Як Вова пасварыўся з Віцем

Адной з прычынаў нечаканага развароту Украіны ў накірунку Еўрасаюзу называюць асабістую непрыязнасць паміж Януковічам і Пуціным. Пра ўплыў асабістага фактара на ўкраінскую еўраінтэграцыю журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з украінскім журналістам Дзмітрыем Уласавым.



— Якую ролю ва ўкраінскай палітыцы адыгрываюць асабістыя забабоны?

— Дастаткова важную. Хаця б з улікам таго, што ўкраінская палітыка — гэта дуэль асобаў, харызмаў, а не ідэалогій. Сімпатыі і антыпатыі на адрас нейкай асобы і іх дэманстратыўная праява на публіцы — важная складовая іміджу палітыка. Сваю ролю таксама адыгрываюць папулярныя ў краіне палітычныя ток-шоў. Вядоўцы часта наўмысна падбіраюць на праграмы заўзятых антаганістаў, каб яны стварылі карцінку жорсткай палемікі, якая часта пераходзіць у фармат «сам дурань»…

— Што можна сказаць пра асабісты характар Віктара Януковіча?

— З Януковічам сітуацыя не звычайная. На першы погляд, цяжка сказаць, што ён мае нейкую харызму. Гэта чалавек глыбока пагружаны ў сямейныя і асабістыя праблемы. Бізнэс-інтарэсы сына, гаспадарка, камфорт, спорт, рэлігія — вось што сапраўды цікавіць Віктара Фёдаравіча. Часам здаецца, што працэсы за межамі яго рэзідэнцыі ўспрымаюцца ім як нейкая «фігня». Гэта вельмі не характэрна для ўкраінскай палітыкі, дзе запатрабаваныя яскравыя папулісты. Дарэчы, гэтыя рысы характару Януковіча дазваляюць шмат каму казаць, што ніякая дыктатура Украіне пры цяперашнім прэзідэнце не пагражае. Януковіч не падобны на аўтарытарных палітыкаў СНД.

Галоўны козыр Януковіча — развітыя арганізатарскія здольнасці, шматгадовы вопыт маштабнай кіраўнічай працы плюс фантастычная ўнутраная воля. Яна дазволіла яму рэабілітавацца ў грамадстве пасля турмы, зрабіць кар’еру з нуля, выжыць у палітыцы пасля 2004-га, захаваць лідарства ў апазіцыі, забяспечыць, перамогу на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах. Самі мяркуйце, які трэба мець характар, каб у тактычных мэтах наладзіць партнёрства з Юшчанкам усяго толькі праз год пасля Майдану, дзе Януковіча называлі выключна «зэк» і «бандыт». У гэтым плане, безумоўна, Януковіч — феномен. Ва Украіне вельмі мала палітыкаў, якім не патрэбны іміджмейкер. Нашто Віктару Фёдаравічу іміджмейкер, калі ўсе адразу бачаць — гэта мужык.

— Калі ўпершыню пачалі казаць, што Пуцін пакрыўдзіў украінскага гаранта?

— Наконт гэтага ёсць цэлая калекцыя тэорый. Некаторыя лічаць, што сабака паміж прэзідэнтамі прабег яшчэ ў 2004 годзе, падчас вайсковага параду ў Кіеве, калі Януковіч прама на трыбуне пачаставаў Пуціна і Мядзведзева цукеркай. Мядзведзеў узяў. А Пуцін адмовіўся і неяк крыва ўсміхнуўся. Быццам, Януковіч успрыняў гэта як знявагу.

Ганна Герман, адна з вельмі набліжаных да прэзідэнта асобаў, кажа, што Януковіча не змог прабачыць дэмаршу Пуціна падчас святкаванняў 1025-годдзя хрышчэння Русі, якія мелі месца ў Кіеве ўлетку. На галоўнае мерапрыемства, куды прэзідэнцкая адміністрацыя прывезла ўвесь праваслаўны клір, Пуцін спазніўся хвілін на 15–20, быццам падкрэсліваючы свой асаблівы больш высокі за Януковіча статус. З улікам таго, што Януковіч вельмі праваслаўны, той выпадак мог сапраўды выклікаць у яго нейкі негатыў.

