Як пастрыгчы дыктатара?

Новая прычоска Кім Чэн Ына стала адной з самых папулярных тэм у сусветных СМІ і выклікала незвычайныя дэбаты пра ролю прычосак для дыктараў і лёсаў іх рэжымаў. Чаму паўночнакарэйскі лідар пабрыў бровы?



Выгаленыя скроні, высокі «вожык», што стаіць насуперак усім законам гравітацыі, зверху падобны да трапецыі, плюс часткова выдаленыя бровы — такім убачылі Кім Чэн Ына яшчэ 19 лютага. Але сусветная грамадскасць дасюль намагаецца зразумець, што стаіць за новай прычоскай лідара КНДР. Тое, што прычоска мае нейкую ідэалагічную нагрузку, сведчыць і гісторыя рэгіёну. У час манчжурскай акупацыі Кітаю ўсіх кітайцаў, напрыклад, у знак пакорлівасці прымусілі насіць косы.

Але чаму паўночнакарэйскі лідар так пастрыгся і пабрыў бровы? Меркаванняў наконт гэтага шмат. Напрыклад, выданне «Vox» мяркуе, што выгляд Кім Чэн Ына — своеасаблівае алегарычнае пасланне. «Высокі «вожык» — гэта ўстаноўка на дасягненне новых вышынь, што не можа спыніць ніводная прыродная сіла», — піша «Vox».

Аналітыкі з Паўднёвай Карэі, якія, напэўна, лепш за ўсіх адсочваюць падзеі на Поўначы, лічаць, што звычкі маладога Кіма звязаныя з жаданнем дасягнуць знешняга падабенства з яго дзедам Кім Ір Сенам. Па словах паўднёвых карэйцаў, паўночнакарэйская прапаганда зараз увесь час падкрэслівае падабенства паміж імі. «Для людзей у Паўночнай Карэі постаць Кім Ір Сэна роўная богу. Ніхто не можа адважыцца кінуць выклік яго святасці», — кажа адзін з экспертаў з Сеулу. Нельга таксама забываць, што КНДР рыхтуецца адзначыць 70-ю гадавіну свайго існавання. Паколькі ў той час у модзе былі менавіта такія «вожыкі» з адкрытымі вушамі, магчыма, прычоска Кір Чэн Ына — частка кампаніі па прапагандзе юбілею.

На другім месцы па папулярнасці сярод экспертаў Поўдня тэорыя пра тое, што Кім Чэн Ын, які ў маладосці вучыўся ў Швейцарыі, дасюль захапляецца заходняй моладзевай культурай. На гэты раз тыран стаў фанатам ды-джэя DJ Pauly D, чый імідж вельмі падобны да новай прычоскі лідара КНДР.

Спрэчкі вакол загадкі новай прычоскі Кім Чэн Ына далі старт для дэбатаў на больш глабальныя тэмы. Напэўна, упершыню ў палітычнай і гістарычнай дыскусіі ўзнікла праблематыка — ці праводзяць дыктатарскія рэжымы асаблівую палітыку ў галіне прычосак?

Так, кажуць аўтары публікацыі ў польскім часопісе «Polityka». Яны ўзгадваюць шэраг прававых актаў у аўтарытарных і таталітарных краінах, якія ўніфікавалі мадэлі прычосак. Галоўным чынам улада забараняла доўгія валасы і бароды. Гэта, хутчэй за ўсё, звязана з мілітарысцкім наратывам усялякай дыктатуры, якая бачыла ў доўгіх валасах прыкмету дэкадэнцтва і праявы антыдысцыпліны. Можна ўзгадаць, як у СССР 1970-я гады камсамольскія дружыны лавілі прыхільнікаў субкультуры хіпі і стрыглі ім валасы, а таксама як 1950-я гады пераследавалі стыляг.

Ва ўсходніх краінах, дзе да ўлады дарываюцца мусульманскія фундаменталісты, наадварот, ад насельніцтва патрабуецца насіць доўгія валасы і ніколі не галіцца. Прынамсі, талібы, захапіўшы Кабул, пад пагрозай смяротнага пакарання забаранілі цырульні, і нават увялі спецыяльны памер барады.

Яшчэ адной рэакцыяй на новы стыль Кім Чэн Ына сталі даследаванні прычосак дыктатараў і спробы зразумець, якую ролю яны адыгрывалі ў кульце тыранаў. Выданне «HubPages» з гэтай нагоды піша: «Чаму дыктатары вельмі рэдка мянялі свае мадэлі прычосак і чаму іх прычоскі вельмі моцна стылізаваныя, і ім нават спецыяльна надаваўся вялікі памер? Таму што дыктатары намагаюцца падкрэсліць сваю выключнасць, якая не залежыць ад тэндэнцый моды. З улікам маніі велічы дыктатараў, можна толькі пашкадаваць няшчасных цырульнікаў, якім пагражаў расстрэл за тое, што з галавы кліента мог упасці хаця б адзін валасок».

Іосіф Сталін

Шмат гламурных выданняў склалі хіт-парады найбольш стылёвых прычосак дыктатараў. Часцей за ўсё ў гэтым топе аказваюцца Сталін і Гітлер. Зачасаныя назад валасы Сталіна, як піша прэса, дазволілі яму падкрэсліць цяжкія рысы свайго твару. Разам з пышнымі патрыярхальнымі вусамі яны стварылі Сталіну імідж адначасова клапатлівага бацькі і грознага гаспадара. У свой час вядомы сацыёлаг Макс Вебер называў гэтую камбінацыю ідэальнай для выкліку ў масах пачуцця жадання падпарадкавацца.

Адольф Гітлер

У прычосцы Гітлера сучасныя стылісты адзначаюць моцную інтэгральнасць і цікавую гульню з ценямі. Агучваецца думка, што знайсці ідэальную мадэль лідару нацыянал-сацыялістаў дапамагло яго артыстычнае мінулае. Як вядома, у маладосці будучы дыктатар захапляўся маляваннем і скульптурай.

Беніта Мусаліні

 

Цікава, што ў шматлікія топ-парады дыктатарскіх прычосак прарваўся лысы Беніта Мусаліні. Лысая галава Мусаліні, на думку спецыялістаў, цудоўна пасуе пагардліваму моцнаму погляду, вострым сківіцам, што фармуе незвычайную аўру агрэсіі вакол Дучэ, якой нельга супрацьстаяць.

Вось такія незвычайныя наступствы з’яўлення на публіцы Кім Чэн Ына з новай прычоскай. Застаецца адзначыць, што з-за ізаляцыі КНДР у прэсе няма ніводнага паведамлення пра тое, як жыхары КНДР адрэагавалі на новы імідж правадыра.

Каментаваць