Якімі будуць шатландскія грошы?

Хаця рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі адбудзецца толькі ў наступным годзе, а яго вынікі даволі цьмяныя, эканамісты ахвотна спрачаюцца наконт таго, якімі будуць новыя шатландскія грошы.
 



Можна адзначыць чатыры падыходы да гэтай праблемы: 1) далучыцца да зоны еўра, 2) захаваць брытанскі фунт стэрлінгаў 3) прывязаць шатландскі фунт да брытанскага 4) заснаваць уласны Манетны двор. 
 
Усе варыянты маюць як моцныя, так і слабыя бакі. Што тычыцца ідэі з уваходам у зону еўра, то безумоўныя мінусы звязаныя з цяперашнім крызісам у еўразоне і тымі мерамі, якімі яго спрабуюць вырашыць. Апытанні сведчаць, што шатландцы сапраўды баяцца такой перспектывы, магчыма таму, што сацыяльныя службы ў Шатландыі традыцыйна вельмі моцныя.
 
Праўда, ніхто Шатландыю так хутка ў зону еўра не запросіць. Механізм далучэння да еўра вельмі доўгі, а самі ўмовы прыёму хутчэй за ўсё пасля гісторыі з Грэцыяй і Іспаніяй будуць перагледжаныя. Таму нейкі эрзац еўра (калі Эдынбург усё ж захоча менавіта гэтую валюту) на першым этапе ў незалежнай Шатландыі ў любым выпадку спатрэбіцца. 
 
Першае, што прыходзіць на думку, адрадзіць грошы, якія чаканілі шатландскія каралі да 1708 года, калі быў зачынены Шатландскі манетны двор пасля Уніі з Англіяй. Першыя шатландскія грошы з’явіліся пры каралі Давідзе (1124–1153).  З ростам уплыву Англіі на ўнутраную шатландскую палітыку, грошы пачалі называць фунты. 
 
Хаця ідэя вяртання да сваіх грошаў не мае стопрацэнтнай падтрымкі. Ёсць заклікі і пасля 2014 года выкарыстоўваць брытанскія банкноты. Гэта дазволіць новай дзяржаве як мінімум не дапусціць на пераходным этапе панікі сярод насельніцтва і падзення бізнес-актыўнасці. Такая формула да душы Алексу Салманду, лідару партыі шатландскіх нацыяналістаў (SNP), які заварыў кашу з плебісцытам. Хаця Салманд і заўзяты нацыяналіст, аднак ён лічыць, што шатландскімі грашыма маюць кіраваць ненавісныя каланізатары. Але яго пазіцыю падзяляюць не ўсе сябры SNP, якая ў сваёй прапагандзе ахвотна падкрэслівае, што нацыянальны Банк Англіі не ўлічвае інтарэсаў Шатландыі. 
 
Таму рэалізацыя варыянту 2 лагічна патрабуе рэформы структуры кіравання нацыянальнага Банка Англіі — допуск шатландцаў у адміністрацыю банка. Дарэчы, на думку прэсы, такі фокус можа зацікавіць ірландцаў, якім несалодка з-за крызісу еўра. Быццам яны могуць у такім разе таксама прыняць брытанскі фунт. Дадатковы бонус — Эдынбург і Дублін як канцэсіянеры змогуць карыстацца рэсурсамі Банка Англіі.  
 
Аднак самі англічане, здаецца, не ў захапленні ад таго, што замежны ўрад будзе вызначаць банкаўскія стаўкі ў іх на радзіме. Акрамя таго шматлікія аналітыкі прымаюць стаўкі на тое, што фармаванне шатландскага рынку не абыдзецца без рэцэсіі. Тое, што ў крызіснай Шатландыі будзе хадзіць брытанскі фунт, стопрацэнтна выклікае няўпэўненасць на грашовых рынках ў самой Англіі.  Таксама не зразумела, як такая мадэль агульнай валюты паўплывае на перспектывы ўваходу Шатландыі ў склад ЕС, статутныя дакументы якога патрабуюць ад краіны-кандыдата мець Нацыянальны банк.
 
