Яцанюк: Украіна пасля Вільні нагадвае Беларусь

Пасля правалу на Віленскім саміце ўкраінцы прачнуліся ў іншай краіне, аднак планы апазіцыі не мяняюцца, заявіў лідэр фракцыі «Бацькаўшчына» Арсеній Яцанюк.



«Пасля правалу ў Вільні мы прачнуліся ў іншай краіне. Украіна пасля Вільні больш нагадвае Беларусь» заявіў ён у  суботу пасля разгону еўрамайдану.
 
 
Па словах Яцанюка, «цяпер галоўная задача выцягнуць людзей, якія знаходзяцца ў міліцыі».
 
 
«Тое, што адбылося ноччу, калі "Беркут", які прывезлі з усходніх рэгіёнаў Украіны, жорстка разагнаў абсалютна мірную дэманстрацыю, сведчыць толькі аб страхах Віктара Януковіча пасля Майдана 2004 года» заявіў Яцанюк.
 
 
Адказваючы на пытанне, якія далейшыя планы апазіцыі, Яцанюк сказаў, што планы не мяняюцца. Ён нагадаў, што ў пятніцу Еўрамайдан прыняў рашэнне сабрацца на вялікае народнае веча ў нядзелю.
 
 
«Нашы планы застаюцца такімі ж, якія былі зафіксаваныя ў рэзалюцыі Майдана. Гэта было рашэнне не палітычных сіл, а ўсяго Майдана... У рэзалюцыі было заяўлена, што Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС трэба падпісаць з новым прэзідэнтам, новым парламентам і новым урадам» адзначыў палітык.
 
 
Яцанюк падкрэсліў, што падзеі на Еўрамайдане паказалі, што наступныя прэзідэнцкія выбары ва Украіне будуць абапірацца на сілу «Беркута» і спецслужбаў. Аднак на абарону свайго выбару стануць мільёны ўкраінцаў.
 
 
«Зараз цалкам можна спрагназаваць, якія выбары будуць або ў 2015 годзе, або да 2015 года (датэрміновыя выбары). Выбіраць будзе «Беркут», а абараняць будуць мільёны ўкраінцаў. Гэта таксама стала зразумела, у тым ліку, і Януковічу... За свой ​​выбар людзі выйдуць» падкрэсліў Яцанюк.
 
 
Як паведамлялася, Украіна не падпісала Пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні 29 лістапада. У ноч з пятніцы на суботу Беркут жорстка разагнаў мірны еўрамайдан.
 
 
pravda.com.ua

Каментаваць