Якая будучыня ў Надзеі Саўчанка?

Вызваленне з расійскай турмы і вяртанне на радзіму Надзеі Саўчанка адчыняюць новы, на гэты раз палітычны, раздзел яе біяграфіі.


Фота Reuters


«Свабоду Надзеі Саўчанка» — банер з такім надпісам амаль два гады знаходзіўся на трыбуне Вярхоўнай Рады. Цяпер нарэшце яго можна зняць: 25 мая эпапея байца дабраахвотнага батальёну «Айдар», якую ў Расіі засудзілі на 22 гады, закончаная.


Надзею сустрэлі як гераіню. За часы яе знаходжання ў расійскай турме яе імя стала сімвалам супраціву, мужнасці і нават веры ў перамогу. Вакол яе склаўся  сапраўдны культ асобы аж да стварэння  інтэрнет-петыцыі, падпісанты якой заклікаюць лётчыцу пасля вяртання заявіць пра намер балатавацца ў прэзідэнты.


Але і пасля трыумфальнага вяртання Саўчанка не знікне з інфармацыйных стужак СМІ. Прынамсі пра гэта дазваляюць казаць некаторыя абставіны яе вызвалення. 


Вяртанне Саўчанка прыйшлося на вельмі спецыфічную дату —  другую гадавіну знаходжання Парашэнкі пры ўладзе. Да гэтай каляндарнай рысы Пётр Аляксеевіч прыйшоў не з лепшымі паказнікамі — каля 9 працэнтаў падтрымкі, што з’яўляецца своеасаблівым антырэкордам у гісторыі ўкраінскіх прэзідэнтаў. Нават Віктар Юшчанка, які ў фінале сваёй кадэнцыі, карыстаўся падтрымкай 1-2 працэнтаў электарату, па выніках першых двух год меў 20 працэнтаў. А з улікам свежага скандалу з афшорамі і павышэннем коштаў на камунальныя паслугі глыбокае піке папулярнасці Парашэнкі можа працягнуцца.


Спыніць негатыўны трэнд і ў тым ліку вярнуць давер да ўлады можа дапамагчы вяртанне Саўчанка. На думку каментатараў, гэта моцны піар-ход, які дазволіць Парашэнку, як мінімум на 2-3 тыдні змягчыць крытыку курса ўрада. Сімвалічна, што прылёт Саўчанка медыйна перакрыў прыход да прэзідэнцкай адміністрацыі калоны медыкаў з Сумскай вобласці. Яны прайшлі каля 400 кіламетраў, пратэстуючы супраць затрымак выплат заробкаў. Гэтую акцыю падтрымалі ўсе вядучыя прафцэнтры.


Для Парашэнкі таксама важна перахапіць брэнд Саўчанка ў Юліі Цімашэнка, сябрам партыі якой яна з’яўляецца. Менавіта правадыр партыі «Батьківщина», якая крытыкуе Парашэнку, паводле апытанняў з’яўляецца галоўным канкурэнтам Парашэнкі.  


У сувязі з гэтым шэраг украінскіх палітолагаў ужо заклікалі Парашэнку і Цімашэнка не ўцягваць Саўчанка ў дробныя палітычныя разборкі. Аптымальным варыянтам, як яны мяркуюць, будзе наданне экс-палітвязню статусу міжнароднага пасла Украіны. Яна, напрыклад, магла б займацца гуманітарнай працай, зборам сродкаў, выступамі ў замежных парламентах, вызваляць іншых украінцаў з турмаў РФ.  


Нарэшце нельга не агучыць даволі экзатычны сцэнар, звязаны з тэзісам пра тое, што Саўчанка будзе працаваць на Пуціна. Паводле аўтараў гэтай версіі Саўчанка — частка нейкай шматхадоўкі Крамля. Некалькі разоў на украінскіх ток-шоу звярталі ўвагу на тое, што асоба Саўчанка шмат у чым была штучна раздутая расійскімі медыя, якія цалкам манапалізаваныя Крамлём. Па падліках праваабаронцаў, у расійскіх турмах налічваецца каля 50 грамадзян Украіны, у тым ліку тыя, хто быў асуджаны па палітычных артыкулах. Аднак ў расійскіх медыя адсочваўся выключна працэс Саўчанка. Аматары гэтай версіі не выключаюць, што Саўчанка вызвалілі, каб яна стала ініцыятарам праекту закону пра выбары на Данбасе, які дасць зялёнае святло на стварэнне там аўтаноміі.


Нельга забываць і тое, што з яе прозвішчам звязаныя надзеі, якія напэўна часам завышаныя. Гэта стварае пагрозу, што Саўчанка паўтарыць шлях іншых куміраў Майдана, чый аўтарытэт дэвальваваўся, спрыяючы росту апатыі.


Ёсць аднак іншая думка. Паводле яе стаўка ў Маскве робіцца на асабісты тэмпераментны характар Надзеі. Прынамсі яе адвакаты раней казалі, што іх кліент не ў захапленні ад таго, як афіцыйны Кіеў выцягвае яе з турмы і мае намер пасля вызвалення сказаць усё што думае. Некаторыя палітолагі баяцца, што такі дэмарш не толькі змяшае карты ўкраінскім палітыкам, аднак і ўзмацніць палітычную напружанасць.


Аднак не трэба забывацца, што ў свой час Саўчанка паступіла вучыцца на вайсковага лётчыка па асабістай рэкамендацыі тагачаснага міністра абароны Грыцэнкі. Наўрад ці б ён даў рэкамендацыю невядома каму.


Сваімі думкамі пра будучыню Надзеі Саўчанка  з чытачамі НЧ падзяліўся кіеўскі палітолаг Юры Палянін:


— Ужо на цяперашні момант збываюцца усе прагнозы тых, хто баяўся, што Саўчанка стане козырам прэзідэнцкіх палітэхнолагаў. Адразу пасля прыбыцця Парашэнка ўручыў ёй узнагароду Героя Украіны. Прэзідэнт Украіны яўна намагаецца зрабіць яе сваім актывам, што таксама з’яўляецца сігналам SOS для Цімашэнка. Нават, калі Саўчанка застанецца ў партыі «Батьківщина», яна падрывае асабісты прынцып кіравання партыі, аслабляе палітычную сілу Юліі Цімашэнка перад пазатэрміновымі парламенцкімі выбарамі, якія ўсе чакаюць. Пытанне толькі ў тым — ці пагодзіцца сама Саўчанка на ролю чалавека Парашэнкі ці Цімашэнка, або кінецца атакаваць рэжым? Каб адказаць на гэтае пытанне, лепш дачакацца наступнага аўторка, калі адбудзецца пасяджэнне Вярхоўнай Рады і Саўчанка як дэпутату натуральна дадуць слова.

Каментаваць