Як ЛГБТ здрадзілі Хілары

Шок ад трагедыі ў Арланда, дзе падазраваны ў ісламізме забіў наведвальнікаў гей-клубу, стаўся настолькі моцным, што частка амерыканскай ЛГБТ-камуны вырашыла падтрымаць на выбарах ксенафоба Дональда Трампа.


 

Фота ga.net.ua


Пікантнасць гэтай гісторыі — не ў скандальным арэоле, які звязаны з камунай секс-меншасцяў. Заслугоўвае ўвагі тое, як хутка на хвалі эмацыйнай рэакцыі на бок Трампа перабеглі людзі, якія традыцыйна належалі да электаральнай цытадэлі Дэмакратычнай партыі. З самага старту выбарчых гонак сексуальныя меншасці былі моцна ангажаваныя ў рух супраць Трампа і, адпаведна, падтрымлівалі кандыдатаў ад дэмакратаў.

 

Цікава, што Трамп, хаця і быў у свой час супраць аднаполых шлюбаў, у час праймерыз асабліва гэтую тэму не чапаў. Аднак ЛГБТ-супольнасць цудоўна разумела, што за ім стаіць архікансерватыўная Амерыка, у вачах якой яны нічым не лепшыя за мусульман або лацінаамерыканцаў, якіх мільярдэр у выпадку перамогі абяцае дэпартаваць з краіны.

 

Аднак цяпер мы сталі сведкамі з’явы, якая ўчора падавалася неверагоднай: за акіянам з’явіліся прадстаўнікі ЛГБТ — аматары Трампа. Рубіконам стала страляніна ў гей-клубе ў Арланда 12 чэрвеня. Напад у Арланда ўжо называюць самым крывавым інцыдэнтам з ужываннем агнястрэльнай зброі адным чалавекам у ЗША. Вядома, што этнічны афганец Аман Мацін, які пачаў страляць, забіўшы ў выніку 49 чалавек і параніўшы больш за 50, паспеў патэлефанаваць у службу «911» і заявіць, што вызнае прынцыпы «Ісламскай дзяржавы».


EUROPEAN PHOTOPRESS AGENCY

 

Версія сувязі забойцы з радыкальнымі цэнтрамі яшчэ не даказаная, але амерыканская масавая думка ўжо зрабіла высновы наконт таго, хто вінаваты і што рабіць. Шмат людзей бачаць карані праблемы ў ісламе, і патрабуюць ад ураду рашучых крокаў. Той жа рэцэпт прапануе і Трамп.

 

ЛГБТ-супольнасць, як аказалася, не выключэнне. На іх інтэрнэт-форумах можна знайсці запісы кшталту тых, якія цытуе інтэрнэт-выданне newsmax: «Я амерыканец, я гей. Раней, калі я думаў пра Трампа, я хацеў лаяцца. Сёння ўсё змянілася. Мой сябар быў адной з ахвяр у Арланда, і таксама быў супраць таго, каб Трамп заняў вышэйшую пасаду. (…) Я ўзрушаны. Я зламаны, я патрабую лідара, які на самай справе мог бы ўзяць на сябе адказнасць і пачаць змены. Дапамагчы зрабіць нашу краіну больш бяспечнай». Або: «Я гей, і гэты агідны інцыдэнт пераканаў мяне далучыцца да цягніка, на якім едзе Трамп! Гэта самы час для таго, каб бегчы з карабля дэмакратаў».

 

Асноўную выснову, якую робяць аўтары падобных выказванняў: самае галоўнае для чалавека і для ЛГБТ-камуны — гэта жыццё і здароўе кожнага сябра камуны. У імя гэтага можна падтрымаць кандыдата-рэспубліканца, які абяцае скончыць з тэрорам радыкальных ісламістаў і абараніць геяў.

 

Нікога нават не турбуе, што Трамп для прафілактыкі тэрактаў заклікае суайчыннікаў актыўна лезці ў прыватнае жыццё суседзяў. Кандыдат-рэспубліканец прапанаваў прыцягваць амерыканцаў да адказнасці, калі яны не паведамляюць пра сваіх сяброў і суседзяў, што паводзяць сябе падазрона. «Кожны чалавек, які ўдзельнічае ў планаванні злачынстваў, у тым ліку і тыя, хто ведаў штосьці, але не сказаў, павінны прыцягвацца да судовай адказнасці», — кажа Трамп. «Гэтыя людзі павінны адчуць магчымыя наступствы, вялікія наступствы», — прыводзіць словы Трамп выданне "The Huffingpost".

 

Гледзячы па ўсім, Трамп быццам не супраць, каб пашырыць сваю каманду за кошт прыхільнікаў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі. У сваім першым выступе пасля  падзей у Арланда ён заклікаў натоўп да хвіліны маўчання і да таго, каб маліцца за загінулых геяў і лесбіянак. Трамп паведаміў, што падобныя масавыя забойствы — гэта «напад на свабодных людзей, на магчымасць жыць прыватным жыццём, кахаць, каго яны хочуць, і выказваць сваю ідэнтычнасць».

 

Нават Крыс Баран, сябра рэспубліканцаў, які раней крытыкаваў Трампа, цяпер, наадварот, пачаў фармаваць адпаведную групу яго падтрымкі. «Хілары Клінтан хоча працягнуць некампетэнтную знешнюю палітыку, якая зрабіла свет менш бяспечным для ўсіх амерыканцаў, у тым ліку ЛГБТ-амерыканцаў. У мяне няма сумневаў у тым, што Дональд Трамп будзе лепей для ЛГБТ-амерыканцаў», — сказаў Баран у інтэрв’ю CNN.


Фото: Аlinareyzelman.ru

 

Лідары ЛГБТ-руху, каментуючы такія заклікі, заяўляюць, што спробы Трампа падласціцца пад іх актыў не маюць перспектыў. «Усе групы меншасцяў павінны трымацца разам у апазіцыі да спадара Трампа. Тое, што ён кажа, гэта не абарона, а атрута», — кажа прадстаўнік Human Rights Campaign, найбуйнейшай арганізацыі правоў ЛГБТ у краіне.

 

Аднак рэакцыя на падзеі ў Арланда даводзіць, што страх лёгка разбурае забабоны нават такіх ідэалагічна кансалідаваных груповак, як рух ЛГБТ, спрыяе ілюзіям пра моцную руку як панацэю, дазваляе папулістам лёгка перацягваць грамадства на свой бок. Гісторыя з геямі-рэнегатамі даводзіць, што лёгкай перамогі ў Хілары Клінтан — яна ўсё яшчэ лічыцца фаварытам выбараў, — не будзе.

Каментаваць