Хто вы, Джэймс Бонд?

У сувязі з 50-й гадавінай выхаду на экраны першага фільму пра Джэймса Бонда ў колах культуролагаў зноў ажывілася дыскусія наконт прычын яго папулярнасці.
 



Гаворка пойдзе пра культурнае вымярэнне славутага шпіёна Яе Вялікасці, з якім глядач пазнаёміўся роўна 50 гадоў таму. Першы раз публіка сустрэлася з Джэймсам Бондам у карціне «Доктар Но». Стужка мела заўважны поспех і, безумоўна, заклала падмурак будучага поспеху ўсёй серыі. На сёння «Бандзіяна» прызнаная другой пасля «Гары Потэра» самай паспяховай фінансавай франшызай у кіно.

Тое, што місія, якую фармальна выконвае Джэймс Бонд — абарона геапалітычных інтарэсаў Захаду і Вялікабрытаніі, — не можа быць цікавай масаваму гледачу, відавочна ўсім. Хіба што такая канцэпцыя была папулярна ў савецкай прапагандзе. Тут бум вакол Бонда заўсёды лічылі прамым следствам антысавецкай істэрыкі на Захадзе. Добра, што СССР разваліўся да таго, як з’явіліся тэксты нейкага Джэрымі Блэка. Ён прааналізаваў антрапалагічны выгляд усіх ворагаў Джэймса Бонда і выказаў ідэю, што амаль усе яны нагадваць яўрэяў. Адсюль была зроблена выснова пра тое, што Джэймс Бонд — тайны нацыст.

Так ці інакш, аднак тое, што інтарэс да Бонда пабудаваны на антысаветызме, — яўна хлусня. Хаця б таму, што «вялікага і магутнага» даўно няма, а фільмы пра Бонда рэгулярна з’яўляюцца ў кінатэатрах. Акрамя таго, у другой палове 70-х гадоў, калі савецка-амерыканскія адносіны перажывалі перыяд разрадкі, Саветы ў фільмах пра прыгоды агента 007 выглядалі дастаткова пазітыўна. Напрыклад, фільм «Шпіён, які кахаў мяне» (1977), дзе па сюжэту Бонд наўпрост фліртуе з агенткай КДБ, на што заплючшвае вочы Лубянка. Нягледзячы на добразычлівую трактоўку СССР, інтарэс аўдыторыі да прыгод Бонда напрыканцы 70-х усё роўна заставаўся стабільна высокім.

 Увогуле, найбольш часта адказ на пытанне, чаму так папулярны Бонд, шукалі ў тэмах, звязаных з сэксам. Добрым прыкладам з’яўляюцца праца Тоні Бенета і Джанет Вулкот, якая называецца «Моманты Бонда». Аўтары матэрыялу паспрабавалі растлумачыць поспех Бонда ў аўдыторыі выпадковым супадзеннем у часе. На іх думку, нечакана нават для аўтараў фільму фігура Бонда ў «Доктары Но» аказалася вельмі блізкай трэндам у масавай псіхалогіі Захаду. Бонд стаў сімвалам сэксуальнай рэвалюцыі, якая набірала моц. Як тут ні згадаць, што перад тым, як з’явіцца на экранах, Бонд (праўда, як герой коміксаў) доўга фігураваў на старонках часопісу «Playboy».

Таксама варта ўзгадаць працу культуролага Тобі Мілера, якая красамоўна называецца «Пеніс Джэймса Бонда». Магістральная ідэя Тобі палягае ў тым, што ў аснову серыялу пакладзены сэксізм, які набывае крайнія формы. Мілер лічыць, што Джэйм Бонд — гэта латэнтная прапаганда «фалацэнтрызму».

З гэтым не згодная Сінція Баран, аўтар эсэ «Доктар Но: Як спалучыць брытанскі імперыялізм і расавую перавагу». Сінція перакананая, што тое, як Бонд выходзіць жывым з розных складаных сітуацый, — прапаганда расавай еўгенікі на карысць белай расы.

Сустракаюцца абсалютна фантастычныя тэорыі. Напрыклад, нехта Патрык О’Донэл лічыць, што любоў Бонда да машын і нейкіх гаджэтаў сведчыць пра яго ператварэнне ў кібарга.

Нельга пакінуць па-за ўвагай версію пра тое, што герой Яна Флемінга сваім трыумфам абавязаны модзе на ўсё брытанскае, якую выклікаў у 60-я легендарны «Beatles». Што да саміх брытанцаў, то бясконцыя перамогі Бонда на экране быццам кампенсавалі ім страту каланіяльнай імперыі. Такім чынам, як піша культуролаг, Бонд выратаваў «імідж Брытаніі».

Міхаэль Дэнінг лічыць, што Бонд зачароўвае сваёй мадэллю спажывецтва. Сапраўды, герой кінасагі практыкуе геданізм: не ведае ні ў чым адмовы — ад шыкоўных дзяўчат да дарагіх машын. Гэта таксама спрыяе таму, каб разумець Бонда як сімвала мадэрнізму, сучаснасці, што падабаецца людзям.

А вось Мэры О’Град, наадварот, лічыць, што геданізм тут не пры чым. Проста «Бандзіяна», на яе думку, будуецца на тэорыі пра сусветную змову, арганізаваную вузкім колам нягоднікаў. Такі падыход блізкі шматлікім абывацелям, што, быццам, тлумачыць фурор бонд-франшызы.

Эдвард Каментайл, які апублікаваў кнігу «Культурная палітыка 007», наадварот, развівае тэзіс пра тое, што публіка палюбіла Бонда, паколькі пабачыла ў ім вобраз рэвалюцыянера, які таксама характэрны для 60-х гадоў. Сапраўды, амаль ва ўсіх карцінах Бонд выступае супраць іерархі, якая склалася ў яго ўстанове — брытанскай выведцы М6. Развіваючы гэтую тэорыю, Эдвард Каментайл робіць выснову, што фігура Джэймса Бонда — бунт супраць сістэмы і адначасова павага да яе — ідэальна пасуе карпаратыўнай культуры, якая пачала складацца ў той час на Захадзе.

З гэтай фішкай носіцца вельмі папулярны зараз левы славенскі філосаф Славой Жыдэк. Ён лічыць, нібы Бонд, па задуме аўтараў, даводзіць, што яго форма арганізацыі працы, пабудаваная на творчым падыходзе, больш эфектыўная за схемы, па якіх працуе савецкая разведка.

У гэтым плане, дарэчы, цікава згадаць апошні фільм «Бандзіяны». Гэты фільм крытыка назвала адкрыта антыкапіталістычным. Паколькі Бонд у ім змагаецца з імперыялістамі, якія пазбаўляюць абарыгенаў доступу да водных рэсурсаў. У гэтым плане цікавая іншая канцэпцыя, якая, наадварот, лічыць, што барацьба Бонда з вельмі іерархічнымі структурамі прапагандуе прынцып базіснай дэмакратыі і фактычнай сацыяльнай справядлівасці.

Вось такі далёка не поўны спіс адказаў на пытанне. Як бачым, версій на яго хапае. Каб разабрацца, хто на самай справе Джэйм Бонд — расіст, сацыяліст, офісны клерк, брытанскі імперыяліст, нацыст — давядзецца здымаць яшчэ мінімум 10 серый.

Я асабіста не супраць.

Каментаваць