Як далёка зойдзе «#MeToo»?

Ці трэба Дзень барацьбы за правы жанчын перанесці з 8 сакавіка на 15 кастрычніка, калі нарадзіўся рух «#MeToо»?

Фота twitter.com

«Калі б усе жанчыны, якія зазналі сексуальныя дамаганні або напад, таксама напісалі “Me Too” («Я таксама») у сваім статусе, мы маглі б даць людзям зразумець маштабы гэтай праблемы», — такі пост апублікавала ў сваім акаўнце 15 кастрычніка 2017 года актрыса Аліса Мілана, якая жадае прыцягнуць увагу да скандальнай справы прадзюсара Харві Вайнштэйна.

Насамрэч, ідэя хэштэгу «#MeToo» належыць грамадскай актывістцы Таране Берк. Упершыню яна выкарыстала «#MeToo» ў сацыяльнай сетцы MySpace у 2006 годзе ў межах правядзення кампаніі «пашырэння магчымасцяў праз спагаду» сярод цемнаскурых жанчын, якія зведалі сексуальны гвалт. Берк нават стварыла дакументальны фільм «Me Too», у якім, у прыватнасці, распавяла, як аднойчы яна адказала 13-гадовай дзяўчынцы: «Я таксама». І такім чынам Берк прызнала, што і яна падвяргалася сексуальнаму гвалту. Тарана Берк шкадавала, што не знайшла іншых слоў і проста адказала той дзяўчыне: «Я таксама».

Але сапраўдны эфект «#MeToo» набыў менавіта пасля публікацыі Міланы. Толькі на працягу першых 24 гадзін у Facebook больш за 4,7 мільёна чалавек у 12 мільёнах паведамленняў выкарыстоўвалі хэштэг «#MeToo». Facebook паведамляў, што ў 45% карыстальнікаў у Злучаных Штатах хаця б хто-небудзь з сяброў апублікаваў гэтае выслоўе.

Флэшмоб у сеціве выйшаў далёка за межы справы Вайнштэйна. Многія адважыліся зрабіць публічнымі гісторыі пра сексуальныя дамаганні на працоўных месцах, што прывяло да расследаванняў у дачыненні да мноства мужчын. Пад падазрэнне трапілі нават прэзідэнт ЗША і зоркі Галівуду. Заклік «#MeToo»  знайшоў водгук і за мяжой. Напрыклад, не чуваны дасюль скандал у расійскай Думе, дзе журналістка абвінаваціла ў дамаганні дэпутата Леаніда Слуцкага. Амерыканскія журналісты нават зрабілі шэраг заяў пра надыход нейкага пераломнага моманту ў грамадскім дачыненні да сексуальных учынкаў.

Фота Getty Images

Між тым, актывісткі «#MeToo» ўсё часцей навязваюць свой парадак дня ў розных сегментах жыцця. Напрыклад, апошні Дзень святога Валянціна многія на Захадзе святкавалі больш сціпла, паколькі «#MeToo» напярэдадні заклікала «дэрамантызаваць» свята 14 лютага. У Вялікабрытаніі феміністкі дамагаюцца правядзення сваіх лекцый у школе, каб навучыць хлопчыкаў, як паводзіць сябе на спатканнях, і гэтак далей.

Выявіў сябе рух і ў заканадаўчай сферы. З яго падачы ў штаце Каліфорнія разглядаюць законапраект аб забароне тайных дамоваў у выпадкаў сексуальных дамаганняў. Далей за ўсіх пайшлі ў Швецыі, дзе 21 снежня парламент ухваліў закон «Аб згодзе на секс», згодна з якім партнёру трэба атрымаць згоду іншага партнёра перад актам. Згоду можна атрымаць на словах або ў пісьмовай форме. Праўда, трэба адзначыць, што экстравагантная рэформа была шмат у чым рэакцыяй на рэзкі ўсплёск колькасці згвалтаванняў у краіне. Пасля таго, як іх ахвярай стала кабета-інвалід, публіка запатрабавала жорсткіх крокаў. А вядомая акцёрка Анжаліна Джалі, якая таксама засвяцілася ў «#MeToo», у мінулым лістападзе заклікала ААН уводзіць войскі міратворцаў у зоны, дзе жанчыны сістэмна пакутуюць ад сексуальных злачынстваў.

