Расія — Турцыя. Погляд турэцкага апазіцыянера

Як вядома, адносіны Турцыі і Расіі напружыліся да мяжы: з-за таго, што ВПС Турцыі збілі ў сваёй паветранай прасторы расійскі "СУ-24". Аднак рэакцыя на гэтую падзею самой турэцкай грамадскасці даволі супярэчлівая.



Эрдаган і Пуцін — яшчэ сябры


Пра гэта распавядае Булен Муфтуагу, прадстаўнік апазіцыйнай Народнай дэмакратычнай партыі Турцыі (HDP).

— Парадокс цяперашняй сітуацыі: Расія і Турцыя чымсьці падобныя, бо там і там пры ўладзе доўгі час знаходзяцца аўтарытарныя лідары. І вось цяпер яны вырашылі пасварыць свае народы. Мяркуючы па тым, што тытульны апазіцыянер Навальны падтрымаў антытурэцкую істэрыю Пуціна, гэта атрымліваецца. А як паводзіць сябе турэцкая апазіцыя?

— Турэцкая апазіцыя не адзіная. Ёсць ісламская, левая, рэспубліканская, нацыяналістычная, свецкая, курдская... Таму і рэакцыя розная. Напрыклад, учынак Эрдагана знайшоў падтрымку сярод часткі нацыяналістаў, якія раней знаходзіліся да яго ў апазіцыі як палітыка-ісламіста. Яны нават абвясцілі мабілізацыю.

Найбольш буйная фракцыя апазіцыі — рэспубліканцы, крытыкуюць афіцыйную версію збіцця самалёта. Найперш, ніхто не ведае дакладна пра падставы вядзення агню ў адказ на парушэнне турэцкай мяжы. Напрыклад, пасля эміграцыйнага крызісу турэцкі вайсковы флот пачаў патруляваць Эгейскае мора. Пры гэтым некалькі разоў змяняліся правілы, у якіх выпадках трэба весці агонь па парушальніках мяжы. Рэжым адкрыцця агню, што існуе на мяжы з Сірыяй, у апошні час таксама некалькі разоў мяняўся. Адзіная інстанцыя, якая зацвярджае гэтыя правілы, — прэзідэнт Турцыі Таіп Эрдаган, які, хутчэй за ўсё, і прыняў рашэнне збіваць самалёт. Таму галоўнае патрабаванне парламенцкай апазіцыі ў адказ на інцыдэнт з самалётам — закрыць сірыйскую мяжу, паставіць яе пад кантроль парламента. Таксама апазіцыя патрабуе стварэння парламенцкай камісіі па вывучэнні абставін канфлікту.

— Ці назіраецца нейкі нацыяналістычны ўздым у турэцкім грамадстве?

— Большасць туркаў баіцца эканамічных наступстваў канфлікту: Турцыя — сёмы па значнасці эканамічны партнёр Расіі. Турэцкі фондавы рынак і курс валюты ўжо ўпалі. Тут сапраўды хапае тых, хто лічаць, што самалёт быў збіты з-за бамбёжкі нафтавых канвояў, якія перавозілі кантрабандную нафту з тэрыторыі «Ісламскай дзяржавы». Ходзяць чуткі, што канвоі належалі Сalık — фірме, цесна звязанай з кіруючай у Турцыі партыяй Эрдагана. Таксама згадваецца фігура сына прэзідэнта, які, быццам, датычны да нафтавай аферы. Аднак наўрад ці нелегальны бізнес, калі і меў месца, згуляў тут вырашальную ролю. Выпадак з самалётам — гэта рэакцыя Анкары на наступствы расійскага ўмяшання ў сірыйскі канфлікт. Эрдаган палічыў, што яму трэба больш актыўна дзейнічаць у Сірыі.

— Адзін з матываў умяшання Турцыі ў сірыйскія справы — падтрымка мясцовых туркменаў. Наколькі гэтаму этнасу сапраўды патрэбна дапамога турэцкага боку?

— Тут мы маем цудоўную ілюстрацыю падабенства расійскага і турэцкага рэжымаў з той розніцай, што Эрданан змагаецца не за Рускі, а за Цюркскі свет. Сапраўды, свае акцыі ў Сірыі турэцкае войска і дыпламатыя часта апраўдваюць праблемамі сірыйскіх туркменаў — этнічных цюркаў, якія жывуць на поўначы краіны яшчэ з часоў узнікнення Асманскай дзяржавы. У канцы 2012 года пры дапамозе турэцкіх інструктараў туркмены стварылі Сірыйскую туркменскую асамблею і сфармавалі свае ўзброеныя сілы, у якіх ваююць каля 10 тысяч чалавек. Сірыйскія туркмены ваююць як з войскамі Башара Асада, так і з баевікамі «Ісламскай дзяржавы», плюс настроены рэзка супраць Расіі. У апошні час Эрдаган спрабаваў разыграць карту туркменаў на міжнароднай арэне, але не атрымаў той падтрымкі, на якую спадзяваўся.

— Першае, што зрабіла Анкара, калі збіла самалёт, — заклікала да правядзення савету NATO. Відавочна, што гэтая структура вельмі важны элемент у гульні, якую вядзе Эрдаган…

— Тое, што Эрдаган усё ж вырашыў пайсці на абвастрэнне першым, звязана са спробай выкарыстоўваць статус Турцыі ў NATO для таго, каб паўплываць на магчымую «вялікую кааліцыю» з удзелам Францыі і Расіі, якая складаецца пасля парыжскіх тэрактаў. Магчыма, ён думае, што калі NATO стане на яго бок, роля Турцыі ў сірыйскім канфлікце будзе больш важкай. Аднак у Альянсу, гледзячы па выніках Савета, хапае сваіх праблем. Фармальна падтрымаўшы Эрданага, яны нічога канкрэтна яму не паабяцалі. Акрамя таго, на Захадзе хапае аматараў збалансаваць рэгіянальныя амбіцыі Турцыі і нафтавых манархій Персідскага заліва.

У Расіі заклікаюць да паставак зброі курдскім сепаратыстам у Турцыі, каб іхнімі рукамі адпомсціць Эрдагану.

— СССР меў досыць вялікі досвед працы з курдскімі арганізацыямі (у тым ліку і вопыт падтрымкі курдскіх баявых арганізацый). Прычым курды таксама разглядаліся як натуральны саюзнік СССР у магчымым канфлікце з Турцыяй. Апроч таго, для курдаў важна сарваць спробы Турцыі стварыць 50-кіламетровую «зону бяспекі» ў памежных раёнах Сірыі. Аднак сёння іракскія курды, якія заўсёды былі звязаныя з суайчыннікамі ў Турцыі, і так атрымліваюць шмат зброі ад Штатаў, якія бачаць у іх важнага партнёра ў барацьбе з «Ісламскай дзяржавай». Пра магчымыя пастаўкі зброі курдам піша французская прэса. З улікам росту курдскага фактара, наўпрост станавіцца пешкамі Масквы курды не будуць. Будуць улічвацца шмат чыннікаў.

— Чым скончыцца канфлікт, на вашу думку?

— Эрдаган і Пуцін могуць паспрабаваць «адгуляць назад». Аднак антаганізм інтарэсаў у рэгіёне двух вялікіх «гульцоў», які быў бачны з самага пачатку расійскай ваеннай аперацыі, ужо стаў занадта відавочным і публічным.

Каментаваць