Ізраіль пасля выбараў

17 сакавіка ў Ізраілі прайшлі парламенцкія выбары. Пра тое, чаго чакае грамадства ад новага кабінету, журналіст НЧ размаўляе з брытанскім культуролагам Сарай Хол, якая падчас выбарчай кампаніі знаходзілася ў Іерусаліме.



— Галоўным вынікам выбараў стала 4-я ў гісторыі перамога правых пад кіраўніцтвам Беньяміна Нетаньяху. Што чакае Ізраіль пры новай кадэнцыі Бібі (так гэтага палітыка часта называюць у прэсе)?

 

— Адказаць на гэта пытанне цяжка, паколькі ўрадавая кааліцыя яшчэ не сфармаваная. Працэс кансультацый і ўзгаднення кандыдатур міністраў звычайна патрабуе 2–3 тыдні. Сам пераможца кажа, што разлічвае сфармаваць шырокі блок, куды акрамя яго партыі «Лікуд» увойдзе шэраг малых правых партый, рэлігійныя партыі і аб’яднанне «Наш дом Ізраіль» (партыя, што выказвае інтарэсы рэпатрыянтаў з былога СССР). Аднак дасюль не выключаецца стварэнне правымі вялікай кааліцыі з левымі.

 

Палітычныя сіноптыкі кажуць пра гэта з улікам незвычайнага фармату апошніх выбараў. Падчас іх ставіліся глабальныя пытанні наконт сутнасці праекту дзяржавы Ізраіль. На папярэдняй кампаніі 2013 года галоўнымі выбарчымі тэмамі былі рост коштаў на прадукты або дарагая арэнда. Радыкальная змена павесткі дня звязаная не толькі з эскалацыяй канфлікту ў сектары Газа, аднак і з моцным водападзелам грамадства на лібералаў і кансерватараў. Часткова за гэта адказны сам прэм’ер, які падтрымаў прапанаваны артадоксамі праект пра Ізраіль як дзяржаву яўрэйскай нацыі, паводле якога ўсё заканадаўства павінна базавацца на традыцыйным яўрэйскім праве. Палярызацыя ізраільцян настолькі моцная, што некаторыя сумняваюцца, што дзяржава доўгі час будзе здольная вытрымаць суіснаванне двух экзістэнцыйных кодаў.

 

— Нетаньяху на выбарах супрацьстаяў блок левых партый пад назвай «Сіянісцкі лагер». У чым заключалася ідэя піяршчыкаў, калі яны прапанавалі такую назву?

 

— Выбар назвы прадыктаваны канцэпцыяй кампаніі. Левыя патрабавалі вяртання да першапачатковых прынцыпаў сіянізму, аўтары якога бачылі Ізраіль як міралюбівую дэмакратычную дзяржаву. Таму ў выбарных дэбатах апазіцыянеры шмат казалі пра ідэнтычнасць усёй ізраільскай палітыкі. Апазіцыі сапраўды ўдалося перафарматаваць выбары ў нейкі рэферэндум па пытаннях міру або вайны.

 

— Нягледзячы на добры старт, лідары «Сіянісцкага лагеру» Іцак Херцаг і Цыпі Ліўні ў выніку прайгралі. На фінальнай стадыі «Лікуд» сенсацыйна абышоў апанентаў. Прычым фракцыя «Лікуд» колькасна вырасла на 40 працэнтаў адносна той, што была ў мінулым кнесеце.

 

— Контрнаступ Нетаньяху быў заснаваны на кампаніі запалохвання электарату. У апошнія дні перад выбарамі мусіравалася тэма пра фальсіфікацыі, якія рыхтуе палесцінская моладзь, што пражывае ў Ізраілі. Быццам, па краіне ад аднаго выбарчага ўчастку да другога будуць курсіраваць аўтобусы з пасажырамі-палесцінцамі, каб максімальна больш разоў прагаласаваць за арабскі выбарчы спіс і падарваць яўрэйскую большасць у парламенце. У атмасферы напружанасці такая агітацыя спрацавала. Таксама было відавочна, што стаўка левых на маладыя твары не знайшла агульнай падтрымкі ў сярэдняга класа.

 

— У расійскіх патрыятычных СМІ перамога «Лікуд» падаецца як маленькі Антымайдан. «Сіянісцкі лагер вылучыў на пярэдні план сваім галоўным тэзісам аднаўленне ў поўным аб’ёме партнёрскіх адносін са Злучанымі Штатамі. І гэта стала фатальнай памылкай. Аказалася, што ад блізкаўсходняй палітыкі Абамы стаміліся не толькі арабскія краіны, але і «непатапляльны авіяносец» ЗША — Ізраіль…» — піша інтэрнэт-выданне «Русская весна».

 

— Думаю, што тэма міжнароднай, і ў тым ліку амерыканскай ізаляцыі, наадварот, гуляла супраць Нетаньяху. Адпаведна апытанням, напярэдадні выбараў каля 75 працэнтаў ізраільцян былі заклапочаныя кепскім станам адносін Тэль-Авіва з Еўропай і ЗША — гэта следства шмат у чым нежадання ўраду замарозіць праграму каланізацыі палесцінскіх тэрыторый. Гэта таксама ўплывае на апошні ўсплёск антысемітызму ў той жа Францыі.

 

— Як праявіла сябе на сакавіцкіх выбарах дыяспара з былога СССР?

 

— Калі меркаваць па апытаннях, т. зв. «руская алія» галасавала ў большасці за «Лікуд», у топе выбарчага спісу якога знаходзяцца рускамоўныя. «Сіяністы» праблемамі рускіх мала цікавіліся. Таму, напэўна, вельмі сціпла праявіла сябе партыя «Наш дом — Ізраіль» Авігдора Лібермана (6 мандатаў), якая намагаецца быць палітычным рупарам выбаршчыкаў — мігрантаў з былога Саюзу.

 

Сам Ліберман праславіўся хіба тым, што выступіў з незвычайным праектам выселіць усіх арабаў грамадзян Ізраіля на землі, дзе жывуць ізраільскія каланісты, а каланістаў, наадварот, перасяліць ва ўнутр краіны. Акрамя шоку ў адукаванай часткі грамадства, гэта прывяло да кансалідацыі тых самых ізраільцян арабскага паходжання. Яны ўпершыню ў гісторыі здолелі выступіць адзіным фронтам і, як следства, атрымаць 14 месцаў — вельмі шмат для парламенту з 120 дэпутатаў. Праўда, мабілізавацца ім дапамог не толькі Ліберман, аднак таксама «Лікуд» з тым самым Актам пра Ізраіль як яўрэйскую дзяржаву. Паводле законапраекту, арабская мова губляе статус дзяржаўнай.

 

— Выбары 17 сакавіка замацавалі разлом у ізраільскім грамадстве. Ці ёсць хоць нейкія пазітыўныя моманты ад апошніх выбараў?

 

— Безумоўна. Выбары давялі, што міжнародная праблематыка становіцца вельмі важнай для абывацеля. Чым больш яны цікавяцца гэтымі пытаннямі, тым больш ім зразумела, што без пошукаў саюзнікаў у арабскім свеце, канфлікт у краінах-суседзях не прыпыніць. Лічу, што ангажаванне ў міжнародную дыскусію дапаможа эмансіпацыі ізраільскага соцыуму і гатоўнасці да дыялогу ўнутры краіны і за яе межамі.

Каментаваць