Зрэшты, ёсць і больш канструктыўныя прапановы. Дзякуючы «#MeToo» ў ЗША нарэшце можа быць прынятая Папраўка аб роўных правах (ERA), якая забараняе адмову ад роўных правоў на аснове полу (такім жа чынам у ЗША ўжо забараняюць дыскрымінацыю па прыкмеце расы, рэлігіі і нацыянальнага паходжання). Кангрэс прыняў папраўку яшчэ ў 1972 годзе, але яна не была ратыфікаваная патрэбнай колькасцю штатаў.

У выніку агрэсіўны ціск «#MeToo» на ўсе інстытуты спарадзіў спекуляцыі пра магчымую змену заходняга цывілізацыйнага кода. З такой ідэяй, напрыклад, носяцца рускія патрыёты, якія лічаць, што «#MeToo» дапаможа знішчыць Захад. «У выпадку захавання сучасных тэндэнцый пытанне знікнення заходняй цывілізацыі, якая будзе хварэць на матрыярхат, — гэта пытанне часу», — піша сайт «Царьград».

Але хапае ў «#MeToo» крытыкаў і на Захадзе. На думку апошніх, феміністкі разглядаюць мужчынскую прыроду як загадзя варожую, ігнаруюць сексуальную дынаміку адносін, іх гульнявы характар. Праводзяць паралелі паміж маніфестамі «#MeToo» і раманам-антыўтопіяй «1984» Джорджа Оруэла. Апісаная на старонках рамана таталітарная дыктатура дыктуе мужчынам і жанчынам, як трэба будаваць паміж сабой адносіны.

Трэба прызнаць, што «#MeToo» сапраўды часам спрабуе прапанаваць «формулу кахання». Вось як апісвае іх актывістка Жаклін Фрыдман: «Інтым — гэта творчае супрацоўніцтва паміж двума людзьмі. Паміж людзьмі, якія хочуць гуляць, мець зносіны, даследаваць свае ўзаемныя фантазіі, атрымліваць асалоду ад валодання адзін адным. Вам проста трэба пагаварыць пра гэта з партнёрам у першую чаргу».

У лагер апанентаў «#MeToo» ўваходзяць таксама некаторыя юрысты, якія лічаць, што гучныя абвінавачванні ў дамаганнях часцяком ігнаруюць наяўнасць у абвінавачаных права на прэзумпцыю невінаватасці. З пункту гледжання шэрагу гісторыкаў, «#MeToo» вульгарызуе гісторыю, розным этапам якой характэрныя свае мадэлі сексуальнай культуры. Без гэтага нельга зразумець матывы паводзін людзей і палітычных дзеячаў у мінулым. Напрыклад, у 1997-м феміністкі і лібералы падтрымалі Клінтанаў у афёры з Монікай Левінскі. Ліберальная Амерыка баялася імпічменту Клінтана і прыходу ў Белы Дом кансерватыўнага палітыка. Што тычыцца пачуццяў няшчаснай Монікі, дык яны разглядаліся ў другую чаргу.

Фота www.la-zep.fr

Цікава, што незадаволеныя «#MeToo» і шматлікія амерыканскія жанчыны. Гэта прадстаўніцы непрэстыжных прафесій. Па іх словах, «#MeToo» — гэта цацка багатай белай эліты. Між тым, менавіта афіцыянткі ў рэстарацыях fast food або прыбіральшчыцы ў гатэлях — галоўныя ахвяры дамаганняў. Гэта пацвярджае статыстыка, паводле якой жанчыны з нізкім заробкам у ЗША ў сем разоў часцей рызыкуюць натрапіць на гвалтаўніка, чым жанчына з вышэйшай адукацыяй. Прычым, бедныя амерыканкі звычайна не бягуць у прэсу з-за боязі страціць працу.

Адсюль вынікае правакацыйны тэзіс пра тое, што «#MeToo» не нясе ніякай сур’ёзнай пагрозы для сістэмы і з’яўляецца часовым феноменам. Не будзем таксама забывацца і на версію, паводле якой кампанія «#MeToo» прыдуманы выключна для таго, каб вынесці імпічмент Дональду Трампу. Цяперашняга гаспадара Белага Дому неаднаразова абвінавачвалі ў неэтычных паводзінах у дачыненні да прадстаўніц слабага полу. Калі нават гэта і так, то пра заняпад руху «#Me Too» казаць рана. Шоў, якое арганізавалі прыхільнікі руху падчас апошняга «Оскара», даводзіць, што пакуль гэтая ідэя толькі набірае моц.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць