Які сцэнар чакае Кыргызстан

Замест таго, каб пасля рэвалюцыі бегчы з краіны, як гэта зрабіў Акаеў, Бакіеў нечакана аб’явіўся на поўдні Кыргызстана і ўпарта працягвае лічыць сябе адзіным легітымным кіргізскім кіраўніком. У сваю чаргу, новая ўлада баіцца ўжываць сілу ў мясцовасці, дзе Бакіеў карыстаецца значнай падтрымкай насельніцтва. Эксперты прагназуюць некалькі магчымых сцэнараў развіцця падзей у Кыргызстане.



Замест таго, каб пасля рэвалюцыі бегчы з краіны, як гэта зрабіў Акаеў, Бакіеў нечакана аб’явіўся на поўдні Кыргызстана і ўпарта працягвае лічыць сябе адзіным легітымным кіргізскім кіраўніком. У сваю чаргу, новая ўлада баіцца ўжываць сілу ў мясцовасці, дзе Бакіеў карыстаецца значнай падтрымкай насельніцтва. Эксперты прагназуюць некалькі магчымых сцэнараў развіцця падзей у Кыргызстане.

Нагадаем цяперашні расклад сілаў: сталіцу Бішкек і большую частку краіны кантралюе сфармаваны пасля рэвалюцыі кааліцыйны Часовы ўрад. Чальцы ўраду актыўна дзеляць міністэрскія партфелі і фліртуюць з Масквой, Астаной і Вашынгтонам, дамагаючыся афіцыйнага прызнання. Між тым, на поўдні, у вотчыне былога прэзідэнта Бакіева, нічога не змянілася, там па-ранейшаму прызнаюць уладу прэзідэнта. Бакіеў вядзе дзіўную, аднак актыўную гульню: то праводзіць курултаі ў сваю падтрымку і адмаўляецца аддаваць паўнамоцтвы, то заяўляе пра гатоўнасць сысці ў адстаўку, патрабуючы за гэта гарантыі бяспекі. Дык што ж будзе далей?

Сцэнар першы

Бакіеў хутка складзе паўнамоцтвы і пакіне краіну. Нават калі б ён вельмі хацеў вярнуцца ў Бішкек, у яго няма для гэтага дастатковага рэсурсу падтрымкі ў сталічным рэгіёне. Яшчэ адзін фактар — пазіцыя Расіі. Як ні парадаксальна гучыць, рэвалюцыя была праведзена па замове Крамля. Маскву занепакоілі тэмпы нарастаючага сяброўства рэжыму Бакіева з Кітаем. Толькі за два гады праўлення Бакіева гандлёвы абарот паміж краінамі вырас у 12 разоў. А напачатку гэтага года адбыўся і ўвогуле гістарычны прарыў у кіргізска-кітайскіх адносінах. У студзені з візітам у Пекін прыбыў сын прэзідэнта Максім Бакіеў, які да апошніх падзей лічыўся ледзь не самым уплывовым чалавекам у асяроддзі свайго бацькі. Бакіеў-малодшы прапанаваў кітайскім партнёрам удзел у дабудаванні Камбарацінскай ГЭС–2, а таксама ў мадэрнізацыі вытворчасці крэмню, які прымяняецца ў сонечнай энергетыкі. Кантракты на гэтыя праекты кіргізскае кіраўніцтва раней абяцала падпісаць з расійскімі бізнес-структурамі. Злучаныя Штаты, у сваю чаргу, яшчэ з часоў “рэвалюцыі цюльпанаў дапамагаюць дэмакратам.

Уся цяперашняя дзейнасць Бакіева — спроба выйграць час. За гэты час можна паспрабаваць вывезці з краіны нажытыя капіталы (некаторыя аналітыкі ацэньваюць багацце клану прыкладна ў 300 мільёнаў долараў) і дапамагчы пакінуць краіну бліжэйшым родзічам і сябрам.

