Як святкуюць незалежнасць

Гэты тыдзень у нашым рэгіёне вельмі незвычайны і знакавы — шэраг краін СНД адзначае 25-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці.

Каля будынку парламента (Вільнюс, 1991). Фота rebell91.livejournal.com

 

Напэўна, ніколі ў гісторыі за адзін тыдзень на палітычнай мапе свету не з’яўлялася столькі незалежных дзяржаў, як пасля правалу путчу 19 жніўня 1991 года. 24 жніўня Акт абвяшчэння незалежнасці прыняла Украіна, 25-га — Беларусь надала Дэкларацыі аб суверэнітэце канстытуцыйны статус, 27-га — Дэкларацыю незалежнасці прыняла Малдова, 30-га Азербайджан прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні незалежнасці, 31-га — Узбекістан абвясціў сябе суверэннай дзяржавай, а Кіргізія прыняла Дэкларацыю аб дзяржаўнай незалежнасці.

У некаторых краінах дзень абвяшчэння незалежнасці ў жніўні 1991-га стаў чырвонай датай у календары. Натуральна, 25-ю гадавіну адзначаюць сёння з асаблівым размахам.

Аднак трэба адзначыць, што сацыяльна-эканамічны фон для ўрачыстасцяў у СНД не самы спрыяльны. Рэцэсія, якая цягнецца ў постсавецкай эканамічнай зоне з 2009 года, аб’ектыўна абмяжоўвае магчымасці арганізатараў святаў. У дадатак яна кідае цень на саму ідэю незалежнасці, калі ўладам даводзіцца тлумачыць, што альтэрнатывы ў 1991-м не было. Нездарма ў большасці краін, якія на гэтым тыдні адзначаюць незалежнасць, прыдумляюць незвычайныя канцэпты святаў.

Дэфіцыт сродкаў штурхае на незвычайныя творчыя формы святкавання. Напрыклад, ва Украіне ў Кіраваградскай вобласці з трактароў і камбайнаў утварылі найбуйнейшы ўкраінскі герб. Яго даўжыня — 120 метраў, а ў шырыню выява гербу сягае 75 метраў.



З Украіны можна і пачаць, тым больш, што гэта — асноўнае нацыянальнае свята нашай суседкі. Цвіком святочнай праграмы быў вайсковы парад у цэнтры ўкраінскай сталіцы, які адначасна стаў прэзентацыяй новай вайсковай формы. Аднак і без параду жаўнераў хапае незвычайных акцый, прысвечаных незалежнасці. Напрыклад, напярэдадні быў зацверджаны адмысловы медаль. Як гаворыцца ў афіцыйным тлумачэнні, яго будуць уручаць за значныя асабістыя заслугі ў станаўленні незалежнай Украіны, зацвярджэнні яе суверэнітэту, умацавання міжнароднага аўтарытэту і г.д.

Цяперашняе свята ва Украіне адрознівацца ад папярэдніх тым, што ў СМІ шмат узгадваюць змагароў за незалежнасць савецкіх часоў. Такі інтарэс да дысідэнтаў можна растлумачыць прапагандысцкай кампаніяй у Расіі, дзе незалежнасць Украіны намагаюцца трактаваць як выпадковасць і казус.

Калі верыць кіеўскім СМІ, рыхтуюцца да святкаванняў і праціўнікі незалежнасці. Паводле дадзеных выведкі Украіны, супрацоўнікамі ФСБ на тэрыторыю ДНР-ЛНР было завезена 200 камплектаў формы ўкраінскіх вайскоўцаў. Быццам, у святочныя дні рыхтуецца маштабная правакацыя. Праўда, не было паведамлена, старая гэта форма ці новая.

Вельмі незвычайна адзначаць свята ва Узбекістане. У чэрвені кіраўнік дзяржавы патрабаваў, каб падчас свята ўсе рэсурсы чыноўнікаў былі кінутыя на «шырокае інфармаванне грамадскасці пра значэнне праграм і захадаў ураду, накіраваных на дынамічнае развіццё галін, раскрыццё перадумоваў і фактары павелічэння ВУП». Асноўны тэзіс узбекскіх афіцыйных прапагандыстаў — дзякуючы незалежнасці краіна выйшла з крызісу ў 1990-я гады, а таксама дзякуючы ёй здольная вырашыць эканамічныя праблемы зараз.


Фота nnm.me/

У Кыргызстане ў планах мерапрыемстваў буйны турнір — Сусветныя гульні качэўнікаў. Хаця Гульні збіраецца наведаць цэлая кагорта палітычных лідараў суседніх краін, асноўны інтарэс у публікі выклікае госць з Галівуду, вядомы кінаартыст Стывен Сігал. Асаблівасць святкаванняў у Кыргызстане ў тым, што паралельна незалежнасці адзначаецца 100-я гадавіна антыцарскага паўстання 1916 года. Гэтая акалічнасць дазваляе разглядаць Дэкларацыю дзяржаўнай незалежнасці як лагічны працяг традыцыі 1916-га і здымае ў вачах грамадства шмат пытанняў наконт таго, чаму краіна, пачынаючы з 1991-га, стала дэградуе.


Фота oveopium.ru


Найбольш непрадказальным чакаецца святкаванне ў Малдове. Тут ад самага пачатку фармавання палітсцэны склалася парадаксальная сітуацыя: малдоўская незалежнасць разглядалася яе лабістамі як трамплін да аб’яднання краіны з Румыніяй. У выніку сёння галоўнымі фанатамі самастойнасці нечакана выступаюць нашчадкі камуністаў, якія ў 1990-я гады былі жорстка супраць малдоўскага суверэнітэту. Магчыма, з-за гэтых ідэалагічных супярэчнасцяў афіцыйная частка мерапрыемстваў была абмежаваная вузкай навуковай канферэнцыяй: «Абвяшчэнне незалежнасці Малдовы. 25 гадоў: мінулае, сучаснасць, будучыня».

Да таго ж, у краіне амаль год цягнецца палітычны крызіс. Блізкая да аднаго з алігархаў групоўка, якая знаходзіцца ля ўлады, вельмі не папулярная як сярод праеўрапейскіх, так і прарасійскіх малдаван. Апазіцыя не хавае, што збіраецца выкарыстаць народныя гулянні, прысвечаныя незалежнасці, для мабілізацыі на масавыя пратэсты ў цэнтры Кішынёва. Эксперты не выключаюць, што Дзень незалежнасці Малдовы можа ператварыцца ў новую рэвалюцыю.

Калі рабіць высновы, можна заключыць, што будаўніцтва незалежнасці ў краінах СНД дасюль ідзе. З іншага боку, таксама відавочна, што зваротнага шляху няма.



Каментаваць