Хто зменіць Чавеса?

Прызнанне Уга Чавеса, што ён хворы на рак, выклікала шмат спекуляцый наконт яго магчымага пераемніка і будучыні створанай ім палітычнай мадэлі.



Прызнанне Уга Чавеса, што ён хворы на рак, выклікала шмат спекуляцый наконт яго магчымага пераемніка і будучыні створанай ім палітычнай мадэлі.

Прыкладна 20 дзён уся Венесуэла жыла ў няведанні, што здарылася з Уга. Нечаканая гаспіталізацыя прэзідэнта падчас візіту на Кубу, супярэчлівая інфармацыя пра вынікі аперацыі выклікалі шмат плётак. «Пацыент хутчэй здаровы, чым мёртвы», — такім быў лейтматыў афіцыйнай прэсы. «Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы», — сцвярджалі апазіцыйныя СМІ са спасылкай на выданні Фларыды, якія першыя распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што ў Чавеса — смяротная хвароба. У выніку памыліліся і першыя, і другія. Чавес, які вярнуўся ў Каракас, жывы. Але яму пастаўлены жудасны дыягназ — рак.

Нават калі хвароба ў хуткім часе не праявіць сябе, палітычную кар’еру Уга шмат хто лічыць скончанай. Толькі фанатык у такім стане будзе займацца дзяржаўным менеджментам. Тым больш, што палітычны каляндар спрыяе для сыходу на пенсію: цяперашняя кадэнцыя прэзідэнта заканчваецца ў наступным годзе. Самі ўлады пра сцэнар сыходу Чавеса ўпарта маўчаць. Аднак дэбаты наконт асобы, якая здольная змяніць Уга, ужо актыўна ідуць.

Крытэрыі адбору вельмі высокія. Уплывовая газета «El Universal» піша: «Упершыню ў лагеры Чавеса пануе разгубле­насць. Канстатуюць, што магчымы канец працэсу, які пачаў Чавес. У камандантэ няма пераемніка. А калі пачаць яго абіраць, база чавістаў можа раскалоцца. Існуюць відавочныя супярэчнасці паміж яе дзвюма галоўнымі фракцыямі: простыя людзі, якія галасуюць за Чавеса, і маладая бюракратыя, якой Чавес дазволіў кіраваць краінай».

Акрамя згаданых фракцый існуе яшчэ адна. Гэта сям’я. У аўтарытарных краінах Лацінскай Амерыкі даўно існавала практыка перадачы ўлады ад бацькі да сына (клан Самосы кіраваў Нікарагуа на працягу амаль 60 гадоў). Хаця Чавес, у адрозненні ад таго ж Самосы, адносіць сябе да палітыка левага спектру, у святле апошніх падзей цалкам выключаць такога варыянту нельга. Узгадаем схему нядаўняй перадачы ўлады на Кубе, якую абагаўляе венесуэльскі гарант. Калі Фідэль Кастра адчуў, што не можа з-за здароўя цягнуць лямку, ён перадаў функцыі прэзідэнта малодшаму брату Раулю.

У гэтым плане найбольш перспектыўным кандыдатам з’яўляецца Адан Чавес, старэйшы брат Уга. Ён — па прафесіі матэматык — лічыцца палітычным настаўнікам Уга. Цяпер займае пасаду аднаго з губернатараў, а таксама персанальна адказвае за кантакты з Гаванай, дзе працаваў паслом. Адан вядомы радыкальнымі левымі пракубінскімі поглядамі, што не вельмі падабаецца памяркоўным чавістам.

Дастаткова яскравай фігурай у венесуэльскай палітыцы з’яўляецца прэзідэнцкая дачка ад першага шлюбу Марыя Габрыэла Чавес. Паколькі сам Чавес разарваў шлюб з жонкай, Марыя Габрыэла вымушана выконваць функцыі першай лэдзі. Па словах маці, «дзяўчынка — копія бацькі».

Перадача ўлады па прынцыпу крыві наўрад ці будзе адназначна падтрымана з боку вертыкалі. У адміністрацыі Чавеса хапае адукаваных і вопытных палітыкаў. Магчыма, некаторыя з іх паспрабуюць стаць венесуэльскімі «казулінымі».