Аднак яшчэ раней у Крыму Пуцін спазніўся на рандэву з Януковічам з-за сустрэчы з групай байкераў. Прычым сустрэча з Януковічам была пратакольнай. Такія канфліктныя эпізоды, быццам, у выніку сфармавалі ў Януковіча сталую асабістую антыпатыю да Уладзіміра Уладзіміравіча.

— Ці можна казаць пра тое, што Пуцін наўмысна хацеў неяк абразіць украінскага лідара?

— Наўрад ці палітыкі дазваляюць сабе такія капрызы. Тым больш, такі вопытны, як Пуцін. Палітолагі кажуць, што расійскім палітыкам папросту характэрна несур’ёзнае стаўленне да ўкраінскіх калегаў, паколькі ўкраінская дзяржаўнасць дасюль часта ўспрымаецца імі як нейкі кур’ёз. Гэты забабон, напэўна, праяўляецца на ўзроўні асабістай камунікацыі.

Магчыма, недзе Пуціну не хапіла такту. Пуцін — перакананы расійскі дзяржаўнік з адпаведным наборам каштоўнасцяў. У яго няма сумневу ў тым, што Украіна павінна быць у МС і ў складзе Адзінай эканамічнай прасторы. Таму ён часам проста занадта прама прасоўвае свой пункт гледжання.

Ёсць думка, што тут згуляў сваю ролю адрозны сацыяльны бэкграўнд палітыкаў. Калі Пуцін выйшаў з сілавых структур, то Януковіч, калі ўзгадваць яго біяграфію, паходзіць з іншай сацыяльнай групы. На думку прыхільнікаў гэтай версіі, былому афіцэру вельмі складана прыняць як роўнага сабе чалавека, які некаторы час ненавідзеў усіх людзей у пагонах. Маю на ўвазе крымінальнае мінулае Віктара Фёдаравіча.

Вядомы ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка адзначаў, што рускія не ўлічваюць характар Януковіча. Януковіч не любіць, калі на яго ціснуць. З часоў ранняй хуліганскай маладосці ён прызвычаіўся, што, калі на цябе ціснуць, трэба дэманстраваць сілу, інакш цябе проста знішчаць. Менавіта таму прэзідэнт Украіны на ціск адказвае жорсткай лініяй паводзінаў.

— Сустракаюцца версіі пра тое, што не Пуцін, а Януковіч пакрыўдзіў калегу.

— У сакавіку дырэктар расійскага Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Канстанцін Сіманаў казаў, што Пуцін вельмі пакрыўджаны на Януковіча. Быццам, яго дастала нявызначаная пазіцыя Кіева па пытанні далучэння да Мытнага саюза. Аднак трэба падкрэсліць, што асабісты канфлікт, калі ён і меў месца, — не асноўны дэтэрмінатар змены курсу Кіева на Захад. Папросту ён таксама адыграў ролю.

— Калі ўзгадаць адносіны Краўчука, Кучмы або Юшчанкі з расійскімі прэзідэнтамі, можна сказаць, што ў гэтым дыялогу ёсць нейкая парадыгма, або ўсё вызначае індывідуальнасць палітыка?

— Індывідуальнасць займае важнае месца ў дыялогу Масквы і Кіева. Дастаткова згадаць Віктара Юшчанку, які завочна ўспрымаўся ў Крамлі як антымаўскоўскі палітык. Аднак ёсць і нейкая заканамернасць. Логіка знешняй палітыкі Расіі базіруецца на тым, каб максімальна ўзмацніць уплыў на дзяржавы постсавецкай прасторы і максімальна затармазіць рух краін, асабліва тых, якія знаходзяцца на захадзе, у бок Еўропы. І хто б гэта ні быў — Пуцін, Мядзведзеў ці нехта іншы — гэтая логіка будзе дзейнічаць. Ёсць логіка і ў дзеяннях Украіны, незалежна ад таго, хто пры ўладзе — Юшчанка ці Януковіч. Логіка еўрапеізацыі Украіны незваротная па той простай прычыне, што гэта адзіны шанец Украіны мець суб’ектнасць у міжнароднай палітыцы, балансуючы паміж цэнтрамі ўплыву — Крамлём і Брусэлем. Таму адраджэнне аўтарытарных тэндэнцый у Расіі адразу стымулюе праеўрапейскі вектар ва Украіне. Што мы, дарэчы, цяпер і назіраем. 

Каментаваць