошні званок», — адзначае апазіцыйны партал «Украінская праўда».

«21 студзеня, калі ад агнястрэльных раненняў загінуў актывіст Майдану, аб’ём куплі валюты на міжбанкаўскім рынку ўзляцеў да 3,2 мільярда долараў — гэта абсалютны (!) рэкорд за ўсю гісторыю Украіны», — адзначае «Украінская праўда».

Незалежныя аглядальнікі не выключаюць, што штуршком стала паніка сярод блізкіх да ўлады алігархаў. «Коммерсант» піша: «На мінулым тыдні бізнэс, уключаючы набліжаны да ўлады або арыентаваны на цяперашніх чыноўнікаў, рэзка спыніўся і кінуўся скупляць валюту для вываду грошай у больш спакойныя гавані».

Пакуль цяжка сказаць, у якую з версій паверыць большасць выбаршчыкаў, што, безумоўна, адаб’ецца на іх палітычных сімпатыях. Шмат будзе залежыць ад таго, як павядзе сябе грыўня далей. У аўторак, 28 студзеня, Нацбанк правёў інтэрвенцыю, і валюта апусцілася да 8,5. Акрамя таго, псіхалагічны парог яшчэ яўна не пройдзены. Прынамсі, параўнаць сцэны каля кіеўскіх абменнікаў з тым, што адбывалася ў Мінску ўвесну 2011-га, проста немагчыма. Каля абменнікаў у Кіеве сапраўды можна пабачыць пенсіянераў, якія на ўсялякі выпадак пераводзяць свае сціплыя пенсіі ў валюту. Аднак чэргаў, а тым больш шыльдачак «Долараў няма» прынамсі аўтар артыкулу нідзе не бачыў. Варта сказаць, што антырэкорд грыўня пакуль яшчэ далёка не пабіла. Так, у снежні 2008 года курс на міжбанку ўзлятаў і да 9,65 грыўняў за долар, а ў лютым 2009 года дасягаў адзнакі 9,35 грыўні за долар.

Бізнэс-выданні лічаць, што вярнуць давер да грыўні можна за кошт мікракрокаў ураду насустрач інвестару. Гэта, напрыклад, мог стаць анонс рэформы судовай сістэмы, якая ва Украіне вельмі карумпаваная. Тэарэтычна, не павінна даць цалкам памерці грыўні Масква, якая зацікаўленая, каб Януковіч не перабег на Захад.

Аднак большасць прагнозаў усё ж асцярожна песімістычныя. Усе меры не кампенсуюць ролі Майдану. Каб Майдан канчаткова перастаў адмоўна ўплываць на грыўню, патрэбна разрадзіць палітычную сітуацыю. А тая сітуацыя не абавязкова стабілізуецца, нават у тым выпадку, калі Арсень Яцанюк і Віталь Клічко пагодзяцца на ўдзел у працы новага Кабміну. Не выключана, што гэта толькі падагрэе народны гнеў і прывядзе да яшчэ больш актыўных пратэстаў, што, у сваю чаргу, яшчэ больш падкосіць UAH. 

Каментаваць