Як пачалася новая эра

Паводле газеты «Times», сто гадоў таму «грамадства перанеслася ў новае вымярэнне, адкуль няма вяртання»: 6 лютага 1918 года брытанскі рух суфражыстак дамогся выбарчага права для жанчын, што хутка стала прыкладам для ўсяго свету.


Дэмастрацыя суфражыстак у Лондане, 1907 год.
Фота www.topwar.ru

Фраза пра «новае вымярэнне» — не пафас. Лепшы прыклад — сама «Times», якая сто гадоў таму, як орган брытанскіх кансерватараў, была адным з вядучых крытыкаў жаночага руху. Сама ідэя перагляду статуса жанчыны ў грамадстве выклікала ў кансерватараў у лепшым выпадку смех. У гэтым асяроддзі была папулярная серыя карыкатур пра тое, што будзе, калі суфражысткі (ад французскага слова «suffrage» — «выбарчае права») перамогуць. На малюнках гэта выглядала так — жанчыны будуць піць і паліць, а мужчыны займацца хатняй справай і гадаваць дзяцей.

Праўда, хутка кансерватарам стала не да жартаў. Рух суфражыстак, што паўстаў у Англіі напачатку ХХ стагоддзя, стаў набываць папулярнасць. Прычынай, безумоўна, былі тагачасныя рэаліі — жанчыны не мелі ніякіх сацыяльных і грамадзянскіх правоў, у тым ліку не маглі ўдзельнічаць у палітычным жыцці.

Спачатку суфражысткі дамагаліся права голасу праз пікеты і петыцыі. Улада рэагавала на акцыі дастаткова жорстка — як правіла, адпраўляла парушальніц парадку ў турмы. У выніку гэта паспрыяла радыкалізацыі руху. Вязні-суфражысткі абвяшчалі галадоўкі. Іх калегі на свабодзе пераходзілі да новых метадаў: білі вокны ў дамах палітыкаў, якія адмаўлялі жанчынам у выбарчым праве, падпальвалі будынкі, што належалі дэпутатам.

Пачынаючы прыкладна з 1912 года радыкальнае кола суфражыстак сышло ў тэрарызм. Прычым, суфражысткі-тэрарысткі ў сваіх акцыях пераходзілі ўсе этычныя межы. Бомбы падкладаліся не толькі ў будынкі адміністрацый, але таксама ў пасажырскія цягнікі і царкоўныя ўстановы. Не дзіўна, што хутка рух раскалоўся, і яго экстрэмісцкая частка сышла ў падполле. Прынамсі, на нелегальным становішчы знаходзілася лідарка брытанскіх суфражыстак харызматычная Эмелін Панкхёрст.

Хаця найбольш небяспечнай у паліцэйскіх рапартах лічылася Джэні Бэйнс — кіраўніца гуртка, у які яна ўцягнула нават сына і мужа. Гурток у тым ліку планаваў замах на тагачаснага брытанскага прэм’ер-міністра падчас яго візіту ў Дублін. Злавілі місіс Бэйнс толькі ў 1913-м падчас падрыхтоўкі дыверсіі на чыгунцы. Яе адправілі за краты, адкуль тая, будучы вельмі хворай, умудрылася збегчы ў Аўстралію, дзе ўдзельнічала ў стварэнні мясцовай кампартыі.

Арышт суфражысткі. 1913 год Фота www.topwar.ru

З улікам такога зацятага супрацьстаяння падаецца цудам тое, што прыкладна праз пяць гадоў урад пагадзіўся даць жанчынам выбарчае права. Адпаведны акт быў выдадзены 6 лютага 1918 года.

Дасюль гісторыкі не маюць агульнага меркавання наконт таго, што стаяла за гэтым крокам. Значна менш тых, хто лічыць, што ў Вестмінстары сапраўды згадзіліся з аргументамі Панкхёрст і яе сябровак. У лепшым выпадку, гэта быў знак падзякі суфражысткам, якія пасля пачатку Першай сусветнай вайны адмовіліся ад барацьбы дзеля агульнай перамогі.

Хутчэй за ўсё, сваю ролю адыграла палітычная кан’юнктура. Адным з фактараў магла быць пагроза зрыву выбараў у парламент, паколькі шмат мужчынаў-выбаршчыкаў былі на фронце. І таму вырашылі пашырыць калегію выбаршчыкаў за кошт жанчын.

Магло паўплываць і тое, што жаночае пытанне стане інструментам прапаганды бальшавікоў. У Расіі яшчэ Часовы ўрад прыняў пастанову, згодна з якой выбарчыя правы надаваліся ўсім грамадзянам, якія дасягнулі 20 гадоў. Да радыкальнай эмансіпацыі жанчын ва ўсім свеце заклікалі ў Расіі і пасля Кастрычніка 1917-га.

Цікава, што самымі расчараванымі 6 лютага 1918 года былі не рэтраграды-кансерватары, а самі суфражысткі. Практычна ва ўсіх іх мемуарах гучыць думка пра тое, што ў гэты дзень жыццё часткова згубіла сэнс. Да таго ж назваць перамогай рэформу 6 лютага было цяжка.

Да ўдзелу ў выбарах дапускаліся толькі жанчыны, старэйшыя за 30 гадоў, якія мелі нерухомасць, заможнага мужа, дыпломы ВНУ, плацілі высокі падатак з уласнасці. Як жартавала адна з тагачасных феміністак: «Каб галасаваць, мне трэба пабрацца шлюбам, або набыць дарагую мэблю».

Але сумавалі суфражысткі нядоўга. Ім трэба было давесці, што патрабаванне выбарчага права для жанчын — гэта не бздуры экзальтаваных актывістак. Кансерватыўная прэса прагназавала, што простыя жанчыны далёкія ад лозунгаў суфражызму, і таму не пойдуць на выбарчыя ўчасткі. Па-першае, таму, што яны па сваёй жаночай прыродзе… вельмі сціплыя. Па-другое, маўляў, у іх не будзе часу галасаваць, паколькі нехта павінен даглядаць гаспадарку. Суфражысткі ўспрымалі гэта ўсур’ёз, і нават мабілізавалі валанцёрак, якія даглядалі за дзецьмі, пакуль іх маці апускае выбарчы бюлетэнь.

Аднак змрочныя прагнозы аказаліся толькі фантазіямі. Яўка жанчын-выбаршчыц была вельмі высокай. А іх актыў­насць прымусіла парламент увосень 1918-га дазволіць жанчынам балатавацца. Праўда, і тут не абышлося без кур’ёзаў. Першай жанчынай — дэпутатам парламента ў снежні 1918-га стала Нэнсі Астор, якая выступала супраць суфражыстак. Аднак гэта ўжо іншая гісторыя. Новая эра, так ці інакш, пачалася.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць