Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Хто супраць Меркель?

Да канца студзеня нямецкія сацыял-дэмакраты павінны вызначыцца з кандыдатам на пасаду канцлера. Ці ёсць у прадстаўніка апазіцыі шанец выйграць выбары ў Ангелы Меркель?

Фота www.surfingbird.ru

Яшчэ ўвосень 2016-га, за год да выбараў у Бундэстаг, аўтары сатырычнай праграмы «Die Anstalt» з канала ZDF, адзначылі: «Уся інтрыга наступных выбараў — будзе Меркель кіраваць адна або кіраваць разам з сацыял-дэмакратамі». Пакуль нішто не сведчыць, што гэты прагноз не спраўдзіцца. Паводле ўсіх апытанняў, хрысціянскія дэмакраты — па-ранейшаму фаварыты выбарчай гонкі. Максімум, што свеціць эсдэкам, — у чацвёрты раз стаць малодшымі партнёрамі Ангелы Меркель.

Тым не менш, капітуляваць Сацыял-дэмакратычная партыя (SPD) не збіраецца. Наадварот, зараз назіраецца незвычайная актывізацыя, выкліканая выбарамі свайго кандыдата на пасаду кіраўніка ўраду. Лічыцца, што ўдалая кандыдатура — палова справы. Прынамсі, віцэ-старшыня партыі Олаф Шольц упэўнены, што асоба кандыдата можа дадаць партыі 10 працэнтаў у рэйтынгах (зараз за эсдэкаў гатовыя галасаваць 20–23 працэнты).

Асноўных прэтэндэнтаў у кандыдаты два — цяперашні партыйны кіраўнік Зігмар Габрыэль і Марцін Шульц. Апошні нядаўна пакінуў пасаду старшыні Еўрапарламента, каб вярнуцца ў нямецкую палітыку.

Ідэалагічная розніца паміж Габрыэлем і Шульцам, на першы погляд, невялікая: абодва належаць да цэнтрысцкіх колаў партыі. А вось стыль у палітыкаў вельмі розны. Зігмар Габрыэль падчас прыняцця рашэнняў часта кіруецца эмоцыямі і інстынктам, не прымае іншых поглядаў. Габрыэль жорстка стаіць на пазіцыі, што як бы ні скончыліся выбары, больш не ўваходзіць у кааліцыю з хрысціянскімі дэмакратамі. Яго валюнтарысцкія манеры зрабілі яму супярэчлівы імідж нават сярод аднапартыйцаў. Як піша прэса, палова партыі бачаць у ім месію, а другая палова, наадварот, трымае за амбіцыйнага неадэквата.

Марцін Шульц не такі катэгарычны ў пытанні блоку з кансерватарамі. Наадварот, на гэты раз кааліцыя можа быць паспяховай формулай для партыі. У выпадку, калі цяперашні фармат аб’яднання захаваецца, Шульц з яго высокім аўтарытэтам былога кіраўніка Еўрапарламента здолее на роўных размаўляць з канцлерам. Цяперашнія эсэдкі, што ўваходзяць ва ўрад, відавочна мелі комплексы падчас камунікацыі з Меркель.

Лічыцца, што Шульц дыпламатычнымі сродкамі можа навязаць сваю павестку дня нават у меншасці. У гэтым ён сапраўды вялікі спец. У якасці спікера Еўрапарламента ён дамагаўся выгадных для сябе кампрамісаў па шэрагу вельмі складаных пытанняў накшталт крызісу еўра або праблемы ўцекачоў. З іншага боку, ці запатрабаваныя такія крытэрыі, як асцярожнасць і такт, падчас выбарчай кампаніі?

Пакуль большасць экспертаў аддае перавагу Шульцу. Згодныя і простыя бюргеры. 54 працэнты апытаных лічаць, што Шульц больш адпавядае якасцям старшыні ўраду. Унутры партыі Шульцу сімпатызуюць 42 працэнты, а Габрыэлю — 35. Ёсць такія, хто лічыць, што фронтмэн партыі павінен, наадварот, як мага менш свяціцца на выбарах. Перамогу, на іх думку, забяспечыць не харызма лідара, а лозунг «За сацыяльную справядлівасць», які трэба творча данесці да выбаршчыка.

Як бы ні ставіліся да Шульца або Габрыэля, пакуль канчаткова не зразумела, за кошт якіх прыёмаў нехта з іх можа ўсур’ёз змагацца з Меркель. Яна за 12 гадоў на пасадзе канцлера стала фактычна дзяржаўным інстытутам. Некаторыя нават скардзяцца, што культ Меркель пахаваў нямецкую палітыку. Гледзячы на вынікі апытанняў, грамадства гатовае прабачыць ёй нават такія непапулярныя крокі, як прадстаўленне прытулку для прыкладна мільёна ўцекачоў.

Нягледзячы на негатыўныя індыкатары, у доме імя Вілі Брандта (так называецца галоўны офіс SPD) агучваюцца некалькі фактараў, якія быццам бы зробяць перамогу на восеньскіх выбарах непазбежнай. Па-першае, відавочна, што частка немцаў ад Меркель сапраўды банальна стамілася. Нездарма на ўсіх апошніх зямельных выбарах Саюз хрысціянскіх дэмакратаў дэманстраваў слабыя вынікі. Апазіцыйныя настроі ўзмацняе цяперашні крызіс еўраструктураў, дзе меркелеўская Германія адыгрывае вядучую партыю.

Па-другое, у Еўропе яўна пануе мода на пратэстнае галасаванне, рэактыўнае жаданне выказаць незадаволенасць на адрас істэблішменту. Трэнд яшчэ больш могуць замацаваць сакавіцкія выбары ў Нідэрландах і красавіцкія ў Францыі, ад якіх чакаюць чарговых электаральных сюрпрызаў. Як следства, нельга выключыць, што ў немцаў можа з’явіцца жаданне прагаласаваць за любога, акрамя ўрадавай партыі. Праўда, за такім сцэнарам альтэрнатывай Меркель у вачах грамадства могуць выступаць не эсдэкі,а правыя папулісты.

Застаецца ўзгадаць, што напярэдадні федэральных выбараў нас чакае яшчэ шэраг зямельных выбараў, у тым ліку ў зямлі Паўночная Рэйн-Вестфалія — старой электаральнай цытадэлі сацыял-дэмакратаў. Добрыя вынікі эсдэкаў на Рэйне могуць прымусіць бюргераў паверыць у тое, што эра Меркель сапраўды скончылася. Не дзіўна, што ў актыву SPD нарадзілася арыгінальная ідэя — кандыдат ад сацыял-дэмакратаў у канцлеры павінен узначаліць выбарчы спіс у Паўночным Рэйне-Вестфаліі.

Думаецца, гэта не апошняе ноў-хаў, якое прыгатавалі ў доме імя Вілі Брандта. Нават нягледзячы на відавочную перавагу Ангелы Меркель над сваімі апанентамі, яе перамога пакуль не выглядае гарантаванай. Падзеі мінулага года прымусілі ўсіх па-іншаму глядзець на палітычны працэс у Еўропе, у якім з’яўляюцца новыя непрадказальныя фактары. Таму хто б ні перамог у кастынгу на пасаду кандыдата ў канцлеры ад SPD — Шульц або Габрыэль, — ён мае шанцы.



Каментаваць