Іспанія. У чаканні чарговага крыжовага паходу

Як вядома, у гісторыі было дзевяць крыжовых паходаў у Палесціну, апошні з якіх меў месца напрыканцы ХІІІ стагоддзя. І, здаецца, днямі пачаўся дзясяты. 



Пётр Пустэльнік (П'ер Ам'енскі) паказвае крыжакам шлях на Ерусалім


Прынамсі на гэта спадзяецца 46-гадовы Хуан Сарыя (Juan Soria), іспанскі нацыяналіст, які заклікаў каталікоў усяго свету паўтарыць гераічны чын сваіх прашчураў — адправіцца на Усход ратаваць хрысціянства. На гэты раз, праўда, не ад сарацынаў, а ад Ісламскай дзяржавы.

Базай для неакрыжакоў абраная тэрыторыя іракскіх курдаў, якія змагаюцца з ісламістамі і дзе зараз знаходзіцца Хуан. Каб быць падобным на сапраўднага крыжака, аўтар ідэі нават змяніў прозвішча на больш сярэднявечнае — Манфарт (Monfort).

Іспанская прэса з іроніяй каментуе заклік Сарыя-Манфарта і перспектывы яго крыжовага паходу. Прычыны такога стаўлення — мінулае галоўнага «крыжака». У Валенсіі, дзе раней жыў Хуан, ён вядомы як лідар неанацысцкай групоўкі, якую забаранілі за нелегальнае валоданне зброяй.

Тым не менш, у Хуана з’явіліся прыхільнікі. Адзін з парыжскіх хрысціянскіх цэнтраў падтрымаў заклік Манфарта, і нават выдзеліў на крыжацкае войска тры тысячы еўра.

Паводле іспанскай прэсы

Каментаваць