Як палякі перасталі быць мільянерамі

У той час, як у Беларусі ўсё часцей кажуць пра неабходнасць яшчэ адной дэнамінацыі, у Польшчы мінула 20 гадоў, як злоты пазбавілі чатырох нулёў. Тагачасныя цэннікі ў польскіх крамах і заробкі былі вельмі падобныя на цяперашнія беларускія.



Напярэдадні дэнамінацыі злотага тагачасныя цэннікі ў польскіх крамах і заробкі жыхароў краіны былі вельмі падобныя на цяперашнія беларускія. Так, на пачатку 1995 года сярэдні заробак у Польшчы быў 6,1 мільёна злотых. Бохан хлебу абыходзіўся пакупніку ў 9,8 тысячы злотых, а кілаграм цукру — 14 тысяч. За часопіс у шапіках прасілі 12 тысяч. Пляшка гарэлкі каштавала 71 тысячу злотых. Папулярны польскі аўтамабіль Fiat Uno — 200 мільёнаў.

Як сёння беларускі рубель, польскі злоты тады пераследавала інфляцыя. За 1980–1990 гады польская валюта патаннела на 1395 працэнтаў. Кошты за год у сярэднім раслі на 500 працэнтаў. Дзяржава ў адказ была вымушана ўвесь час выпускаць новыя банкноты з усё большым наміналам. У 1991 годзе была выпушчаная купюра коштам мільён злотых. А ў наступным — ужо ў два мільёны. Зразумела, пра грош на той час даўно забылі. Манеты цалкам зніклі з абароту. Самай маленькай па наміналу купюрай у Польшчы на момант рэформы 1995-га была банкнота ў 50 злотых.

Своеасаблівай маральнай кампенсацыяй для палякаў быў той факт, што ў гісторыі Польшчы былі значна больш кепскія часы. Сталыя людзі ўзгад­валі, як ліхаманіла польскія грошы на пачатку 1920-х. У 1921-м, напрыклад, інфляцыя ў краіне склала 94 працэнты, а за адзін амерыканкі долар давалі 9 мільёнаў марак (так спачатку называлася грашовая адзінка Другой Рэчы Паспалітай).

Зразумела, што з інфляцыяй і мільённымі банкнотамі трэба было нешта рабіць. Яшчэ ў 1990 годзе галоўны банк краіны пачаў распрацоўку плану дэнамінацыі. Аднак рэалізоў­ваць праграму пачалі толькі пасля таго, як сітуацыя ў эканоміцы трошкі стабілізавалася (у 1994 годзе інфляцыя склала 30 працэнтаў). Такім чынам, у ліпені 1994-га польскі Сейм прыняў гістарычную «Уставу пра грашовую рэформу». Паводле закона, пачынаючы са студзеня наступнага года ў краіне ўводзіліся ў абарачэнне новыя грошы. Старыя банкноты паступова, на працягу двух гадоў, выводзіліся з абарачэння. Новыя банкноты вырашылі замовіць у брытанскіх друкароў, а на саміх банкнотах выявіць польскіх манархаў.

Адначасова было вырашана, што новы злоты будзе роўны дзесяці тысячам старых злотых. Чамусьці прынцып 1:10 000 вельмі не спадабаўся частцы грамадства. Узнік рух за тое, каб прыбраць з купюраў толькі тры нулі. Аматары формулы 1:1000 даводзілі, што гэта зробіць дэнамінацыю больш зразумелай для насельніцтва.

Насельніцтва, сапраўды, будучая дэнамінацыя вельмі непакоіла. Рэформа, як вядома, адбывалася ў часы пераходу ад планавай да рынкавай эканомікі, спадарожнікам якой быў выбух крыміналу і розных форм махлярства. Не дзіўна, што, як толькі быў агучаны праект дэнамінацыі, пенсіянераў ахапіла калектыўная паранойя. Яны баяліся стаць ахвярамі прайдзісветаў, які могуць падсунуць ім пад выглядам новых злотых фальшывыя грошы. Каб супакоіць старую генерацыю, урад пайшоў на незвычайную меру — усе пенсіі са студзеня 1995-га пачалі выдаваць толькі новымі злотымі.

Увогуле, знаёміць з выявай новых грошай палякаў пачалі ў лістападзе 1994-га. Першым, хто паказаў палякам новыя грошы, была тагачасная кіраўніца польскага Нацбанку Ганна Гранкевіч-Вальц (Hanna Gronkiewicz-Waltz). Дарэчы, пані Гранкевіч-Вальц, якая зараз кіруе варшаўскай мэрыяй, была вядомая як заўзятая каталічка. Таму, напэўна, не выпадкова, што факсіміле яе подпісу на банкнотах датаванае 25 сакавіка 1994 года, днём, калі вернікі адзначалі свята Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы.

Ведамства пані Гранкевіч-Вальц запусціла маштабную акцыю па падрыхтоўцы рэформы. Быў прыдуманы нават слоган акцыі: «Zasłoń palcem zera cztery — zyskasz złoty nowej ery» (пол.: «Прыкрый пальцам чатыры нулі — атрымаеш грошы новай эры»). Да інфармацыйнай акцыі Нацбанку былі падключаныя самыя вядомыя тагачасныя польскія селебрыці. Так, пра надзейнасць новых банкнотаў палякам распавядалі акцёры, які выконвалі ролі ў суперпапулярным фільме «Ва-Банк». Гэта выклікала шмат іранічных каментатараў, паколькі, як вядома галоўныя героі фільма «Ва-Банк», хай і высакародныя, аднак усё ж злодзеі, якія ўзломваюць сейфы.

Як узгадваюць сведкі рэформы, першым наступствам з’яўлення новай валюты стаў вялізарны попыт на гаманцы. Набываць іх давялося з-за таго, што ў абарот вярнуліся манеты.

Больш за ўсё галаўнога болю дэнамінацыя выклікала ў юрыстаў і бухгалтараў, паколькі ва ўсіх дамовах да студзеня 1995 года кошты былі пазначаныя ў старых злотых. Супрацоўнікам юрыдычных кантор і гандлёвых палат нават прыйшлося працаваць у ноч на Новы год.

У Польшчы, як і ў любой дэмакратычнай краіне, хапала і дасюль хапае крытыкаў рэформы. На польскіх форумах можна наткнуцца на цікавыя разлікі, паводле якіх пакупніцая здольнасць палякаў была да дэнамінацыі вышэйшай. «Да рэформы мог набыць на заробак 1000 баханак хлебу, а зараз толькі 800», — піша нейкі блогер. Аднак, хутчэй, такія разлікі — фрагмент настальгіі па часах маладосці, якая выпадкова выпала на час гіперінфляцыі.

Згадваючы тую рэформу, польскія СМІ пішуць, што наўрад ці гэта апошняя грашовая рэформа на памяці цяперашняй генерацыі палякаў. Хаця курс злотага дастаткова стабільны (з 1995 года яго інфляцыя склала 10 працэнтаў), рана ці позна пераход на еўра непазбежны.

Дарэчы, пра Беларусь. Першая дэнамінацыя ў нашай краіне прайшла амаль як у палякаў — у 1994 годзе, тады ад рубля адкінулі адзін нуль. Яшчэ тры нулі адрэзалі ў студзені 2000 года. За адзін долар тады давалі крыху больш за 350 беларускіх рублёў. Такім чынам, з моманту апошняй дэнамінацыі беларуская грашовая адзінка стала амаль у 50 разоў (ці на 5000 працэнтаў) таннейшай. І мы зноў з мільёнамі.

Каментаваць