Хто ў Сухумі, хто на футбол

Параўнальны аналіз навагодніх выступаў прэзідэнтаў СНД выклікае вялікі сумнеў наконт адзінства і будучыні арганізацыі.

Як вядома, практыка навагодніх (калядных) зваротаў кіраўнікоў дзяржаў з’явілася на брытанскім ВВС. У 1932 годзе кароль Георг V зачытаў тэкст, напісаны Рэд’ярдам Кіплінгам, у якім павіншаваў жыхароў Брытанскай імперыі з надыходзячым святам



Параўнальны аналіз навагодніх выступаў прэзідэнтаў СНД выклікае вялікі сумнеў наконт адзінства і будучыні арганізацыі.

Як вядома, практыка навагодніх (калядных) зваротаў кіраўнікоў дзяржаў з’явілася на брытанскім ВВС. У 1932 годзе кароль Георг V зачытаў тэкст, напісаны Рэд’ярдам Кіплінгам, у якім павіншаваў жыхароў Брытанскай імперыі з надыходзячым святам

У СССР традыцыю віншаванняў на Новы год заклаў старшыня прэзідыума Вярхоўнага Савета Міхаіл Калінін, які ў 1936-м прывітаў савецкіх палярнікаў. Пасля яго на Новы год у эфіры можна было пачуць Сталіна і Хрушчова, але нерэгулярна. А вось Леанід Брэжнеў любіў віншаваць свой народ. Напярэдадні 1970-га ён гэта зрабіў па тэлебачанню — упершыню ў гісторыі краіны. Леанід Ілліч моцна хваляваўся: тэкст, як кажуць, жаваў, рукі хадзілі сюды-туды, а вочы не глядзелі ў камеру. Першы блін атрымаўся як у той прымаўцы. У наступны раз словы выступу запісалі буйнымі літарамі на шпалерах, якія трымалі пад камерай. Паступова Ілліч набіў руку. Аднак напрыканцы 1970-х, калі Брэжнеў ужо зусім быў дрэнны, навагоднія ролікі адмянілі. Ні Андропаў, ні Чарненка пасля не жадалі паўтараць вопыт Брэжнева. А вось пры Міхаіле Гарбачове традыцыя навагодняга віншавання займела новае гучанне. Выступ на Новы год стаў сімвалам высокага статусу палітыка.

Лідары краін-нашчадкаў СССР ахвотна перанялі гэтую практыку. Мяжа 2011–2012-га не стала выключэннем. Усе як адзін прэзідэнты краін Садружнасці павіншавалі сваіх суайчыннікаў. “Прымусіў сябе нават Эмамалі Рахмон — прэзідэнт Таджыкістану, дзе вельмі моцны ісламскі рэнесанс. У навагоднюю ноч ісламісты нават забілі хлопца ў касцюме Дзеда Мароза. Перад тым, як выступіць, Рахмон нагадаў пра тое, што Новы год — гэта ўвогуле хрысціянскае свята, аднак традыцыя ёсць традыцыя.

Хаця гісторыя падобных віншавальных выступаў у кожнай з краін СНД складае роўна 20 гадоў, мяняецца толькі інтэр’ер выступу. Часам прэзідэнты адмаўляюцца ад здымкаў у кабінетах: выступаюць на фоне гістарычных будынкаў, краявідаў, помнікаў і г.д. Часам у кадр запрашаюцца радасныя дзеці. Найбольш далёка ў гэтай галіне зайшоў Леанід Кучма. Ён зачытаў прамову на канапе ў родным доме, трымаючы на каленях унука. Побач ляжаў сабака. На думку аўтараў ідэі, такая выява мусіла павысіць ва ўкраінцаў каштоўнасці сям’і і тым самым кампенсаваць цяжкасці пераходу да рынкавай мадэлі.

Калі ў візуальнай канцэпцыі навагодняга роліка яшчэ дапускаюцца змены, то структура тэксту навагодняга віншавання прэзідэнтаў СНД дастаткова шаблонная. З невялікімі папраўкамі яна дзеліцца на тры блокі: А) апісанне прарываў, якія дасягнула краіна ў мінулым годзе пад кіраваннем выступоўцы; Б) пагрозы і выклікі на адрас краіны; В) прагнозы і абяцанкі на наступны год. Усё гэта замешана на лірычнай і сямейнай лексіцы. Напрыклад, кіргізскі прэзідэнт Алмазбек Атамбаеў пачаў навагоднюю прамову са зваротку “Дарагія мае.

Самі тэксты даюць добрую глебу для аналізу эліты постсавецкіх рэжымаў. Возьмем, напрыклад, спіч Нурсултана Назарбаева. Нягледзячы на тое, што ўся краіна кажа пра нядаўні расстрэл АМАПам нафтавікоў-страйкоўцаў, казахскі гарант не палічыў патрэбным пра гэта згадаць. І сапраўды, нашто, калі, па словах Назарбаева: “Мы сталі адной з трох краін свету з самай дынамічнай эканомікай. У Астане створаны велічны знак нашых перамог і здзяйсненняў — трыумфальная арка. Хаця чаго здзіўляцца, калі калега Назарбаева з Беларусі, дзе інфляцыя і рост коштаў б’юць сусветныя рэкорды, кажа па выніках года: “Мы не дапусцілі эканамічнага краху, беспрацоўя, згортвання сацыяльных праграм і разладу ў грамадстве.

Тое ж назіраецца ў іншых краінах Садружнасці. Ільхам Аліеў: “Развіваюцца ўсе сферы эканомікі. У краіне вядзецца вялікая праца па добраўпарадкаванню і будаўніцтву. Усе статыстычныя паказчыкі эканамічнага развіцця маюць пазітыўную дынаміку. Іслам Карымаў: “Узбекістан сярод нешматлікіх дзяржаў у 2011 годзе дабіўся росту валавога ўнутранага прадукту на 8,3%. Цікава, што казаць пра вялізарныя поспехі можна дастаткова абстрактна. Так, у сваім звароце да ўкраінскага народа Віктар Януковіч назваў мінулы 2011 год “выбітным, паколькі ў мінулым годзе “мы будавалі масты і дарогі, лякарні і школы.

Пералічыўшы дасягненні ў барацьбе з крызісам, палітыкі часам згадвалі пра цяжкасці. Як не дзіўна, гэта быў той жа крызіс. Так, напрыклад, Уладзімір Пуцін (яго навагодні выступ цытавалі часцей за выступ фармальнага прэзідэнта Мядзведзева) спачатку кажа, што “мы — востраў стабільнасці. А пасля дадае: «Мы толькі адзін крызіс перамаглі, але, на жаль, па ўсёй верагоднасці, увесь свет зноў на парозе новага эканамічнага крызісу.

Цікава, што амаль ніхто з лідараў СНД не казаў пра ўнутраную палітычную пагрозу свайму рэжыму. Хіба што расійскі тандэм, які не можа ігнараваць маштабы апошніх акцый пратэсту. Аднак робіцца гэта з прысмакам іроніі. “У такія часы палітыкі заўсёды эксплуатуюць пачуцці грамадзян, трошкі бурліць, але гэта непазбежная плата за дэмакратыю. Нічога незвычайнага тут няма (Уладзімір Пуцін).

Парадаксальная сітуацыя ў Малдове. Марыян Лупу, які выконвае функцыі прэзідэнта, у сваім звароце наадварот заклікае, каб нехта нарэшце заняў гэту пасаду. З-за канстытуцыйнага крызісу краіна ўжо 2 гады не мае абранага прэзідэнта. Каб вырашыць крызіс, напярэдадні Новага года Лупу нават зрабіў падарунак апазіцыі — адмовіўся ад таго, каб выстаўляць сваю кандыдатуру на вышэйшую ў дзяржаве пасаду.

Адсутнасць унутранай пагрозы кампенсуецца знешняй. Так, Серж Саргсян у пасланні армянам кажа: “Хачу, каб сёння мы не парушылі традыцыю і абвясцілі тост за нашых салдатаў, якія ў акопах сцерагуць нашу святочную ноч.

Найбольш прасунутым у галіне праблематыкі сучасных пагроз аказаўся Іслам Карымаў. Ён задумаўся над тэмай глабальнага пацяплення: “Не сакрэт, што кожны год характэрны сваімі кліматычнымі асаблівасцямі, ці гэта навадненне, экстрэмальныя тэмпературы ці іншыя капрызы прыроды, якія ствараюць свае праблемы і цяжкасці, у першую чаргу ў сельскай гаспадарцы, і ў канчатковым выніку ў паўсядзённым жыцці.

Нарэшце, пра прагнозы і абяцанкі на 2012 год. Ад іх аж дух захоплівае. “У 2012 годзе, калі Усявышні дазволіць, такімі ж высокімі тэмпамі працягнем пачатыя ва ўсіх кірунках шырокамаштабныя пераўтварэнні і яшчэ больш пашырым размах прац (Гурбангулы Бердымухамедаў). “2011 год будзе годам новых крокаў у кірунку ажыццяўлення армянскай мары (Серж Саргсян). “Мы годна правядзём футбольны турнір Еўра–2012. Дух перамогі аб’яднае наш народ! (Віктар Януковіч).

У некаторых палітыкаў проста напалеонаўскія планы на год Дракона. “Я абсалютна ўпэўнены, што падзенне Імперыі непазбежна, Грузія вызваліцца канчаткова, і я хачу, каб мы ўвялі традыцыю віншаваць адзін аднаго так: “У будучым годзе ў Сухумі! (Міхаіл Саакашвілі). “Азербайджан ніколі не пагодзіцца… ніколі не дасць згоды на стварэнне на нашай спрадвечнай зямлі — у Нагорным Карабаху — другой армянскай дзяржавы. Усе мы добра ведаем, што цяперашняя Армянская дзяржава была створана на гістарычных азербайджанскіх землях (Ільхам Аліеў).

Дарэчы, навагодні выступ Аліева меў рэзананс за мяжой СНД. У сваім навагоднім звароце прэзідэнт Азербайджана заявіў, што ён лідар усіх азербайджанцаў свету. Гэтыя заявы прэзідэнта Азербайджана выклікалі пратэст у Тэгеране. Там заявілі, што Ільхам Аліеў не можа быць лідарам іранскіх азербайджанцаў, таму што яны лічаць сваімі лідарамі кіраўнікоў іранскай дзяржавы.

Вось як весела было ў Садружнасці за пяць хвілін да звону курантаў. Толькі не зразумела, што будзе далей з такім СНД.
 

Каментаваць