Як прагаласаваць за мармона

Міт Ромні, адзін з прэтэндэнтаў на пасаду кандыдата ад рэспубліканцаў на прэзідэнцкіх выбарах гэтага года, можа перамагчы Барака Абаму. Аднак пры ўмове, што разбурыць забабоны амерыканцаў супраць мармонаў.



Міт Ромні, адзін з прэтэндэнтаў на пасаду кандыдата ад рэспубліканцаў на прэзідэнцкіх выбарах гэтага года, можа перамагчы Барака Абаму. Аднак пры ўмове, што разбурыць забабоны амерыканцаў супраць мармонаў.

На першы погляд, Міт Ромні стопрацэнтна пасуе крытэру кандыдата ад рэспубліканскай партыі на пасаду прэзідэнта. Белая скура, сем’янін, не паліць і не ўжывае алкаголь, калісьці паспяховы бізнесмен, мае вопыт адміністратыўнай працы на пасадзе губернатара штата. Безумоўна, у залік ідзе непасрэдны ўдзел у арганізацыі Зімовай алімпіяды ў 2002 годзе. Аптымальны кандыдат, калі б не графа «канфесійная прыналежнасць». Міт Ромні — сябра LDS (ад анг.: Latter-day Saint — Святыя Апошніх Дзён), або прасцей кажучы — мармон.

У сярэднестатыстычнага амерыканскага абывацеля да мармонаў неадназначнае стаўленне. За часы існавання LDS у амерыканскім соцыуме склалася цэлая антымармонская традыцыя.

Нагадаем, што мармоны — рэлігійная арганізацыя, якая належыць да шэрагу рэстаўрацыяністаў. Гэта кірунак у хрысціянстве, які ўзнік на аснове пратэстантызму. Лютэранскае вучэнне пра вавілонскае паланенне царквы ў эпоху папства радыкалізуецца да адмаўлення прысутнасці царквы ў гэты перыяд. Адсюль тэзіс пра неабходнасць вяртання да прынцыпаў жыцця ў часы ранняга хрысціянства.

Мармонскі рух вядзе гісторыю ад пачатку ХІХ стагоддзя, калі Джозэф Сміт, заснавальнік руху, надыктаваў «Кнігу Мармона», якая, па яго словах, была перакладам тэкстаў, знойдзеных на залатых пласцінах, закапаных старажытнымі амерыканскімі прарокам. Царква Сміта хутка заваявала шмат паслядоўнікаў, якія лічылі Джозэфа сваім прарокам. Заваявала яна і безліч ворагаў у асобе пратэстантаў і абывацеляў, якіх шакавала ідэя палігаміі, што прапагандавалі мармоны. У пошуках спакойнага жыцця мармоны зрабілі цэлыя ваяж па Паўночнай Амерыцы, пакуль не прыпынілася на тэрыторыі цяперашняга штату Юта, дзе стварылі нешта накшталт тэакратычнай дзяржавы. У 1858 годзе амерыканскія войскі пад лозунгам барацьбы з той жа палігаміяй далучылі гэтую тэрыторыю да ЗША. LDS фармальна ператварылася ў звычайную царкоўную абшчыну, хаця яе ўплыў на лакальную палітыку захаваўся. Таксама царква стала міжнароднай.

Нягледзячы на тое, што ў яшчэ 1890 годзе прычына канфлікту была ліквідаваная — царква мармонаў, акрамя малой фракцыі, афіцыйна адмовілася ад практыкі палігаміі, — антымармонскія забабоны моцна прапісаліся ў масавай свядомасці сярэднестатыстычнага амерыканца. Шмат хто не прызнае таго, што марманізм з’яўляецца хрысціянскай рэлігіяй.

Крыніцы сістэмнай ксенафобіі на адрас мармонаў трэба шукаць у пачатку 30-х гадоў ХІХ стагоддзя ў ЗША, калі пратэстантамі — апанентамі мармонаў, актыўна друкаваліся памфлеты і нават спецыяльныя газеты адпаведнага зместу. Аўтары за аргументамі ў кішэню не лезлі. Яны апісвалі сяброў LDS як эмісараў Сатаны, узгадваючы заявы Сміта, які сцвярджаў, што размаўляе з Ісусам і Богам-Бацькам. На думку шмат каго, гэта была акультная практыка. Сам Сміт маляваўся на старонках згаданых выданняў як тыповы прайдзісвет. Калі мармоны пасяліліся ў штаце Юта, на іх павесілі ўсіх сабак за рабаванне караванаў піянераў, якія ішлі на захад.

Друкаваная антымармонская прадукцыя карысталася, як правіла, попытам у мясцовасцях, дзе кампактна сяліліся мармоны. Мясцовыя жыхары часта былі незадаволеныя з’яўленнем такой дзіўнай кампаніі, і папросту шукалі нагоду для праяўлення агрэсіі. Так, у штаце Місуры, як пішуць гісторыкі, падставай для пераследу стаў страх мясцовых элітаў перад мармонамі, якія на выбарах выступалі адзіным «партыйным» блокам і лёгка падпарадкоўвалі сабе цэлыя выбарчыя акругі. Каб спыніць экспансію, губернатар патрабаваў выкінуць са штату ўсіх прыхільнікаў LDS. Забарона на дзейнасць арганізацыі мармонаў у Місуры была знятая толькі ў 1976 годзе.

Аднак, натуральна, галоўным фактарам масавага антымарманізму была тэма манагаміі. Некалькі дзесяцігоддзяў палігамія прапаведвалася мармонскімі кіраўнікамі як Закон Божы. Шматлікія кіраўнікі абшчын мелі некалькі жонак.

Нягледзячы на тое, што ў 1870 годзе тэрыторыя штата Юта стала адной з першых, дзе жанчыны атрымалі права голасу, у літаратуры з’явіўся шэраг твораў пра няшчасных дзяўчын, якіх гвалтоўна пастаўляюць у мармонскія гарэмы. Напрыклад, пра тое, што «палігамія — ідэйная база марманізму» (як пісаў Жуль Верн у рамане «За 80 дзён вакол свету»). Добрым прыкладам антымармонскіх выпадаў з’яўляецца «Эцюд у барвовых тонах» — адно з першых апавяданняў пра прыгоды Шэрлака Холмса. Яго герой забівае сябраў картэлю, які арганізаваў, як бы зараз сказалі, трафік жывога тавару для мармонаў. Пазней, у 1923 годзе, падчас туру па ЗША Артур Конан-Дойл прасіў прабачэння ў мармонаў за тое, што намаляваў іх так негатыўна.

На той час хваля агрэсіўнага антымарманізму сышла, аднак час ад часу тэмы ХІХ стагоддзя зноў гучаць у амерыканскім палітычным і культурным жыцці. Напрыклад, калі недзе будуюцца мармонскія храмы, гэта часта выклікае абурэнне сярод некаторых пратэстантаў. Праўда, значна больш агрэсіўныя ў гэтым плане каталікі, асабліва ў Лацінскай Амерыцы. У Балівіі зарэгістраваныя выпадкі забойства мармонскіх місіянераў каталіцкімі фанатыкамі. У 2001 годзе спроба тэракту супраць мармонскай місіі мела месца ў Харватыі.

Апошнім часам лагер праціўнікаў мармонаў папоўніўся актывістамі руху за правы сэксуальных меншасцяў. Сябры Царквы Святых Апошніх Дзён — паслядоўныя праціўнікі лібералізацыі аднаполых шлюбаў.

Рост антымармонскіх настрояў таксама залежыць ад палітычнага цыклу. Варта ўзгадаць, што сам Джозэф Сміт быў забіты ў 1844 годзе менавіта пасля таго, як абвясціў пра свой намер балатавацца ў прэзідэнты. Да забойстваў цяпер справа не даходзіць, аднак з’яўленне на палітычнай сцэне мармона адразу выклікае ў яго апанентаў жаданне выкарыстаць супраць візаві чорны піяр. І містэр Ромні наўрад ці будзе выключэннем. Як толькі ў чэрвені мінулага года ён заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, уплывовы часопіс «Newsweek» правёў апытанне экспертаў. Амаль усе яны былі згодныя ў тым, што марманізм Ромні стане адной з галоўных тэм будучай кампаніі.

Тым больш, што Ромні — не заштатны мармон. Яго далёкі прашчур у пачатку ХІХ стагоддзя быў адным з самым блізкіх паплечнікаў Джозэфа Сміта. Другі прапрадзед у 1840-я гады ўваходзіў у склад 12 апосталаў царквы. Яшчэ адзін з прашчураў адмовіўся выконваць Акт Вярхоўнага суда ЗША ад 1878 года, які забараняў палігамію. На знак пратэсту той падаўся ў эміграцыю ў Мексіку.

Праўда, у рэспубліканца ёсць свае козыры. Напрыклад, спасылка на біяграфію Джона Кенэдзі, прэзідэнта-каталіка. Нягледзячы на тое, што ЗША — пратэстанцкая краіна, Кенэдзі здолеў стаць прэзідэнтам. У 1960 годзе ён нават выступіў з прамовай наконт ролі рэлігіі ў палітыцы, у якой у прыватнасці сказаў: «Я ніколі не буду падпарадкоўваць царкоўнай дактрыне службу закону і абавязак адміністратара. Для рэлігіі патрэбна свабода, гэтак жа сама, як свабода патрэбна для рэлігіі».

Аднак усе прызнаюць, што зламаць стэрэатыпы будзе цяжка. Так, даследаванні NBC ад 2008 года (тады Ромні таксама намагаўся стаць кандыдатам ад рэспубліканцаў) паказваюць, што 44 працэнта амерыканцаў не вераць у тое, што прэзідэнт-мармон зможа аб’яднаць нацыю. Толькі 25 працэнтаў выбарцаў тады выказвалі гатоўнасць галасаваць за кандыдата-мармона. Нарэшце, чвэрць самых перакананых у краіне праціўнікаў рэлігіі мармонаў прыходзіцца на электарат рэспубліканцаў.

 

Каментаваць