Як вылічыць дыктатара?

19 мая ў парыжскім судзе пачалося незвычайнае пасяджэнне па іску малодшай дачкі прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава. 33-гадовая Лола Карымава-Ціляева абурылася тым, што яе бацьку ў французскай прэсе назвалі «дыктатарам».



19 мая ў парыжскім судзе пачалося незвычайнае пасяджэнне па іску малодшай дачкі прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава. 33-гадовая Лола Карымава-Ціляева абурылася тым, што яе бацьку ў французскай прэсе назвалі «дыктатарам».

Непасрэдна «дыктатарам» Карымава назваў сайт Rue89. Анлайн-выданне размясціла артыкул журналіста Агюстэна Скальбера пад назвай «СНІД: Узбекістан ужывае палітычныя рэпрэсіі, але робіць сябе ў Канах». Артыкул з’явіўся ў той дзень, калі ў рамках штогадовага міжнароднага кінафэсту ў Канах праходзіў дабрачынны вечар «Кіно супраць СНІДу». У ролі фундатара вечарыны выступіла старэйшая дачка прэзідэнта Узбекістана — Гульнара.

Карымава-Ціляева абвінаваціла журналіста ў паклёпе. Цяпер адвакаты патрабуюць ад рэпарцёра 30000 еўра за маральную шкоду.

Судовы іск Карымавай-Ціляевай на першы погляд выглядае дзіўным. Тое, што Карымаў дыктатар, даўно быццам ніхто не аспрэчваў. У спісе «найгоршых дыктатараў планеты», які складаецца амерыканскім часопісам «Parade» з 2002 года, кіраўнік Узбекістана Іслам Карымаў сёння займае 11-е месца. Упершыню ў гэтым спісе ўзбекскі лідар з’явіўся ў 2006 годзе, неўзабаве пасля таго, як быў абвінавачаны ў масавых забойствах у Андзіжане. Тады Карымаў увогуле ўзняўся на пятае месца.

Як паведамляе ўзбекская рэдакцыя радыёстанцыі «Свабода», у мінулым імя Іслама Карымава ў якасці дыктатара згадвалася ў матэрыялах Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, праваабарончых арганізацый, а таксама ў такіх вядомых друкаваных выданнях, як «Spiegel», «Guаrdian» і інш.

З гэтым згодна грамадская думка. Так, пошук словазлучэння «дыктатар Карымаў» па Яндэксу выдае нам больш 51 тысячы вынікаў; па Google — 42 тысячы старонак. Па дадзеных таго ж Яндэкса, «дыктатарам» назвалі Іслама Карымава прынамсі 165 афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі.

Праблема, аднак, у іншым. Іслам Карымаў не з’яўляецца дыктатарам у юрыдычным сэнсе. Ні ва Узбекістане, ні ў Францыі такой службовай асобы няма.

Слова «дыктатар» прыйшло да нас са старажытнага Рыма (ад лацінскага «dictator», ад «dicto» — дыктую, прадпісваю). Так звалі надзвычайную службовую асобу, якая прызначалася консуламі па рашэнні сената ў выпадку крайняй небяспекі. Пасада гэта ўводзілася на тэрмін не больш за шэсць месяцаў, а рэальным чыннікам для добраахвотнага падначалення ўсёй рэспублікі аднаму чалавеку магло стаць толькі вядзенне вайны ці неабходнасць падаўлення мяцяжу.

У Рыме V–II стагоддзяў да нашай эры дыктатар валодаў усёй паўнатой дзяржаўнай улады, яму падпарадкоўваліся ўсе службоўцы, уключаючы консулаў. Дыктатару, па сутнасці, дазвалялася рабіць усё, што ён палічыць неабходным, а пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў ён не мог быць прыцягнуты да адказнасці. На самых ранніх этапах развіцця рымскай рэспублікі на прысуд дыктатара нават нельга было падаць апеляцыю.

Першапачаткова на пасаду дыктатара маглі прызначацца толькі патрыцыі, але з 356 года да н. э. — таксама плебеі. Часам дыктатар абіраўся для выканання якога-небудзь аднаго даручэння, напрыклад, «дыктатар для забівання цвікоў» (рэлігійны рытуал падчас свята). У перыяд позняй рэспублікі, пры Суле і Цэзары, прызначаных дыктатарамі без абмежавання тэрміна (dictator perpetuus), пасада дыктатара набыла манархічны характар.

