Хто адбіў галаву Сталіну?

Разбурэнне помніка Сталіну ў Запарожжы стала падставай для буйной зачысткі ўкраінскага нацыяналістычнага поля.

У навагоднюю ноч у Запарожжы прагучаў выбух. Каля офісу Кампартыі ўзляцела ў паветра дзіўная манументальная кампазіцыя — бюст без галавы (галаву помніку адбілі за некалькі дзён да гэтага).



Разбурэнне помніка Сталіну ў Запарожжы стала падставай для буйной зачысткі ўкраінскага нацыяналістычнага поля.

У навагоднюю ноч у Запарожжы прагучаў выбух. Каля офісу Кампартыі ўзляцела ў паветра дзіўная манументальная кампазіцыя — бюст без галавы (галаву помніку адбілі за некалькі дзён да гэтага).

Усяго бюст Сталіна прастаяў у горадзе 7 месяцаў. І ўвесь гэты час помнік быў аб’ектам грамадскай палемікі. Правыя і аранжавыя неаднаразова патрабавалі знесці манумент, які камуністы ўстанавілі без санкцыі мэрыі. Бацькі гораду прызнавалі, што бюст устаноўлены без іхняга дазволу і юрыдычна Сталіна трэба дэмантаваць, аднак да канкрэтыкі ў іх рукі не даходзілі. Акрамя таго, камуністы цяпер — урадавая партыя, і сварыцца з імі ніхто асабліва не хацеў. У выніку тое, што не зрабілі ўлады, зрабілі радыкалы, разбурыўшыя бюст у навагоднюю ноч.

Адзінай ахвярай тэракту аказалася шкло ў вокнах партыйнага офісу. Аднак міліцыя паставілася да гэтага вельмі сур’ёзна. Была распачата крымінальная справа па артыкулу «тэрарыстычны акт». Наступнымі днямі па гораду пракаціліся масавыя арышты. За кратамі аказаліся ўсе больш-менш заўважныя мясцовыя нацыяналісты, і ў тым ліку ўсе лідары арганізацыі «Трызуб імя Сцяпана Бандэры».

Назва гэтай структуры мала што казала большасці ўкраінцаў. «Трызуб» быў заснаваны ў сярэдзіне 1990-х гадоў як ваенна-спартыўнае крыло Кангрэсу ўкраінскіх нацыяналістаў. Кангрэсам кіравала легендарная ўкраінская нацыяналістка Яраслава Стэцько, якая вярнулася ў краіну з эміграцыі. Дзейнасць «Трызуба» заключалася ў абароне мітынгаў і атаках на акцыі камуністаў. З часам Стэцько, партыя якой захапіла адміністрацыі шэрагу гарадоў Заходняй Украіны, і «Трызуб» разышліся ў поглядах. У 1999-м «Трызуб» адправіўся ў вольнае плаванне.

Наступны этап гісторыі арганізацыі вельмі не звычайны. Акрамя традыцыйных правакацый супраць «чырвоных», сябры «Трызуба» завярцелі дзіўны флірт з Кучмам. Спачатку яны падтрымалі ягоную кандыдатуру на выбарах. Пасля, у час акцыі «Украіна без Кучмы», займаліся тым, што лавілі і збівалі вядучых праціўнікаў тагачаснага прэзідэнта. У 2004 годзе «Трызуб» стаў складовай часткай «Руху за нацыю» (дзіўны праект нацыяналістаў, прыхільнікаў абрання на пасаду прэзідэнта Януковіча).

Нягледзячы на такія манеўры, пасля аранжавай рэвалюцыі «Трызуб» стаў у абарону новай дэмакратычнай улады. Хаця некаторыя языкі кажуць, што гэта была чарговая правакацыя. У 2006 годзе падчас аранжавай кампаніі за адстаўку ўраду Януковіча «Трызуб» заклікаў натоўп не абмяжоўвацца стаяннем на Майдане, а ісці на «апошні і рашучы» штурм будынку Кабміну.

Пасля апісаных падзей «Трызуб» амаль знік з палітычнай сцэны, каб гучна заявіць пра сябе выбухам у Запарожжы на Новы год. Вяртанне ў вялікую палітыку адбылося вельмі эфектна.

У прынцыпе, з прыходам Януковіча рэпрэсіі супраць радыкалаў-нацыяналістаў набылі сталую форму. Практычна раз на тыдзень кагосьці трасуць або заводзяць справу. Аднак такога, каб арыштаваць усіх лідараў арганізацыі па спісу, яшчэ не было. У дадатак, як сцвярджаюць праваабарончыя арганізацыі, сяброў «Трызуба» ў турме катавалі. Прычым не проста збівалі, а ўжывалі больш вытанчаныя метады.

Усё гэта дало глебу для дыскусіі наконт таго, што ж сапраўды адбываецца ў краіне. Версію пра тое, што «Трызуб» насамрэч збіраўся стаць украінскімі «Чырвонымі брыгадамі», большасць аналітыкаў адкідваюць. Як іранічна напісала адна з запарожскіх газет, каментуючы заяву МУС пра знойдзены ў трызубаўцаў склад зброі, «лепш бы ў іх знайшлі самагонны апарат — гэтаму яшчэ можна паверыць».

Некаторыя кажуць, што мае месца прашчупванне нацыяналістычнага флангу. Зрабіўшы ператрус у трызубаўцаў, спецслужбы атрымалі шмат інфармацыі пра так званыя «вышкалы» — трэніровачныя лагеры нацыяналістаў. Гэтай інфармацыі цалкам хапае, каб завесці справу па артыкулу «Сяброўства ў арганізаванай злачыннай групоўцы» і шантажаваць нізавы актыў арганізацыі, прымусіць кагосьці «стукаць». Таксама міліцыя можа «наехаць» на былых сяброў «Трызуба», якія перахварэлі на радыкалізм і цяпер займаюць уплывовыя пасады. Сярод іх, напрыклад, Сяргей Квіт, рэктар Кіева-Магілянскай акадэміі (інтэлектуальны бастыён праціўнікаў рэжыму Януковіча). Якраз зараз Квіт пасварыўся з Мінадукацыі, якое пагражае забраць у акадэміі ліцэнзію.

Аднак большасць палітолагаў бачыць ва ўсім гэтым фрагменты буйнейшай палітычнай гульні. «Трызуб» — адна з нешматлікіх нацыяналістычных арганізацый, якая мае маральнае права крытыкаваць Алега Цягнібока, лідара вядучай правай арганізацыі «Свабода», які, па чутках, фінансуецца Януковічам для расколу аранжавага лагеру. Здаецца, аранжавыя вырашылі біць ворага ягонай зброяй. У час мясцовых выбараў мінулага года «Трызуб» пасля доўгага перапынку нечакана выпусціў газету «Бандерівець». Яна была цалкам прысвечаная Цягнібоку, які выстаўляўся ў самым негатыўным ракурсе. Вядома, што сродкі на тыраж «Трызуб» атрымаў ад БЮТ. Ёсць інфармацыя, нібыта Цімашэнка разглядала «Трызуб» у якасці выканаўца сілавых акцый супраць «Свабоды».

Між тым, у Партыі рэгіёнаў вялікія планы наконт «Свабоды». Усе кажуць пра план «Цягнібок — новы Сіманенка», які быццам распрацаваны паліттэхнолагамі бела-сініх. Сэнс схемы ў тым, каб у фінальную пульку будучых прэзідэнцкіх выбараў вывесці Януковіча і Цягнібока. Вынік гэтай дуэлі відавочны. Менавіта па падобнай схеме выйграў выбары 1999 года Леанід Кучма, які праўдамі і няпраўдамі раскруціў камуніста Сіманенку да ўзроўню свайго галоўнага канкурэнта. Электарат, пастаўлены перад выбарам — або Кучма, або камуніст — абраў меншае зло.

Запусціўшы кампанію супраць «Трызуба», улада вырашае для сябе два пытанні: ліквідуе канкурэнта Цягнібока і радыкалізуе памяркоўных нацыяналістаў і нацдэмаў, пераводзячы іх у маргінальнае поле.

Ёсць яшчэ адзін важны момант у гэтай загадкавай гісторыі. Апошнім часам Украіну накрыла хваля тэрарызму. На працягу некалькіх месяцаў выбухі адбыліся ў трох гарадах. У Макееўцы справа дайшла нават да масавай панікі сярод насельніцтва. Крайнімі ў выніку аказаліся МУС і яго цяперашні кіраўнік Анатоль Магілёў, які праславіўся разгонамі акцый крымскіх татар і апазіцыі. Зруйнаванне бюсту Сталіна аказалася вельмі дарэчы. Хуткія арышты падазраваных у арганізацыі тэракту хоць неяк ратуюць рэнамэ ведамства ў вачах грамадства.

Каментаваць