Наступная прапанова (варыянт 3) — прывязаць шатландскі фунт да брытанскага з разліку адзін да аднаго. Дарэчы, падобную палітыку праводзіла Ірландыя пасля таго, як у 1922 годзе перастала быць брытанскім дамініёнам. Папулярны тэзіс пра тое, што гэта мера дазволіла ірландцам стабілізаваць эканоміку пасля грамадзянскай вайны. Закавыка ў тым, як трымаць такі курс ва ўмовах цяперашняй гаспадаркі, для якой характэрная шалёная флексібільнасць капіталаў? Кан’юнктура на адным з рынкаў можа выклікаць імклівы прыток капіталаў ад суседзяў, рост попыту на лакальную валюту, дадатковую эмісію, працэс інфляцыі і г.д. У выніку ўтрымаць жорсткае адзінства курсаў брытанскага і шатландскага фунтаў будзе цяжка. 
 
Такім чынам, сам сабой напрошваецца апошні варыянт — заснаванне ў Шатландыі незалежнага ад Лондана Манетнага двара. Без такога інстытута, на думку нацыяналістаў, незалежнасць будзе ілюзорнай. Тым больш, свае грошы — гэта добры інструмент уплыву на макраэканамічны працэс. Менавіта гэтага інструмента, на думку шмат каго, зараз не хапае ірландцам, якія пасля ўваходу ў Еўразону цалкам падпарадкавалі свае фінансы Цэнтрабанку ЕС. 
 
Што чакае шатландскі фунт, калі ён адправіцца ў вольнае плаванне? Каб адказаць на гэта пытанне эканамісты заклікаюць паглядзець не на досвед Швецыі або Польшчы, якія маюць сваю валюту, а на ўрок краін СНД. Нават дасюль сярод заходніх бюргераў існуюць падазрэнні наконт стабільнасці расійскага рубля (нягледзячы на тое, што Расія — уладар каласальных натуральных багаццяў). Што ўжо казаць пра валюту такой маленькай краіны як Шатландыя, дзе толькі дзве развітыя індустрыяльныя галіны — вытворчасць віскі і здабыча нафты. 
 
Не выклікае аптымізму і наступная статыстыка. у Шатландыі найменш прыватных бізнесменаў на душу насельніцтва, чым у Аб’яднаным Каралеўстве (672 бізнесмены на 10 тысяч чалавек, у той час як ў Англіі — 922). Негатыўным момантам таксама можа быць цяперашні доўг шатландскага ўраду, які складае паўтара мільярда долараў. Ён дастанецца ўраду незалежнай Шатландыі, які не зможа разлічваць на субсідыі з Лондана, як цяпер. 
 
Відавочна, што з улікам такіх абставін нованароджанаму шатландскаму фунту спатрэбіцца час, каб заваяваць да сябе давер на фінансавых рынках і сярод інвестараў. Праўда, псіхалогію бізнесменаў і спажыўцоў можна падмануць шляхам камбінацыі варыянтаў 3 і 4. спачатку трымаць шатландскі фунт прывязаным да брытанскага, а пасля паступова аслабіць прывязку. 
 
Пакуль што ніводны з агучаных варыянтаў не зняты з тэмаў дыскусій эканамістаў. Логіка падказвае, што спачатку трэба было б дачакацца вынікаў рэферэндуму. Пакуль што за суверэнітэт Шатландыі выступае толькі 34 працэнты насельніцтва краю, а супраць — 47 працэнтаў (вынікі апытання 27 студзеня 2013 года). Але яшчэ 19 працэнтаў — не вызначыліся. Так што інтрыга, а з ёй і верагоднасць з’яўлення на свет новай шатландскай валюты, захоўваецца.
 

Каментаваць