Сцэнар другі

Бакіеў мае намер калі не паспрабаваць вярнуць уладу, то замацавацца на поўдні, чакаючы спрыяльных умоў для рэваншу. Сапраўды, галоўныя прычыны пераваротаў застаюцца. Гэта не вырашаныя сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя праблемы. Аднак галоўная ягоная надзея — супярэчнасці ў лагеры пераможцаў. Перамога стала сюрпрызам нават для лідэраў апазіцыі, якія не маюць стратэгічнага плану развіцця краіны. Акрамя таго, да гэтага часу ў іх шэрагах не вызначаны лідэр, які змог бы трымаць пад кантролем сітуацыю ў краіне. Зараз Часовы ўрад складаецца з прадстаўнікоў шэрагу партый. Аднак у бліжэйшай перспектыве верагоднасць распаду такой кааліцыі вельмі вялікая. Узгадаем, чым закончыліся іншыя кааліцыі, сфарміраваныя падчас каляровых рэвалюцый, — Юшчанка і Цімашэнка, Саакашвілі, Жванія і Бурджанадзе і г. д. Бакіеву застаецца дачакацца часу распаду і падтрымаць адну з фракцый. Магчыма, гэта не гарантуе яму вяртанне ў крэсла прэзідэнта, аднак захоўвае ягоны статус уплывовай палітычнай фігуры. Па вялікаму рахунку, іншага выйсця ў яго няма.

Якія перспектывы чакаюць Бакіева, калі ён зараз усё кіне і падасца ў эмігранты? Гэта будзе аўтаматычна значыць адмову ад пасады дэмакратычна абранага прэзідэнта. Следствам стане хуткае прызнанне цяперашняй улады ў Бішкеку з боку іншых дзяржаў у якасці адзінай легітымнай. І першае, што зробяць сябры Часовага ўраду, — пададуць на Бакіева ў міжнародны вышук за арганізаваныя ім расстрэлы мірных грамадзян.


Сцэнар трэці

Бакіеў, які спрабаваў гуляць на супрацьстаянні Расіі і ЗША, не карыстаецца стопрацэнтнай падтрымкай ні ў першым ні ў другім лагеры. Акрамя таго, і Вашынгтон і Масква хацелі б перш за ўсё бачыць блізкі да Афганістана Кыргызстан стабільнай зонай. У той жа час Кыргызстан у вачах усіх сатрапаў Сярэдняй Азіі ператварыўся ў нейкі жупел, падобны да таго, якім была якабінская Францыя для еўрапейскіх арыстакратаў. Навіны з Кыргызстана, калі меркаваць па каментарах на казахскіх форумах, выклікалі мноства надзей на палітычныя змены ў краіне. Тое ж самае і ва Узбекістане, дзе афіцыйныя СМІ дасюль нічога не кажуць пра пераварот у Бішкеку. Гавораць, што пад уплывам падзей у Кыргызстане таджыкскі прэзідэнт Рахмонаў перагледзеў кадравую палітыку — адмовіўся прызначаць на ўплывовыя адміністратыўныя пасады сваіх дзяцей і родных. Назарбаеву і Карымаву патрэбна стабільнасць у Кыргызстане. ЗША, Расія, краіны Сярэдняй Азіі могуць прапанаваць Бакіеву нейкія гарантыі бяспекі, каб толькі ён пакончыў з фрондай. У выпадку адмовы з ім можа адбыцца што заўгодна.

Сцэнар чацвёрты

Бакіеў карыстаецца падтрымкай на поўдні і можа паспрабаваць гуляць на гістарычнай канкурэнцыі кланаў поўдня і поўначы. Ён ужо выступіў з ідэяй перанесці сталіцу ў Ош. Такі варыянт найменш рэальны — без знешняй падтрымкі моцнага геапалітычнага акцёра дабіцца стварэння ў Сярэдняй Азіі мясцовага Прыднястроўя амаль немагчыма. Ніхто, акрамя, магчыма, радыкальных ісламістаў, не зацікаўлены ў дэстабілізацыі. Аднак тут усё залежыць не ад замежнікаў, а ад сяброў Часовага ўраду, якім трэба ўзгадніць баланс інтарэсаў паміж рознымі кланавымі і рэгіянальнымі групамі. Першапачатковай мэтай дадзеных дамоў будзе, вядома ж, недапушчэнне дамінавання якой-небудзь з гэтых груп. Калі тое не атрымаецца, у Бакіева ёсць шанец стаць рэгіянальным лідэрам.

Сцэнар пяты

Пакуль Бакіеў і Атунбаева змагаюцца за ўладу, бясспрэчным фактам застаецца беднасць насельніцтва Кыргызстана, якая і справакавала паўстанне. Нездарма Таласкі рэгіён, які апынуўся ў авангардзе паўстання, паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Кыргызстана, уваходзіць у тройку рэгіёнаў з самым высокім узроўнем беднасці. Ёсць вялікая верагоднасць таго, што шматлікія абяцанні новых улад так і застануцца абяцаннямі. Следствам можа стаць перафармаванне кіргізскай палітычнай сцэны, з’яўленне новай сілы. Такую ролю можа адыграць армія, якая пакуль займала нейтральную пазіцыю.

Каментаваць