Інфарматар WADA Юлія Сцяпанава распавяла, што баіцца за сваё жыццё

"Калі з намі нешта здарыцца — ведайце, гэта не няшчасны выпадак", — заявіла «Інтэрфаксу» Юлія Сцяпанава, расійская бягуння, якая атрымала прытулак у ЗША. Юлія Сцяпанава і яе муж вымушаныя былі пакінуць Расію.
Юлія Степанова. Фота AP

Юлія Степанова. Фота AP



Інфарматар Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), расійская бягуння Юлія Сцяпанава збегла з Расіі ў ЗША, пасля таго як дапамагла раскрыць махінацыі з допінгам у расійскім спорце.  30-гадовая Сцяпанава заявіла, што пасля ўзлому яе ўліковага запісу ў антыдопінгавай сістэме яны разам з мужам асцерагаюцца за сваё жыццё, паведамляе ВВС.


У суботу Сусветнае антыдопінгавае агенцтва абвясціла, што ўліковы запіс у сістэме ADAMS, пры дапамозе якога спартсменка абавязаная паведамляць агенцтву пра сваё месцазнаходжанне, быў узламаны.

"Адзіная прычына, па якой хтосьці захоча ўзламаць уліковы запіс ADAMS, — гэта спроба высветліць наша месцазнаходжанне. Мы вырашылі, што бяспечней будзе памяняць месца жыхарства", — распавяла Сцяпанава журналістам.

"Калі з намі нешта здарыцца — ведайце, гэта не няшчасны выпадак", — дадала яна.

Юлія Сцяпанава — жонка былога супрацоўніка РУСАДА Віталя Сцяпанава. Яна і яе муж былі асноўнымі крыніцамі інфармацыі пра выкарыстанне допінгу расійскімі лёгкаатлетамі, а таксама пра масавыя схемы выкарыстання допінгу на Алімпійскіх гульнях у Сочы. Менавіта іх інтэрв'ю ляглі прывялі да расследаванняў WADA.

Яна паведаміла пра свае апасенні за жыццё праз паўгода, пасля таго, як два высокапастаўленыя чыноўнікі Расійскага антыдопінгавага агенцтва (РУСАДА) памерлі з розніцай у два тыдні.

Два тыдні таму муж спартсменкі Віталь Сцяпанаў ужо скардзіўся, што атрымліваў праз сацыяльныя сеткі пагрозы расправы. «Некаторыя, — распавёў ён, — былі па-сапраўднаму брыдкімі. Напрыклад, нядаўна прыйшоў верш, адрасаваны нашаму двухгадоваму сыну Роберту. У ім гаворыцца, што яго бацькі — каты і павінны быць павешаныя. Дарэчы, пагроза сыходзіла ад расійскага спартсмена», — цытуе словы Сцяпанава “Эхо Москвы”.

У 2013 годзе Юлія Сцяпанава, якая тады насіла прозвішча Русанава, сама была дыскваліфікаваная за ўжыванне допінгу. На гэтай падставе МАК у гэтым годзе не дапусціў яе да ўдзелу ў Алімпіядзе.


Каментаваць