Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Як слухаць гімн ЗША?

Чаму амерыканскія ўлады і грамадскасць надаюць столькі ўвагі кампаніі афраамерыканскіх спартсменаў, якія слухаюць гімн ЗША на адным калене?

 Фота www.FOX2now.com

Адной з галоўных спартовых падзеяў у ЗША ў гэтым месяцы стаў матч паміж камандамі ўніверсітэтаў Гарварду і Паўночнай Караліны, што адбыўся 7 кастрычніка. Прычына агульнанацыянальнай увагі да гульні менш за ўсё звязаная з вынікам сустрэчы. Пра матч у Гарвардзе шмат кажуць і пішуць праз дэмарш так званых cheerleader. Падчас выканання мелодыі гімну ЗША чарнаскурыя дзяўчаты — заўзятары Гарварда, апусціліся на адно калена.

Такім чынам, акцыя, якую запусціў год таму футбаліст Колін Капернік, атрымала новы імпульс. Нагадаем, што ўсё пачалося ў верасні 2016-га, калі Капернік — гулец клубу «San Francisco 49ers» (Сан-Францыска) парушыў традыцыю. Калі на стадыёне пачаў гучаць нацыянальны гімн, ён замест таго, каб стаяць, раптам апусціўся на калена. Гэтым жэстам спартовец хацеў выказаць пратэст супраць парушэння грамадзянскіх правоў афраамерыканцаў. Лічыцца, што на дэмарш яго падштурхнула трагедыя пад Балціморам, дзе за месяц да таго паліцыя застрэліла 23-гадовую афраамерыканку і ледзь не забіла яе дзіця.

Натуральна, такі рэзананс тлумачыцца роляй, якая адво­дзіцца гімну ў сімвале веры амерыканскага грамадзяніна. «The Star-Spangled Banner» («Сцяг, усыпаны зоркамі») — нацыянальны гімн ЗША — трэба слухаць не абы як. Падчас выканання гімну ўсе прысутныя павінны стаяць тварам да сцяга, трымаючы правую руку на сэрцы ў знак павагі.

Таму не дзіўна, што пасля першых пратэстаў Капернік пачаў рэгулярна атрымлі­ваць лісты з пагрозамі. На што сам адрасат заявіў: яго гвалтоўная смерць стане доказам справядлівасці ягоных словаў. Частка грамадскасці пачала кампанію супраць футбаліста і яго паслядоўнікаў, называючы такія паводзіны «дурнымі» або «непаважлівымі». Шмат праварадыкальных арганізацый патрабуюць асудзіць спартоўцаў за знявагу нацыянальнай сімволікі. Некаторыя радыёстудыі прыпынялі трансляцыі матчаў, як толькі гульцы пры гуках гімну станавіліся на калена.

Аднак адначасова ў спартоўца з’явілася і шмат прыхільнікаў. На іх думку, акцыя Каперніка — цалкам заканамерная з улікам таго, што латэнтная сегрэгацыя і паліцэйская жорсткасць на адрас афраамерыканцаў застаюцца амерыканскімі рэаліямі. Напрыклад, падпісаўся пад акцыяй спартоўца экс-прэзідэнт Барак Абама, які пабачыў тут толькі абарону сваіх канстытуцыйных правоў.

Клуб фанатаў футбаліста папоўнілі розныя зоркі — Стыў Уандэр, Джыліян Лі Андэрсан, і нават такі дастаткова апалітычны актор, як Дэвід Духоўны.

Прычым, рытуал з гімнам пачалі парушаць не толькі футбалісты. Гэта падхапілі хакеісты, бейсбалісты, баскетбалісты. Флэшмоб падтрымалі белыя спартоўцы, у тым ліку жанчыны.

Сакрэт поспеху акцыі Каперніка выкліканы падабенствам на славуты жэст трох афраамерыканскіх прызёраў на летніх Алімпійскіх гульнях 1968-га ў Мехіка. Стоячы на п’едэстале, падчас выканання нацыянальнага гімна ЗША, яны паднялі кулакі, што азначала лозунг: «Улада чорным!». Выпадак на стадыёне ў Мехіка лічыцца адной з іконаў афраамерыканскага супраціву.

Цяжка сказаць, як бы развівалася дыскусія наконт флэшмобу Коліна Каперніка, калі б сваіх пяць капеек не дадаў Дональд Трамп. Яшчэ будучы кандыдатам у прэзідэнты, ён параіў футбалісту змяніць краіну. Каб паказаць Трампу дулю, усе апаненты пачалі салідарызавацца з футбалістам. Праўда, Трамп не змяніў свайго пункту гледжання, і ўжо будучы прэзідэнтам Злучаных Штатаў заклікаў дырэктараў клубаў звальняць тых, хто не жадае слухаць гімн, як гэтага патрабуе Кодэкс пра сцяг.



 Фота www.static01.nyt.com

Пасля падзей на стадыёне ў Гарвардзе скандал вакол гімну перайшоў у новую фазу. На наступны дзень пасля выхадкі заўзятарак віцэ-прэзідэнт Майкл Пенс наведаў матч футбольных камандаў «Indianapolis Colts» і «San Francisco 49ers». Як і трэба было чакаць, перад стартавым свістком некаторыя паўтарылі жэст Каперніка, што прымусіла дзяржаўнага дзяча пакінуць стадыён. Свой сыход Пенс суправадзіў фразай: «Як і Дональд Трамп, я не буду падтрымліваць падзею, якая пагарджае нашымі салдатамі, нашым сцягам або нашым нацыянальным гімнам».

Чым скончыцца незвычайная канфрантацыя, цяжка прагназаваць, у тым ліку і праз радыкалізацыю пазіцый бакоў. Прыхільнікі Каперніка патрабуюць ад Вашынгтона як мінімум пачаць дэбаты наконт новай формулы амерыканскага патрыятызму. Аднак спачатку, на іх думку, Трамп павінен публічна папрасіць прабачэння за ўсе гістарычныя злачынствы белых перад афраамерыканцамі. Наўрад ці Трамп пойдзе на такі крок (гэта азначае зарэкамендаваць сябе слабым у вачах свайго белага выбаршчыка).

Аднак нейкі кампраміс шукаць трэба. Флэшмоб Коліна Каперніка яўна спрыяе фармаванню атмасферы міжрасавай напружанасці, што час ад часу выліваецца ў крывавыя сутычкі. Акрамя таго, як піша прэса, пытанне гімну пастаянна правакуе побытавыя бойкі сярод палітычна палярызаваных заўзятараў, якім пад руку часцяком трапляюцца звычайныя мірныя грамадзяне.



Каментаваць