Якой будзе партыя ўлады?

Грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» абвясціла пра трансфармацыю ў палітычную партыю. Аднак не абавязкова, што БР будзе падобная на вядомую беларусам «Адзіную Расію». У СНД ёсць іншыя краіны, дзе важную ролю ў палітычнай сістэме таксама адыгрываюць партыі ўлады.

Узбекістан. Прэзідэнт прызначыў мяне любімай партыяй



Грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» абвясціла пра трансфармацыю ў палітычную партыю. Аднак не абавязкова, што БР будзе падобная на вядомую беларусам «Адзіную Расію». У СНД ёсць іншыя краіны, дзе важную ролю ў палітычнай сістэме таксама адыгрываюць партыі ўлады.

Узбекістан. Прэзідэнт прызначыў мяне любімай партыяй

Найбольш цікавую эвалюцыю партыя ўлады прайшла ва Узбекістане. Тут афіцыйных партый аж дзве. Прычым, як у тым гарэме, фаварыткі час ад часу мяняюцца, праўда, без перамены сумы складнікаў.

Мясцовую «Белую Русь» заклалі ў дзень абвяшчэння незалежнасці — 1 верасня 1991 года. У гэты дзень узбекская кампартыя змяніла шыльду: стала называцца Народна-дэмакратычнай партыяй Узбекістана (НДПУ). У якасці спадчыны ад камуністаў НДПУ дастаўся моцны сацыяльны блок у праграме. «Партыя ўвасабляе левае крыло палітычных сіл Узбекістана», — гаворыцца ў праграмных дакументах НДПУ. Іншы перажытак мінулага — засілле ў партапараце, асабліва на месцах, былых камуністаў, якія разумеюць пад левай ідэяй банальны дзяржаўны патэрналізм.

У першыя гады незалежнасці НДПУ сапраўды выконвала стандартныя функцыі кіруючай палітычнай сілы грамадства. Гэта выцякала з таго, што старшынёй партыі быў сам Іслам Карымаў. Аднак з часам Карымаў зрабіў стаўку на сярэднюю, больш прагматычную, генерацыю наменклатуры, палітычнай вітрынай якой стала Ліберальна-дэмакратычная партыя Узбекістану (ЛДПУ). Лібералы не хаваюць сваіх інтарэсаў. Адпаведна праграме, мэта ЛДПУ — «даць новыя магчымасці для шырэйшай дзейнасці прадпрымальнікаў і дзелавых людзей, тэарэтычна і практычна абгрунтаваць іх перспектывы, эфектыўна абараняць інтарэсы гэтай праслойкі грамадства і, урэшце, забяспечыць іх заўтрашні дзень».

Паступова ліберал-дэмакраты перахапілі ў эндэкаў ініцыятыву. Так, 4 кастрычніка 2007 года партыя прапанавала Ісламу Карымаву, які на той час ужо забыў пра пасаду старшыні НДПУ, вылучыцца на пасаду прэзідэнта Рэспублікі. Карымаў прыняў прапанову. Паралельна на ЛДПУ пачаў працаваць увесь афіцыёз. Як пісала незалежнае выданне Uzbek.net падчас парламенцкай кампаніі 2009 года: «Усе матэрыялы, звязаныя з хуткімі выбарамі, пачынаюцца з каментараў прадстаўнікоў ліберал-дэмакратаў».

Сёння менавіта ЛДПУ фарміруе ўрад, а народныя дэмакраты знаходзяцца ў апазіцыі і крытыку­юць яго за некампетэнтнасць.

Незалежны палітолаг Ташпулат Юлдашэў так ахарактарызуе міжпартыйную барацьбу народных дэмакратаў і лібералаў: «Апазіцыя ў асобе НДПУ выглядае камічнай. Іншая справа, што паміж самімі партыямі часам узнікаюць супярэчнасці, галоўным чынам паміж той жа НДПУ і ЛДПУ, але заснаваныя яны на высвятленні кулуарных адносін. Насамрэч, ніводная з партый ва Узбекістане не можа лічыцца незалежнай».

Азербайджан. У партыі кожны дваццаты


Кіруючая ў Азербайджане партыя называецца «Ені Азербайджан» («Новы Азербайджан»). Маштабы яе «папулярнасці» папросту палохаюць. У краіне з насельніцтвам дзевяць (а фактычна з-за вялікай эміграцыі 6–7 мільёнаў чалавек) у «Ені Азербайджан» запісана больш за паўмільёна. Для параўнання, у Беларусі, дзе насельніцтва таксама 9 мільёнаў, у спісах «Белай Русі», па словах Радзькова, на 1 верасня гэтага года значылася толькі 123 тысячы.

Праўда, для саміх лідараў НА ў гэтай астранамічнай лічбе няма нічога дзіўнага. Усё таму, што фундамент заклаў не нейкі палітык, а «народны геній» Гейдар Аліеў. У далёкім 1992 годзе Гейдар Аліеў, які пасля адстаўкі з пасады кіраўніка АзСССР падаўся ў родны Нахічэвань, падтрымаў ініцыятыву групы сталічных інтэлігентаў — заснаваць новую партыю.

Ідэйныя падмуркі створанай ім партыі — справядлівасць, азербайджанскі нацыяналізм і ідэі прагрэсу. Сама партыя лічыць, што яе месца ў правай цэнтрысцкай нішы палітычнага спектру.

Цяжка сказаць, як бачылі аліеўцы перспектывы партыйнага праекту ў тагачасных умовах шматпартыйнай дэмакратыі. Аднак пасля вяртання Гейдара ва ўладу ў 1993-м, канцэпцыя партыйнага развіцця стала складвацца на вачах. «Статус партыі быў зменены адпаведна з новай сітуацыяй», — гаворыцца на партыйным сайце. Пад зменай статуса трэба разумець зрастанне партыі і ўлады з паралельным памяншэннем там квоты прадстаўнікоў іншых, у першую чаргу апазіцыйных партый. Пра значэнне НА кажа наступны факт: пасля смерці бацькі Ільхам Аліеў атрымаў у спадчыну не толькі прэзідэнцкую пасаду, аднак і пасаду старшыні “Новага Азербайджану.

На цяперашні момант НА кантралюе 73 з 125 месцаў азербайджанскага парламенту. Таксама там засядаюць прадстаўнікі яшчэ дзвюх партый, якія стаяць на пазіцыях «канструктыўнай апазіцыі». Ніводная з апазіцыйных партый у парламент, адпаведна вынікам выбараў 2010 года, не трапіла, хаця кандыдат ад партыі «Мусават», нават па афіцыйных дадзеных, меў на апошніх прэзідэнцкіх выбарах 14 працэнтаў. Застаецца дадаць,што ЗША і АБСЕ палічылі, што згаданыя выбары ў парламент не адпавядалі крытэрыю свабодных.

Казахстан. Поўны «Нур Атан»!

Назарбаеў як былы камуніст таксама пачынаў з таго, што перайменаваў казахскую Кампартыю і Сацпартыю. Пасля пад яго была створаная больш шырокая кааліцыя — Саюз народнага адзінства Казахстана, суб’еты якой у 1999 годзе вырашылі аб’яднацца ў адзіную структуру — партыю «Атан». Аб’яднанню не перашкодзіла ідэйная салянка ў галовах заснавальнікаў. На ўстаноўчым з’ездзе былі ўсе: ад народных кансерватараў да лейбарыстаў.

Аднак у выніку «атанаўцы» чамусьці занялі левыя пазіцыі. Партыя «Атан» заяўляе сябе рэфармісцкай партыяй сацыял-дэмакратычнага накірунку і партыяй тварэння. Шлях да рэалізацыі сацыял-дэмакратычнага ідэалу ў тэарэтыкаў «Атан» вельмі арыгінальны: «Праз падваенне ВУП — да практычнага падваення сацыяльных выдаткаў дзяржавы на сістэму аховы здароўя, забеспячэнні даступнасці жылля, рост зарплат, пенсій і сацыяльных выплат» (з матэрыялаў партыі).

Як і трэба было чакаць, як толькі Назарбаеў стварыў сваю структуру, туды падаліся масы. Большасць сяброў тагачаснага парламенту адразу падалі заявы ў «Атан», што забяспечыла партыі (у 2006 годзе партыя стала называцца «Нур Атан») дэпутацкую большасць. Статус-кво не мяняўся і пасля ўсіх наступных выбараў. Паводле выніках апошніх, 2007 года, быў увогуле пастаўлены абсалютны па СНД рэкорд: усе сябры парламенту маюць партбілеты «Нур Атан».

Зліццё партыі (у яе складзе зараз 800 тысяч чалавек) і дзяржавы ў Казахстане дайшло да крайніх формаў. Пра гэта добра сведчыць цяперашняя забастоўка казахскіх нафтавікоў, якія на знак пратэсту вырашылі выйсці з партыі. Аказалася, выйсці з «Нур Атан» нельга без згоды партыйнага кіраўніцтва.

Аднак, відавочна, такая мадэль партыі ўлады не ідэальная. Інакш бы ўвесну ў Астане не пачалі асцярожна ствараць афіцыйную партыю апазіцыі. Яе ролю будзе адыгрываць калісьці дэмакратычная партыя «Ак Жол», у якой ужо праведзены палацавы пераварот. На пасаду старшыні прызначаны дзяржаўны чыноўнік, якому даручылі мякка крытыкаваць прэзідэнта.
 

Каментаваць