Галоўны прэтэндэнт — Эліас Хаўа, віцэ-прэзідэнт, былы выкладчык сацыялогіі ва ўніверсітэце — адзін з самых блізкіх людзей да Чавеса. 41-гадовы Эліас лічыцца асноўным аўтарам новай т. зв. баліварскай канстытуцыі. Яшчэ адзін магчымы прэтэндэнт — 48-гадовы Нікалас Мадура, міністр замежных спраў. Яго жонка Сілія Флорэс — першая ў гісторыі краіны жанчына-спікер нацыянальнай асамблеі. У спісе верагодных пераемнікаў таксама згадваюцца Рафаэль Рамірэс, міністр энергетыкі, дырэктар венесуэльскага «газпраму» — карпарацыі «Petrуleos de Venezuela (PDVSA) — Дзіёсдада Кабела — дэпутат парламента, якому Чавес асабіста абавязаны выратаваннем падчас путчу 2002 года. Нарэшце, апошнім часам нашмат выраслі фішкі Тарэка эль-Аісамі — дырэктара МУС, які праславіўся падаўленнем бунту ў адной з турмаў.

Усім пералічаным палітыкам не хапае аднаго — харызмы. Праблема ў тым, што цяперашняя ўлада мае яскрава персаналісцкі характар. Увесь дзяржаўны працэс круціцца вакол адной асобы. Тыя, хто ўваходзяць у атачэнне Чавеса, знаходзяцца ў ценю лідара, яны малавядомыя грамадству.

Пра гэта добра сведчаць вынікі сацыялагічнага апытання, якое правёў Венесуэльскі інстытут аналізу дадзеных (IVAD). У якасці фокуснай групай былі абраны лаяльныя рэжыму венесуэльцы. Рэспандэнтам задалі пытанне, за каго яны б яны галасавалі, калі б прэзідэнцкая партыя правяла праймерыс пераемніка Чавеса. У такім выпадку Эліас Хаўа атрымаў 2,6 працэнтаў, Дзіёсдада Кабела — 2,5 працэнта. 36 працэнтаў апытаных адказалі, што не вераць у тое, што Чавес сыдзе з пасады, 57 працэнтаў — папросту не зразумелі пытання.

Яшчэ больш цікавыя вынікі апытання, які правяло іншае агенцтва «Consultores 21», адпаведна якому, калі б нехта з атачэння Чавеса пайшоў на выбары, то ён у лепшым выпадку набраў бы не больш за 35–37 працэнтаў. У той жа час за лідараў апазіцыі — яны больш харызматычныя персоны — гатовыя галасаваць каля 41 працэнта. Зноў жа адбіваецца слабая вядомасць мандарынаў Чавеса.

Як піша «El Universal»: «Чавес цалкам змяніў палітычную культуру ў Венесуэле на карысць персаналізацыі ўлады. Аднак аказалася, што мадэль, якая прызнае выключна аднаго лідара і ставіць асабістую адданасць вышэй за інстытуцыйныя абавязкі, правальная. Без Чавеса «chavismо» як палітычны рух не мае шансаў. Разуменне гэтага стане ключавой тэмай выбараў у наступным годзе».

Нарэшце, апошні палітычны полюс, які можа паўплываць на выбар пераемніка — Адзіная сацыялістычная партыя Венесуэлы (PSUV) і блізкія да яе грамадскія рухі. Партыя была створаная ў 2006 годзе падчас прэзідэнцкай кампаніі. Аднак пры гэтым партыйны базіс дастаткова крытычна ставіцца да асоб з каманды Чавеса, якіх трымае за рэфармістаў і сабатажнікаў рэвалюцыйнага працэсу. Гэтым патэнцыйна можа скарыстацца старэйшы брат Чавеса, які лічыцца левым артадоксам. Але трэба памятаць, што PSUV стваралі адміністратыўным метадам, і ў дадатак па рэцэпту салянкі: сюды запісалі прадстаўнікоў шасці левых партый з рознымі ідэйнымі платформамі. Штучнасць аб’яднання і слабы ідэйны складнік здольныя выклікаць у PSUV у любы час цэнтрабежныя працэсы.

Адным словам, сыход Чавеса пагражае дысбалансам груповак ва ўладным лагеры. Да гэтага яны проста не гатовыя. Таму, каб захаваць стабільнасць, Чавеса могуць трымаць на пасадзе да самага апошняга дня. Аднак гэта не значыць, што выбары пройдуць як па маслу. Старэйшы брат Чавеса ўжо заявіў, што не выключае ўжывання падчас кампаніі зброі, «каб захаваць уладу». Акрамя таго, нават новы прэзідэнцкі мандат не вырашае праблемы перадачы ўлады. Хворы Чавес як гадзіннікавая бомба. Калі раптам, не дай Бог, нешта здарыцца, краіну чакае вакуум улады. А ў дадатак, як спадчына культу асобы Уга, яшчэ і крызіс легітымнасці ўлады.
 

Каментаваць