Як нам прыдумваюць сцяг

Беларусы нават не ведаюць, што актыўна ідзе распрацоўка сімволікі Еўразійскага саюза, якая таксама павінна стаць у будучым сімволікай беларусаў. Як вядома, за прыклад еўразійскай інтэграцыі ўзятая мадэль еўраінтэграцыі.



Акрамя ўсяго, Еўрасаюз мае сваю сімволіку: усім сёння знаёмае сіняе палотнішча з 12 залатымі зоркамі, зацверджанае яшчэ ў 1955 годзе. А гэта значыць, што калі гаворка пра стварэнне Еўразійскага саюза вядзецца ўсур’ёз, то цалкам лагічна было б задумацца пра сімволіку новага аб’яднання.

І хаця працэс будаўніцтва ЕўрАзЭС яшчэ, мякка кажучы, тармозіцца яго ўдзельнікамі (дастаткова ўзгадаць нядаўнюю сентэнцыю Лукашэнкі пра тое, што з бухты-барахты інтэгравацца ён не будзе), аматары Еўразіі вядуць актыўныя дэбаты наконт таго, як будзе выглядаць сцяг новага дзяржаўнага фармавання. У дадатак прапануюцца канкрэтныя эскізы.

Найбольш значную фракцыю ў гэтай дыскусіі складае групоўка прыхільнікаў чырвонага штандару. Яны ахвотна ўзгадваюць, як у свой час той жа цяперашні скептык еўразійскай інтэграцыі Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў прыняць за аснову сцяга Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі сцяг СССР. Пытанне тады было адкладзенае. З улікам таго, што Пуцін спрабуе трымаць дыстанцыю ад савецкай спадчыны, такі варыянт зараз маларэальны. Не кажучы пра тое, што чырвоны сцяг дзейнічае як ануча на быка для значнай часткі ўкраінцаў і нават беларусаў.

Аднак ужо прыдуманы кампраміс. Прапануецца наступны варыянт сцяга Еўразійскага саюза (ЕАС) — чырвоны сцяг з той ці іншай камбінацыяй залатых зорак, якія абазначаюць раўнапраўе і адзінства суб’ектаў рэінтэграцыі. Як і на сцягу ЕС, гэтыя зоркі могуць быць размешчаны па крузе, а іх колькасць магла б мяняцца ў залежнасці ад колькасці тых постсавецкіх рэспублік, што далучыліся да ЕАС у дадзены момант. Галоўны мінус праекта — выява нагадвае сцяг Кітайскай Народнай Рэспублікі (КНР) або В’етнама.

Як і трэба было чакаць, большасць праектаў геральдыкі ЕАС належыць расійскім вялікадзяржаўнікам. Яны разглядаюць еўразійскую інтэграцыю як мудрагелістую шматхадоўку, каб зноў сабраць былыя калоніі Масквы пад адзін дах. Кажучы пра роўнасць суб’ектаў у будучым саюзе, яны так ці інакш пераходзяць на імперскую лексіку. Так, калі згадваюць пра чырвоны сцяг, абавязкова падкрэсліваюць, што гэта не толькі сцяг перамогі народаў СССР над Германіяй, аднак і сцяг апалчэнцаў Мініна і Пажарскага, князя Святаслава і г.д. Іншымі словамі, перш за ўсё чырвоны колер — гэта нацыянальны колер рускага народа.

Іншыя ўдзельнікі распрацовак праекту агульнага сцяга нават не хаваюць рускай матрыцы еўразійскай інтэграцыі. Так, дызайнеры групоўкі «Арсенал» падрыхтавалі эскізны праект сімволікі ЕАС на базе сімволікі, якую яны раней распрацавалі для ўкраінскіх партый прарасійскага накірунку «Рускі свет».

Нават недасведчанаму відавочна, што прапанаваная імі васьміканцовая зорка — знак ЕАС — не што іншае, як алюзія на сімвал сумнавядомай рускай праварадыкальнай арганізацыі «Рускае нацыянальнае адзінства» (РНЕ).

Такім жа бачаць сімвал ЕАС ідэйныя еўразійцы — філасофска-палітычны рух, які выступае за адмову ад еўрапейскай інтэграцыі Расіі на карысць інтэграцыі з цэнтральнаазіяцкімі краінамі. На іх думку, васьміканцовая зорка «мае старажытныя карані ў еўразійскай гісторыі і з’яўляецца сімвалам адзінства, веры, надзеі, прагрэсу, новага світанку для народаў нашай прасторы». А вось наконт колеру сцяга еўразійцы і вялікадзяржаўнікі маюць адрозныя меркаванні. Юрый Кофнер, адзін з лідараў маладых еўразійцаў, лічыць, што ў Еўразійскага саюза павінен быць фіялетавы сцяг.

«На маю думку, фіялетавы дакладней за астатнія колеры сімвалізуе сутнасць еўразійскай ідэі, паколькі злучае ў сабе пароўну чырвоны (Візантыйская імперыя, Захад, зямля, стварэнне) і сіні (Мангольская імперыя, Усход, неба, духоўнасць) пачатак», — тлумачыць Кофнер. Нягледзячы на доўгую традыцыю еўразійства, наўрад ці яго прыхільнікі будуць фармаваць павестку дня падчас стварэння ЕАС. Занадта еўразійцы ўжо маргінальныя.

Хапае сярод канкурсантаў на аўтарства сцяга ЕАС і аматараў памаляваць, якія вельмі далёкія ад палітычных рэалій. Так, адзін з блогераў прапануе сіне-чырвоны сцяг з вялікай зоркай, вакол якой будуць размешчаны чатыры малыя зоркі, што, адпаведна, будуць сімвалізаваць Расію, Казахстан, Беларусь і Паўднёва-Усходнюю Украіну.

Складаецца ўражанне, што да распрацоўкі сцяга ЕАС далучыліся самыя заўзятыя авантурысты. Напрыклад, свой варыянт зрабіў мастак з Уральска, які характарызуе сябе як спецыяліста ў касмічнай іканаграфіі. Ён, дарэчы, ужо даслаў свой праект у геральдычную камісію Расіі. Аднак яго, безумоўна, пераўзышоў кіргізскі навуковец Зарыфулін. Ён мяркуе, што сцягам ЕАС павінен стаць цяперашні сцяг Кыргызстану, паколькі на ім выяўлена юрта, якая сімвалізуе полюс святла і Гіпербарэю. Гэты сакральны знак, быццам, дазваляе выклікаць старадаўніх духаў, якія ў свой час дапамаглі Сталіну перамагчы ў бітве за Маскву.

Забаўны неафіцыйны конкурс на сцяг ЕАС з’яўляецца тым не менш своеасаблівым люстэркам таго, наколькі праект Пуціна пайшоў у масы. Відавочна, што беларусы і казахі абсалютна абыякавыя да гэтага конкурсу. Нават улады не намагаюцца падключыць іх да гэтага абмеркавання. Што да рускіх, дык у дыскусіі бяруць удзел або аматары геапалітычных фантазій, або прадстаўнікі чырвона-карычневай субкультуры.

З улікам гэтага цяжка ўявіць, што ў 2015 годзе, калі ЕАС будзе ўрачыста абвешчаны, ён стане ўспрымацца сур’ёзна. Праўда, нашым інтэгрыстам не ўпершыню спачатку абвяшчаць, а пасля думаць. Дарэчы, аб’яднанне Расіі і Беларусі да гэтага часу не мае сваёй сімволікі.

Каментаваць