Хто не любіць патрыярха

Выбары патрыярха Рускай праваслаўнай царквы не толькі прыцягнулі інтарэс грамадства да праблемаў канфесіі, аднак таксама спрыялі актывізацыі крытыкаў цяперашняга курсу РПЦ.



Выбары патрыярха Рускай праваслаўнай царквы не толькі прыцягнулі інтарэс грамадства да праблемаў канфесіі, аднак таксама спрыялі актывізацыі крытыкаў цяперашняга курсу РПЦ.


У прынцыпе, апарат РПЦ павінен вельмі ўважліва адсочваць крытычныя заўвагі на свой адрас. Па логіцы, любая крытыка мае нейкія падставы і можа ўказваць на недахопы ў працы царкоўнай установы, якія, у сваю чаргу, можна выправіць.
Праўда, з іншага боку, крытыка можа быць розная. Напрыклад, наўрад ці ёсць сэнс лідэрам РПЦ звяртаць увагу на гнеўныя заявы і прапановы кансерватараў і фундаменталістаў, якія ставяць РПЦ у віну, напрыклад, занадта талерантнае стаўленне да іншых канфесій і ідэю дыялога розных рэлігій (экуменізм).
На сайце піцерскага АПН адзін крытык РПЦ з правага боку піша: «Словы прагрэсіўных іерархаў не разыходзяцца са справамі. Нікадзім яшчэ ў 1969 годзе прабіў для каталікоў права на прычасце ў праваслаўных храмах, а Кірыл асабіста ўдзельнічаў у літургіі экуменістаў. Ператварэнню планеты ў вялікі мутны ставок, з якога ловяць рыбу транснацыянальныя карпарацыі, сінтэтычная рэлігія адпавядае ідэальна».
Захапленне кіраўніцтва РПЦ экуменізмам, на думку аўтара, пагражае крахам адраджэнню Расійскай імперыі. «Нягледзячы на ўсе пагадненні з Ватыканам, уніяты захопліваюць на Украіне адзін храм за другім, праваслаўныя прыходы Маскоўскай патрыярхіі пагражаюць выйсці ў вольнае плаванне. Аслаблі пазіцыі ў Эстоніі і далёкім замежжы».
Разглядаючы РПЦ праз прызму сусветнай змовы глабалістаў, правыя радыкалы нават у самім факце правядзення сабору знайшлі масонскі след. Аляксандр Баркашоў, былы лідэр РНЕ, заявіў: «У многіх людзей узнікла ўражанне і нават перакананасць, што перанос тэрмінаў выбару патрыярха выкліканы праблемамі міра. Наперадзе нас чакаюць цяжкія часы — наступствы эканамічнага крызісу. А крызіс гэты арганізоўвалі тыя, хто кантралюе фінансы і праз кантроль фінансаў хоча кіраваць усім светам».
Часам артадаксальныя веруючыя нават займаюцца шантажам цяперашняга кіраўніцтва царквы. Адзін з кансерватараў-манархістаў заклікаў не абіраць патрыярхам Кірыла або Філарэта пад пагрозай ядзернай вайны.
Да экзатычных пазіцый можна аднесці і заявы часткі прыхільнікаў былой Рускай праваслаўнай царквы ў замежжы (РПЦЗ), якая была створаная ў часы белай эміграцыі і толькі нядаўна вярнулася ў лона РПЦ. На старонках прэсы дагматычных прыхільнікаў РПЦЗ чытаем: «Поўная дыскрэдытацыя былога дэмакратычнага праўлення прымусіла антынацыянальны рэжым у Расіі яшчэ з часоў другой сусветнай гуляць у праваслаўную, патрыятычную і ў перспектыве манархічную карты. У гэтых рамках былі здзейсненыя шырокамаштабныя аперацыі па выцясненню з афіцыйнай палітыкі любых апазіцыйных сілаў, стварэнне марыянетачных партый і фіктыўных патрыятычных арганізацый, захоп спачатку РПЦ, потым часткі РПЦЗ, нейтралізацыя белага руху».
Часткова тэзіс пра падпарадкаванне царквы дзяржаве падзяляюць і цяперашнія ліберальныя апаненты Пуціна — Мядзведзева. Аднак, на іх думку, бальшавіцкая спадчына не адыгрывае вялікай ролі ў працэсе. Царква папросту ператвараецца ў вінцік агульнай дзяржаўнай рэпрэсіўнай сістэмы.
На сайце Каспарава пішуць: «Мітрапаліт Кірыл ёсць не столькі святаром, колькі палітыкам. Палітыкам пуцінскай закваскі. Таму ён можа выкарыстоўваць у царкоўным жыцці крамлёўскія палітычныя тэхналогіі, якія былі выпрацаваныя супраць “аранжавай рэвалюцыі… У дадатак да паліцэйскай дзяржавы наступае і паліцэйскае праваслаўе».
Калі меркаваць па рэакцыі на блогах, звычайны расіянін куды больш эмацыйна рэагуе не столькі на палітычныя ўчынкі РПЦ, колькі на яе камерцыялізацыю. Вельмі шмат негатыўных рэплік супраць прынцыпу падбору на памесны сабор так званай катэгорыі міран — прадстаўнікоў грамадства. У гэты клуб патрапілі вяршкі бізнесу. Напрыклад, уладальнік кампаніі «Данскі тытунь», кіраўнік металургічнай кампаніі «Данецксталь», прэзідэнт кампаніі «Энергаатам», сын прэзідэнта Прыднястроўя, дырэктар Савета акцыянераў «Газпрамбанка» і г. д.
Дарэчы, якраз недэмакратычны фармат абрання прадстаўнікоў міран і ўсіх дэлегатаў памеснага сабору чамусьці вельмі балюча закрануў некаторыя фракцыі ў праваслаўі, якія гістарычна складаюць апазіцыю РПЦ. Мова перш за ўсё пра стараабрадцаў. Яны паставілі царкве ў віну поўную адсутнасць унутранай дэмакратыі.
На галоўным сайце праціўнікаў рэформы Нікана з’явіўся каментар, прысвечаны выбарам патрыярха РПЦ, дзе напісана: «Ніводны з епіскапаў не быў абраны ні ў епархіях, ні на зборах. Ніякіх паўнамоцтваў ад епархій, святарства, ад цывільных людзей гэтыя асобы не маюць… Такім чынам, цяперашні епіскапат РПЦ мае вельмі супярэчны кананічны статус. Выключна прамыя выбары ў РПЦ здольныя даць штуршок да аздараўлення гэтай канфесіі».
У прынцыпе, усе прадстаўленыя вышэй групы крытыкаў курсу царквы дастаткова маргінальныя. Аднак патэнцыял пашырэння грамадскай апазіцыі РПЦ ёсць. Асабліва сярод моладзі. Пра гэта сведчаць кур’ёз, які меў месца на сайце «За патрыярха», на якім кожны наведвальнік мог абраць сваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка РПЦ сярод прадстаўленых мітрапалітаў і епіскапаў.
Старонку «За патрыярха», зважаючы на лексіку аўтараў сайту і людзей, якія пагадзіліся даваць там каментары (шмат святароў РПЦ), рабілі не абыякавыя да лёсу праваслаўя людзі.
Аднак хутка галасаванне ператварылася ў забаўку для моладзі. Аматары прыколаў пачалі падтрымліваць абсалютна непрахадныя кандыдатуры кшталту мітрапаліта Такійскага і Японскага Данііла. У выніку Данііл (дарэчы, адзіны мітрапаліт без барады, таму, што ў японцаў бароды растуць кепска) саступіў фаварыту мітрапаліту Кірылу ўсяго адзін працэнт. Прычым у рунэце зараз шмат плётак пра тое, што ўладальнікі сайту спецыяльна фальсіфікавалі вынікі галасавання.
Дарма на форумах сайту праваслаўныя веруючыя заклікалі юзераў не ператвараць ідэю ў шоу. «Ну вось так рабіць — гэта ж сорамна», — пісаў адзін. Другі спрабаваў знайсці ў гэтай з’яве нешта добрае: «Я мяркую, не патрэбна вернікам перажываць з-за гэтага флешмобу. Давайце будзем цярпець. Магчыма, нехта з некалькіх тысяч людзей, якія заходзяць на сайт, хаця б пяць-дзесяць хвілін падумае пра Веру, пачытае біяграфіі мітрапалітаў. Так, для іх гэта зараз папросту вясёлы жарт, аднак нешта ўваходзіць у душу радасна, пакідаецца ў памяці і вядзе да добрых спраў».
Аргументы маладых флешмобераў, чаму яны робяць вось так, былі, як правіла, папросту цынічнымі: «+1 отдаю свой голос ему, ну вот не знаю почему!», «без бороды и улыбается... ну конечно он же! ^_^», «За японца!». «Нинзю в патриархи».
Каментары не патрэбныя.
 

Каментаваць