У Новы час (асабліва з эпохі Французскай рэвалюцыі) гэты тэрмін, пад уплывам класічных рэмінісцэнцый, адраджаецца, азначаючы кіраўніка, які атрымаў неабмежаваную ўладу ў надзвычайнай сітуацыі. Хаця прававой базы гэты інстытут не меў, шмат каго называлі дыктатарамі, прычым нават у пазітыўным сэнсе. Так, дыктатарам называў сябе Джузепе Гарыбальдзі.

Негатыўную афарбоўку слова «дыктатар» набыло толькі ў пачатку ХХ стагоддзя дзякуючы Генры Клэю, спікеру амерыканскага Кангрэса. Ён праславіўся аўтарытарным стылем вядзення сесій, за што набыў у прэсе мянушку «дыктатар».

Карымаў — не рымскі грамадзянін, не быў прызначаны сенатам Рыма на пасаду «дыктатара», і, значыць, назваць дыктатарам яго фармальна нельга. Так што вердыкт на першы погляд мае быць вынесены супраць журналіста.

Аднак адвакаты Агюстэна Скальбера лічаць, што шансы ў іх нядрэнныя, каб выйграць працэс. Яны збіраюцца будаваць сваю пазіцыю на спасылкі на слоўнікі. Большасць сучасных слоўнікаў сцвярджае, у нашы часы слова «дыктатар» ужываецца ў іншым значэнні, чым было ў старажытнасці. Пераважна яно азначае «асобу, якая карыстаецца неабмежаванай уладай у кіраванні дзяржавай». Калі ў раннюю рымскую эпоху дыктатараў абмяжоўвалі часавыя рамкі (да прыкладу, адзін генерал быў усяго дыктатарам Рыма ўсяго шаснаццаць дзён), то сёння, ужываючы гэта слова, мы найперш маем на ўвазе кіраўнікоў, якія карыстаюцца неабмежаванай уладай.

У гэтым плане Карымаў падпадае пад такую дэфініцыю. Іслам Карымаў кіруе краінай з 1989 года. Пры гэтым, як лічаць яго палітычныя супернікі, ён ужо некалькі разоў парушыў канстытуцыю ўласнай краіны, займаючы вышэйшую службовую пасаду больш за два тэрміны запар.

Праўда, фармальна ў краіне дзейнічае ўрад, законы прымае абраны народам двухпалатны парламент. Аднак на самай справе толькі чалавек, зусім далёкі ад сярэднеазіяцкіх рэалій, не ведае, што ўрадавыя ўказы і пастановы ў большасці выпадкаў дагэтуль падпісвае асабіста прэзідэнт краіны, а заканадаўчы орган — не больш чым марыянеткавы орган, паслухмяны выканаўца інструкцый кіраўніка дзяржавы.

«Яшчэ адна акалічнасць, — піша Lenta.Ru, — якая дазваляе залічыць Карымава ў дыктатары, — гэта прыняцце ў 2003 годзе закона, паводле якога прэзідэнт і яго сям’я вызваляюцца ад якіх бы там ні было судовых пераследаў за ўсе іх дзеянні».

Чым бы ні закончыўся суд, наўрад ці афіцыйнаму Ташкенту ён пойдзе на карысць. Нават дылетанту зразумела, што ў імкненні даказаць сваю правату французскія журналісты стануць казаць і пра крывавае здушэнне беспарадкаў у Андзіжане, і пра адмову Узбекістана ад правядзення незалежнага міжнароднага расследавання тых падзей, пра рабскую працу дзяцей на палях бавоўны, пра пераследы іншадумцаў, поўную забарону палітычнай апазіцыі, татальную цэнзуру і катаванні…Такім чынам, разгляд справы здольны пазнаёміць публіку з фактамі, якія яшчэ больш дыскрэдытуюць лідэра Узбекістана.

У гэтым плане некаторыя выданні задаюцца пытаннем, чым увогуле думала дачка Карымава, калі ішла ў суд? У пошуках адказу міжволі прыходзіш да высновы, што яна думала, нібыта судовая сістэма ў Францыі лялечная, як на яе радзіме. Займець такі светапогляд можна выключна ў краіне, дзе суд мае сімвалічную незалежнасць. Іншымі словамі, у краіне з дыктатарскай мадэллю.
 

Каментаваць