Хто не любіць Шварцэнегера?

Толькі на радзіме Арнольда Шварцэнегера, у Аўстрыі, ягоны 70-гадовы юбілей не выклікае агульнай эйфарыі.

Фота АР

Моцарт, Фрэйд і Шварцэнегер. Так сёння выглядае пантэон найбольш вядомых у свеце ураджэнцаў Аўстрыі (прозвішча Гітлера аўстрыйцы, натуральна, намагаюцца не ўзгадваць). Тым не менш, шмат аўстрыйцаў 30 ліпеня, калі Шварцэнегеру стукне 70 гадоў, гэтую дату свядома праігнаруюць. Каб зразумець гэты феномен, давядзецца ўзгадаць асноўныя этапы біяграфіі «Тэрмінатара».

Арнольд Шварцэнегер нарадзіўся пасля вайны, 30 ліпеня 1947 года, у аўстрыйскай вёсцы каля горада Грац. Адсюль у 1966-м, ва ўзросце 17 гадоў, ён адправіўся ў Мюнхен, каб пачаць бліскучую кар’еру спартсмена, акцёра і, з часам, палітыка. А 1983-м Арні здабыў другі пашпарт — стаў грамадзянінам ЗША.


Цікава, што землякі прабачылі «здраду». Нейкі час у Аўстрыі была папулярная думка, што суайчыннік пасля таго, як абраўся ў 2003-м губернатарам Каліфорніі, абавязкова хутка стане прэзідэнтам ЗША. Увогуле, на гэты час Арнольд быў для аўстрыйцаў сапраўднай іконай. Не кажучы пра тое, што эксплуатацыя яго вобразу прыносіла значныя камерцыйныя прыбыткі. У роднай вёсцы Шварцэнегера ў дзень яго нараджэння штогод пачалі праводзіць фестываль, прысвечаны земляку. Да таго ж Арнольд быў жывым прыкладам для аўстрыйскай моладзі.

Аднак, як толькі ён стаў каліфарнійскім губернатарам, аўстрыйцы пачалі інакш глядзець на куміра. Такая рэакцыя, напэўна, была прагназаваная. Шварцэнегер змяніў профіль супергероя з кінаэкрана на палітыка, які павінен быў займацца канкрэтнымі штодзённымі праблемамі штата. Яго палітычныя рашэнні, зразумела, падзялялі не ўсе, у тым ліку ў Аўстрыі. Аўстрыйскія “Зялёныя” жорстка крытыкавалі экалагічную палітыку губернатара Шварцэнегера. Яны ацэньвалі яе як «варварскую».

Да эколагаў хутка далучыліся феміністкі. Апошнім і так даўно не падабаўся выяўлены на экране тып героя Шварцэнегера — мускулісты мача, які ўспрымае жанчын як аб’ект пажады. І тут у 2003 годзе Арні даў гучнае інтэрв’ю выданню «Esquire», у якім адкрыта падтрымаў самыя жудасныя штампы наконт кабетаў. Па яго словах, кожная бландзінка шукае палавога кантакту. У Злучаных Штатах той тэкст амаль не заўважылі, але ў Аўстрыі, дзе Шварцэнегер лічыўся кумірам, інтэрв’ю выклікала скандал.

Аднак больш за ўсё фанатаў на радзіме Шварцэнегер згубіў, калі выставіў сябе прыхільнікам смяротнага пакарання ў 2005-м. Тады каліфарнійскі губернатар адмовіў у памілаванні двум прысуджаным да «вышэйшай меры». Адным з іх быў нехта Стэнлі «Тукі» Уільямс, гангстэр, прысуджаны да смерці за забойства чатырох чалавек.

Праблема ў тым, што за час чакання прысуду (гэтая справа цягнулася каля двух дзесяцігоддзяў), Уільямс не толькі раскаяўся, але і стаў вядомым ва ўсім свеце дзіцячым пісьменнікам. Прычым, галоўнай тэмай для кніг стала барацьба з вулічным гвалтам. За свае творы «Тукі» нават быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру. Увесь свет патрабаваў ад Шварцэнегера памілаваць Уільямса, але «жалезны Арні» застаўся непахісны, і падпісаў канчатковы вердыкт. Па словах самога губернатара, у яго папросту не заставалася іншага варыянту.

Фота 24smi.org

У Аўстрыі, дзе смяротнае пакаранне забаранілі яшчэ ў далёкім 1950-м, учынак Шварцэнегера не зразумелі. Як следства, у грамадстве загучалі заклікі — перайменаваць стадыён у Грацы, названы ў гонар Шварцэнегера. Таксама ўзнікла ідэя забараніць у краіне прадукты, якія рэкламуюць акцёра-палітыка. Самыя брутальныя праціўнікі Арні прапанавалі пазбавіць земляка статусу грамадзяніна Аўстрыі. Дайшло нават да згадак пра тое, што бацька Арнольда быў хранічным алкаголікам, хаця і займаў пасаду кіраўніка лакальнай паліцыі.

На цяперашні дзень той скандал амаль забыўся. Прынамсі, калі 5 гадоў таму Арні адкрываў у роднай вёсцы музей у свой гонар, земляка сустракалі «на ўра». Цырымонію нават наведаў дзеючы аўстрыйскі канцлер, які назваў Шварцэнегера «лепшым паслом Аўстрыі». Хаця і сам Арнольд моцна змяніўся з тых часоў. Цяпер ён называе сябе эколагам і найбольш за іншых крытыкуе Трампа за яго намер вывесці Амерыку за межы міжнародных дамоў па клімаце.

Да цяперашняга юбілею Шварцэнегер у вачах аўстрыйцаў, падаецца, практычна рэабілітаваўся. Калі крытыка на яго адрас у аўстрыйскай прэсе і гучыць, то выключна як крытыка нейкага сацыяльна-культурнага феномену. На думку інтэлектуалаў, уздым Шварцэнегера стаў маркерам пачатку крызісу заходняй дэмакратыі, калі замест сур’ёзных канцэптуальных палітыкаў людзі пачалі галасаваць за артыста, які дазваляе сабе сентэнцыі кшталту: «Не думайце зашмат, інакш розум можа не аднавіцца».

Натуральна, большасць аўстрыйцаў далёкія ад забабонаў інтэлектуалаў. Аднак у каментарах да артыкулаў пра юбілей Арні ўсё роўна адчуваецца стомленасць ад яго культу. Відавочна, што Шварцэнегер ператварыўся ў мясцовы варыянт Алы Пугачовай. Магчыма, такі лёс усіх куміраў.

Тым не менш Аўстрыю без Шварцэнегера пакуль уявіць цяжка. І, магчыма, гэтая з’ява надоўга. Прынамсі, сам юбілар, які трымае сябе ў цудоўнай форме, напярэдадні 70-га дня нараджэння заявіў, што адчувае сябе амаль бессмяротным.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць