Яцанюк заявіў, што Украіна пражыве зіму без прамога імпарту расійскага газу

Гэта стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву з ЕС, заходнімі партнёрамі, ЕБРР і Сусветным банкам.



Украіна ўпершыню за сваю гісторыю пройдзе зіму без неабходнасці закупляць газ у Расіі, заявіў прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк.

"Упершыню за ўсю гісторыю Украіны мы пройдзем зіму без расійскага газу", — сказаў кіраўнік урада на сустрэчы з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса.

Паводле яго слоў, гэта стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву Украіны з краінамі Еўрапейскага Саюза, заходнімі партнёрамі, Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, Сусветным банкам і іншымі міжнароднымі арганізацыямі.

"Гэта з'яўляецца рэальнай рэформай і рэальным крокам да таго, каб Украіна дыверсіфікавала пастаўкі прыроднага газу... Мы дамагліся рэальнай дыверсіфікацыі і энергетычнай незалежнасці для краіны", — падкрэсліў Яцанюк.

Як паведамляў УНІАН, 25 лістапада 2015 года Украіна спыніла закупку газу ў Расіі. Па дадзеных дзяржкампаніі "Укртрансгаз", Украіна ў 2015 годзе падвоіла імпарт прыроднага газу з Еўропы ў параўнанні з 2014 годам — да 10,3 мільярда кубаметраў, пры гэтым скараціўшы ў 2,3 разы закупку вуглевадародаў з Расійскай Федэрацыі — да 6,1 мільярда кубаметраў , што з'яўляецца гістарычным мінімумам для Украіны. У 2014 годзе закупкі газу складалі 19,6 мільярда кубаметраў.

11 лютага міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны Уладзімір Дэмчышын заявіў, што Украіна плануе завяршыць гэты ацяпляльны сезон без закупкі расійскага газу, а таксама мае шанцы і ў наступным ацяпляльным сезоне абысціся без імпарту расійскага газу.

Украіна ў 2016 годзе плануе скараціць імпарт прыроднага газу ў параўнанні з 2015 годам на 20-30% — да 11-13 мільярдаў кубаметраў з 16,4 мільярда кубаметраў і ажыццяўляць закупкі пераважна па рэверснай схеме ў краінах Еўрасаюза.

Паводле: УНІАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць