Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Ямайкі» не будзе?

Хаця Ангела Меркель паабяцала немцам да Калядаў новы кабінет «Ямайкі» — кааліцыю кансерватараў, лібералаў і «Зялёных», — шмат хто сумняваецца ў тым, што такі ўрад паўстане. Сярод скептыкаў — Макс Вольф, актывіст нямецкай арганізацыі «Маладыя Зялёныя».
 Фота www.ria.ru

 Фота www.ria.ru


— Адкуль узялася версія, што перамовы наконт кааліцыі ў фармаце «Ямайка» вырачаныя на правал? Хіба не існуюць падобныя кааліцыі на месцах, у тым ліку на ўзроўні рэгіянальных урадаў?

— Кааліцыі, створаныя па формуле «Ямайка», — сапраўды, не такая ўжо і рэдкасць, асабліва на мясцовым узроўні. Аднак дасюль цяжка ўявіць, што па такой формуле можа быць сфармаваны федэральны кабінет. На месцах прыярытэтам для палітыкаў з’яўляюцца гаспадарчыя і інфраструктурныя пытанні. Тут кансенсус знайсці прасцей. А вось падчас перамоваў нацыянальных лідараў узнікае канфлікт паміж рознымі ідэалагічнымі праектамі. У дадзеным выпадку вельмі часта яны супрацьлеглыя. Не кажучы пра тое, што пры падрыхтоўцы кааліцыйнай дамовы, якая фактычна адыгрывае ролю закону, партыі будуць намагацца давесці, што менавіта іх пазіцыя ў дакуменце ўлічаная.

— Якія тэмы могуць выклікаць спрэчкі падчас кансультацый наконт праграмы новага ўраду?

— Пачаць можна з праблемы клімату. У адрозненне ад эколагаў, лібералы ніколі не верылі ў кліматычныя змены. Як следства, партыя супраць таго, каб нямецкія фірмы і кампаніі плацілі падаткі на барацьбу з CO2, павялічваючы сабекошт вытворчасці. Хапае праціўнікаў і сярод кансерватараў, асабліва сярод баварцаў. Баварскі Сацыяльна-Хрысціянскі саюз (CSU) — партнёр Меркель, увогуле будзе адыгрываць асобную ролю на гэтых перамовах. У баварцаў свае арыгінальныя погляды на шматлікія праблемы. Напрыклад, у Мюнхене кепскім тонам лічыцца падтрымліваць міграцыйную палітыку канцлера. CSU адмаўляецца ісці ў «Ямайку», калі не будзе прыняты план па барацьбе з уцекачамі.

— На выбарах антырэкорд пабілі не толькі хрысціянскія дэмакраты і сацыял-дэмакраты, але і партыя хрысціянскіх сацыялістаў. У іх — найгоршы паказчык па колькасці галасоў за ўсю гісторыі. Ці магчыма лібералізацыя профілю партыі?

— Паколькі галасы ў партыі Хорста Зеехофера, лідар CSU, забіралі правыя папулісты, то, хутчэй, наадварот — партыю чакае яшчэ больш правы трэнд. Гэта азначае таксама больш кансерватыўны погляд на сямейную палітыку, ідэю пашырыць паўнамоцтвы сілавікоў — што не падабаецца «Зялёным» (Bündnis 90/Die Grünen). Аднак нават калі б не было баварскага фактару, «Зялёным» будзе цяжка выпрацаваць дамову з іншымі партыямі па той жа тэме мігрантаў. Лібералы ў лепшым выпадку пагаджаюцца даваць часовы прытулак для ахвяраў вайсковых канфліктаў. «Зялёныя», у сваю чаргу, прапануюць раздаваць у зонах канфліктаў так званыя «гуманітарныя візы», якія дазволяць уцекачам законна ехаць у ЕС. Нават калі бакі неяк дамовяцца, першы ж сур’ёзны крызіс з мігрантамі адразу справакуе раскол. І такі крызіс можа з’явіцца вельмі хутка — праз пытанне, ці могуць тыя, хто прыехаў у 2015-м у Германію і атрымаў прытулак, запрашаць да сябе чальцоў сваіх сем’яў.

— Вядома, што патэнцыйныя суб’екты ўраду маюць розныя погляды на ўкраінскае пытанне. «Зялёныя» выступаюць паслядоўнымі апанентамі Пуціна, а лібералы, наадварот, прапануюць вярнуць Расію ў «Вялікую васьмёрку». Якія яшчэ нестыкоўкі магчымыя наконт знешняга курсу ФРГ?

— Прэса лічыць, што будзе цяжка знайсці агульны погляд на праблему Грэцыі. Лібералы і частка кансерватараў заклікаюць да выключэння Грэцыі з зоны еўра. Эколагі, наадварот, прапануюць скараціць грэкам доўг і прадумаць пакет інвестыцый у краіну. Чамусьці лічыцца, што міжнародны накірунак — адзін з самых неканфліктных для міжпартыйных перамоваў. У прынцыпе, усе схіляюцца да думкі, што Меркель — вельмі важная фігура еўрапейскай палітыкі, і будзе кантраляваць знешні дэпартамент. Значна больш спрэчак будзе наконт фіскальнай палітыкі. Лібералы часткова абавязаныя сваім поспехам абяцанню ўдвая скараціць падаткі. З такім радыкальным падыходам не пагодзяцца іншыя кааліцыянты.

— «Маладыя Зялёныя» вельмі крытычна ставяцца да ідэі кааліцыі. Чаму?

— Не толькі маладыя, аднак частка «дарослай» партыі супраць сяброўства ў кабінеце Меркель. Правальнасць такой камбінацыі ілюструе досвед сацыял-дэмакратаў, якія за часы «вялікай кааліцыі» страцілі твар, перасталі ўспрымацца як альтэрнатыўная сіла. Паколькі балансу з Меркель дасягнуць не ўдасца, падобны лёс можа чакаць і «Зялёных». Не кажучы пра тое, што «Зялёныя» — гэта суіснаванне двух фракцый: левых «фундаменталістаў» і больш правых «рэалістаў». Калі рэалісты, якія цяпер кіруюць партыяй, пойдуць на вельмі шчыльную кааперацыю з тымі ж лібераламі, не выключаны ўнутрыпартыйны крызіс.

— Ці ёсць апаненты «Ямайкі» сярод кансерватараў і лібералаў?

— Калі верыць прэсе, шмат паплечнікаў Меркель не бачаць перспектываў у саюзе з «Зялёнымі» праз розныя погляды на сямейную і культурную палітыку. Такой думкі прытрымліваецца і фракцыя лібералаў, якая лабіруе інтарэсы аўтамабільнай індустрыі.

— Ці магчымае ў выпадку правалу перамоваў наконт «Ямайкі» правядзенне новых выбараў?

— Варыянт датэрміновых выбараў у Бундэстаг не выключаецца, хаця незразумела, як да такой ідэі паставіцца грамадскасць. Ніколі ў гісторыі ФРГ не было сітуацыі, калі партыі пасля выбараў не змаглі сфармаваць урад. У мінулым ФРГ не існавала і выпадкаў, калі ўрад не меў дэпутацкай большасці. З іншага боку, усё больш немцаў разумее, што часы старой двухпартыйнай сістэмы, калі пры ўладзе знаходзіліся эсдэкі або хрысціянскія дэмакраты, засталіся ў мінулым. Так ці інакш, у выніку ўсё будзе залежаць ад сацыялагічных апытанняў. Калі рэйтынгі кансерватараў пойдуць уверх, не выключана, што Меркель сапраўды можа пайсці на новыя выбары.



Каментаваць