Індыйская актывістка завяршае 16-гадовую галадоўку — самую доўгую ў гісторыі

Ірам Шарміла абвясціла галадоўку 16 гадоў таму на знак пратэсту супраць закона, які дае асаблівыя паўнамоцтвы ўзброеным сілам. Ірам атрымала сусветнае прызнанне за свае дзеянні, а арганізацыя Amnesty International прызнала яе вязнем сумлення.

Ірам Шарміла. Фатограф Іан Томас Янсен-Лонвіст некалькі гадоў здымаў жыццё Ірам Шармила


Ірам Шарміла абвясціла галадоўку 16 гадоў таму на знак пратэсту супраць закона, які дае асаблівыя паўнамоцтвы ўзброеным сілам. Ірам атрымала сусветнае прызнанне за свае дзеянні, а арганізацыя Amnesty International прызнала яе вязнем сумлення, паведамляе ВВС.

Актывістка з Індыі Ірам Шарміла Чану прыняла рашэнне завяршыць галадоўку, што доўжылася 16 гадоў. Яна абвясціла галадоўку на знак пратэсту супраць закона, які дае асаблівыя паўнамоцтвы узброеным сілам у індыйскім штаце Маніпур.

Ірам Шарміла трымалі ў зняволенні і гвалтоўна кармілі ў рамках індыйскага закона, паводле якога спроба самагубства з'яўляецца злачынствам. Яна правяла большую частку апошніх 16 гадоў пад вартай у шпіталі ў сталіцы штата Маніпур, Імпхале. Там яепрымусова кармілі сумессю з лекаў і дзіцячага харчавання.

Кожныя два тыдні актывістка з'яўлялася ў Вышэйшым судзе Маніпур, каб пацвердзіць свой пратэст.

Аднак у аўторак суд адпусціў яе пад заклад — пасля таго, як яна заявіла, што мае намер завяршыць галадоўку, каб прыняць удзел у выбарах у штаце Маніпур як незалежны кандыдат.

Актывістка сказала журналістам, што хоча паспрабаваць "іншую форму барацьбы", паколькі яна "галадала 16 гадоў, але нічога гэтым не дамаглася”.

Ірам Шарміла пачала галадоўку на знак пратэсту супраць закона аб асаблівых паўнамоцтвах узброеных сіл, які дае ваенным права здзяйсняць арышты без ордэра і нават страляць на паражэнне ў некаторых сітуацыях. Гэты закон дзейнічае ў некалькіх індыйскіх штатах, уключаючы Маніпур і Кашмір.

У апошнія гады актывістка прыцягнула значную ўвагу мясцовай і міжнароднай прэсы. Мясцовыя жанчыны-актывісткі выказалі салідарнасць з Ірам Шарміла і сімвалічна галадалі 4 гадзіны.



Каментаваць