Інтэрнацыянал PEGIDA

Рост антыімігранцкіх настрояў у Еўропе выклікаў бум лакальных ісламафобскіх ініцыятыў, якія працуюць пад дахам брэнда PEGIDA. На мінулым тыдні новы інтэрнацыянал правёў першую агульнаеўрапейскую акцыю.



Адказаць на пытанне, чаму менавіта група PEGIDA, якая паўстала ў Дрэздэне, стала арыенцірам для ксенафобскіх груповак ва ўсёй Еўропе, няцяжка. Прыкладна ўлетку 2014-га ў сталіцы Саксоніі пачаліся штопанядзелкавыя акцыі супраць імігрантаў. Арганізатарамі акцый былі прадстаўнікі розных праварадыкальных груповак, аднак у выніку пратэст манапалізавала арганізацыя PEGIDA, якая расшыфроўваецца як "Еўрапейскі патрыятычны фронт супраць ісламізацыі Захаду".

Праз шэраг фактараў (у тым ліку і дзякуючы негалоснай падтрымцы правых уладаў горада) панядзелкавая маніфестацыя стала традыцыйнай, і пра яе пачалі пісаць буйныя медыя, каментаваць вядомыя палітыкі. Паступова тэрмін PEGIDA замацаваўся ў журналісцкім лексіконе ўсіх краін ЕС.

Нягледзячы на ўнутраныя супярэчнасці, і нават шэраг расколаў, саксонская групоўка PEGIDA здолела праіснаваць да восені 2015 года, калі мільённая іміграцыйная хваля з Усходу каталізавала рух. Секцыі PEGIDA пачалі ўзнікаць не толькі ў іншых гарадах ФРГ, аднак і ў іншых краінах Еўрасаюза. У дрэздэнскіх ісламафобаў з’явіліся сябры нават у далёкай Аўстраліі.

У мінулую суботу інтэрнацыянал ксенафобаў правёў першую агульнаеўрапейскую акцыю, і трэба сказаць, што блін не атрымаўся камяком. Амстэрдам, Прага, Кале, Бірмінгем, Дублін, Вроцлаў, Браціслава, Грац, Монпелье, Брно, Талін, Варшава і, натуральна, вотчына руху Дрэздэн — геаграфія заяўленай раней акцыі «Крэпасць Еўропа». Акцыя месцамі, як у Кале і ў Празе, ператварылася ў атакі на эмігрантаў і бойкі. Канструктыўны блок лозунгаў маніфестантаў складаўся з заклікаў зачыніць межы ЕС, забараніць іслам у краінах ЕС, абмежаваць уплыў Брусэля на нацыянальныя ўрады ў галіне праблемы мігрантаў. Гэта пераказ агульнага дакументу «Пражская заява», якую лідары PEGIDA з 10 краінаў падпісалі ў Празе ў студзені.

Аднак аптымізм выклікае тое, што практычна ў кожным горадзе, дзе праходзіла «Крэпасць Еўропа», мабілізаваліся і грамадзяне, якія былі супраць мерапрыемстваў PEGIDA.

Агульнаеўрапейская акцыя выклікала ў прэсе дэбаты — ці ў стане PEGIDA трансфармавацца ў шырокі рух, ці будзе яна ўплываць на палітычныя трэнды. Пакуль еўрапейская прэса не бачыць у вулічных ініцыятывах ісламафобаў сур’ёзнай палітычнай пагрозы. Як піша французскі часопіс «Marianna», аналізуючы мясцовую версію PEGIDA, пакуль рух рэкрутуе сяброў з актыву старых праварадыкальных гурткоў. У PEGIDA, як правіла, пераходзяць, каб узняць свой аўтарытэт за кошт раскручанага брэнда. Такім жа чынам у прэсе ацэньваюць генезіс брытанскай і польскай PEGIDA.

Сацыяльную маргінальнасць PEGIDA тлумачаць і тым, што нават ксенафобскі настроены бюргер пакуль надае перавагу парламенцкім метадам барацьбы за нейкія рэформы. Практычна ў кожнай краіне ЕС як грыбы пасля дажджу паўстаюць правапапулісцкія партыі, некаторыя з якіх маюць добрыя электаральныя пазіцыі. Лідары гэтых партый, у сваю чаргу, заклікаюць прыхільнікаў утрымацца ад вулічнага экстрэмізму. Так, напярэдадні акцыі «Крэпасць Еўропы» адпаведную заяву зрабілі лідары французскага Нацыянальнага фронту.

Калі меркаваць па сацыялогіі, пакуль большасць (85 працэнтаў) аматараў PEGIDA таксама збіраюцца мяняць сітуацыю праз паход на выбарчыя ўчасткі. Цікава, што 20 працэнтаў сярод іх, нягледзячы на свае ісламафобскія забабоны, сімпатызуюць левым партыям — эсдэкам і Зялёным. Нарэшце, нават у Германіі, дзе акцыі PEGIDA праходзяць рэгулярна і збіраюць да 15 тысяч чалавек, выбудаванай структуры не паўстала. На міжнародным узроўні сітуацыя яшчэ горшая. Фактычна, гэта нешта сярэдняе паміж франшызай і інфармацыйным абменам. Не зразумелы і алгарытм, праз які PEGIDA хоча дабіцца пераменаў, паколькі лабістаў у заканадаўчых органах у яе няма.

Ёсць думка, што дрэздэнскую мадэль нельга імпартаваць у замежжа. Не дарма ў нямецкай прэсе некаторыя палітолагі называлі PEGIDA феноменам посткамуністычнай усходненямецкай палітычнай культуры. Дрэздэнская саксонская прэса цытуе Ханса Ворляндэра (Hans Vorländer), вядучага нямецкага даследчыка, які скептычна ставіцца да тэзіса пра тое, што Дрэздэн здольны стаць сталіцай ісламафобскай Еўропы. Па яго словах, нягледзячы на моцныя нацыяналістычныя рухі ў Еўропе, супярэчнасці паміж іх лідарамі яшчэ больш моцныя, не кажучы пра супярэчнасці паміж іх шараговымі актывістамі.

Між тым, у руху можа паўстаць каардынацыйны цэнтр. Польская «Газета выборча» прагназуе кааперацыю паміж Масквой і новым інтэрнацыяналам, паколькі дзейнасць PEGIDA аб’ектыўна спрыяе інтарэсам Крамля — рост крытыкі на адрас палітычнай эліты ў ЕС, вымагае ад іх сканцэнтравацца на ўнутраных справах, ахвяраваўшы знешняй палітыкай, і ў тым ліку ўкраінскім пытаннем. Вядучую функцыю ва ўсталяванні кантактаў, на думку польскай прэсы, будзе гуляць рэдакцыя вельмі папулярнага сярод нямецкіх ісламафобаў сайту "Compact".

Што тычыцца саміх лідараў PEGIDA, то яны разглядаюць акцыю 6 лютага як спробу сілаў. На іх думку, тэктанічныя змены на старым кантыненце пачнуцца, калі ў Еўропу прыйдзе наступная буйная партыя эмігрантаў, якая, быццам, ужо на шляху. Ісламафобы кажуць, што зараз у Еўропу рухаецца да 8 мільёнаў чалавек.

Каментаваць